Хронікі рэпрэсій. Чатыры гады за ахвяраванні ў фонды, футбаліст Дзмітрый Кавалёнак на волі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў за 29 чэрвеня.

_drot__neba___svaboda__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

У Мінскім гарадскім судзе 26 чэрвеня асудзілі Кірыла Клімава паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»). За ахвяраванні ў By_help і Bysol суддзя Любоў Сімахіна прызначыла яму чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. На пасяджэнні Кірылу прад’явілі шэсць данатаў па дзесяць даляраў кожны.

Кірыл не прызнаў віну. Ён не адмаўляў пераліку сродкаў, але патлумачыў, што ахвяраваў на дапамогу рэпрэсаваным.

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Наталля Карабліна 31 траўня пастанавіла арыштаваць на 15 сутак за правядзенне пікетавання ў сацсетцы «УКантакце» кур'ера Уладзіміра Казлова. Таксама тая ж суддзя 19 чэрвеня за распаўсюджанне «экстрэмізму» ў сацыяльных сетках пакарала яго такім жа чынам. Агулам Уладзімір арыштаваны на 30 сутак.

Паводле рапарту сілавікоў, Казлоў на сваёй старонцы размясціў фатаграфіі, якія змяшчалі фота мужчыны на фоне бел-чырвона-белага колеру і з гербам «Пагоня». З гэтага суддзя зрабіла выснову, што «правапарушальнік» публічна выказаў свае погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Пры вынясенні рашэння суддзя, у парушэнне адміністрацыйнага закона, не ўлічыла наяўнасць у Казлова змякчальных абставін — малалетняга сына.

У Мінскім абласным судзе 29 чэрвеня пачаўся суд па справе «Саюза Беларускага Нацыянальнага Шчыта» (СБНШ). Па ёй праходзяць чатыры чалавекі, хаця сілавікі першапачаткова заяўлялі пра затрыманне адразу пяцярых удзельнікаў, а потым яшчэ аднаго.

Але сёння на лаве падсудных — 17-гадовы Алег Дабрыднеў з Касцюковічаў, 19-гадовы Кірыл Балахонаў з Буда-Кашалёва, 19-гадовы Уладзіслаў Яфімовіч і 27-гадовы Аляксандр Рукойць са Смаргоні. Іх абвінавачваюць у стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання» — двух Telegram-каналаў і чатырох TikTok-акаўнтаў, а таксама ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці». Справу разглядае Алена Бачышча.


Глядзіце таксама

Палітыка Андрэя Дзмітрыева перавялі ў віцебскую калонію.

Дзмітрыеў — сузаснавальнік і сустаршыня аб'яднання «Говори правду». Цягам 2021 года ў аб'яднанні прайшлі вобшукі, пасля чаго рахункі арганізацыі заблакіравалі. 12 жніўня 2021 года Дзмітрыева ўжо затрымлівалі на кароткі тэрмін, але потым адпусцілі.

Палітыка асудзілі да 2 гадоў калоніі паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). 23 чэрвеня ў Мінгарсудзе разглядзелі апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя Анжэла Касцюкевіч пакінула прысуд у сіле, а скаргу — без задавальнення.

Палітзняволенага адваката Віталя Брагінца перавялі ў шклоўскую калонію. 16 студзеня Мінскі гарадскі суд прысудзіў палітзняволенаму адвакату 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Справу два тыдні ў закрытым рэжыме разглядала суддзя Алена Ананіч. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Брагінец абараняў некаторых палітвязняў, у тым ліку старшыню «Вясны» Алеся Бяляцкага, а таксама адваката Андрэя Мачалава, які на судзе застаўся без абароны праз арышт Віталя.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек. Гэта палітзняволеныя бухгалтарка Ганна Карняенка, супрацоўнік Міністэрства адукацыі Сяргей Навумчык, мінчанін Максім Селязнёў, журналіст «Камсамольскай праўды» Генадзь Мажэйка, а таксама Павел Салагуб.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1073 чалавекі, з іх 322 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1080 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдалены раней).

Спартыўны дырэктар ФК «Нёман», былы футбаліст Дзмітрый Кавалёнак — на волі. Ці заведзена супраць яго якая-небудзь справа, няясна. Нагадаем, пра затрыманне Дзмітрыя стала вядома ўчора, нібыта яго затрымалі за падпіскі ў сацсетках на «экстрэмісцкія матэрыялы» і ўдзел у маршах.

Палітзняволены Уладзімір Казека выйшаў на волю.

Уладальнік гаспадаркі з вёскі Людвінава Драгічынскага раёна 23 чэрвеня выйшаў на волю пасля 43 сутак арышту. Мужчына быў затрыманы за падпіску ў тэлефоне на «экстрэмісцкія каналы» і асуджаны тройчы на розныя тэрміны па ч.2 арт. 19.11 КаАП. Усе тры разы судзіў Казеку суддзя Раман Карабан. Пасля трэцяга суда Уладзімір абвясціў галадоўку і трымаў яе, пакуль не выйшаў на волю.

У выніку арыштаў падарвана здароўе і — самае трагічнае  — знішчана плантацыя малін, дурніц, туй, прапаў ураджай трускавак, 30 вулляў пакінулі пчолы. Зараслі і засохлі пасадкі ў дзвюх стометровых цяпліцах. Ва ўсё гэта былі ўкладзены вялікія грошы, з якіх 10 тысяч долараў былі ўзяты ў доўг.

Гэта была адзіная крыніца для існавання адзінокага вяскоўца, які ўсё жыццё займаўся зямлёй і пчоламі.

Палітзняволены фельчар Алег Краўцоў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю. Былога фельчара хуткай дапамогі абвінавацілі ў актыўных дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі прадак (ч.1 арт. 342 КК) і наўмысным прывядзенні ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў злучэння (ч.1 арт. 309 КК): нібыта ён абкручваў дротам рэйкі на чыгунцы, каб заблакіраваць рух цягнікоў. Палітвязня асудзілі да 3 гадоў калоніі.

Да гэтага Алега затрымлівалі 8 траўня 2020 года прама ў будынку суда, куды ён прыйшоў падтрымаць свайго калегу Паўла Палейчыка. Тады абодва медыкі былі асуджаны да адміністрацыйнага арышту на 7 сутак за сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім. Гэта былі адны з першых затрыманняў на пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Тады салідарныя беларусы за некалькі дзён сабралі для фельчараў з Ліды 20 тысяч рублёў.