Хронікі рэпрэсій. Па «справе BYPOL» агулам прысудзілі 84 гады зняволення і 350 тыс. еўра штрафу
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 15 лютага.
Вынесены завочны прысуд па «справе BYPOL». Суддзя Дзіна Кучук прызначыла фігурантам справы паводле 13 крымінальных артыкулаў ад 11 да 25 гадоў зняволення і штраф на агульную суму больш чым 350 000 еўра.
Аляксандру Азараву прызначылі 25 гадоў, Мацвею Купрэйчыку, Уладзіміру Жыхару і Ігару Лобану, Алегу Талерчыку — 12 гадоў, Андрэю Астаповічу — 11 гадоў.
Справа разглядалася завочна, усе яе фігуранты — сілавікі, якія ў 2020 годзе перайшлі на бок народа, — знаходзяцца за мяжой.
Намесніка камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай рабоце 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі падпалкоўніка Антона Чарамных пачалі судзіць у Мінскім гарадскім судзе.
Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага» (ч. 2 арт. 356 КК) і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК). Паводле гэтых артыкулаў яму пагражае ад 10 да 20 гадоў зняволення. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Сяргей Кацар.
Тое, што з пачатку лютага 2023 года ў СІЗА-1 утрымліваецца Антон Чарамных, распавёў праваабаронцам былы вязень. Ён і паведаміў пра абвінавачанне афіцэру ў «здрадзе дзяржаве». Абставіны справы невядомыя.
У Гомельскім абласным судзе 15 лютага ў закрытым пасяджэнні пачаўся суд над грамадзянкай Украіны Наталляй Захаранка і беларускай Ларысай Крупа. Захаранку абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Украіны паводле арт. 358 КК, а яе знаёмую ў неданясенні аб злачынстве (ч. 2 арт. 406 КК). Справу прызначаны разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў.
Гэтая гісторыя атрымала агалоску яшчэ начатку ліпеня мінулага года, калі жыхарка Чарнігава Наталля Захаранка знікла па дарозе ў беларускі Мазыр, дзе жыве яе сястра. Да пачатку расійскай агрэсіі прадпрымальніца Наталля часта ездзіла ў Гомель гандляваць на мясцовым рынку.
Як паведамлялі ўкраінскія медыі, Наталля з'яўлялася валанцёркай, пасля пачатку вайны перавозіла ў ЕС і Беларусь украінскіх уцекачоў, перадавала дакументы і лекі. Вядома таксама, што Захаранка ездзіла ў Беларусь на ўласным аўтамабілі.
У Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс над 28-гадовым жыхаром Петрыкава Іванам Сухамеравым. Яго абвінавачваюць адразу паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — «здрада дзяржаве» і «ўдзел у ваенных дзеяннях».
Падрабязнасці абвінавачання невядомыя. Суд таксама будзе адбывацца ў закрытым рэжыме. Верагодна, пад вартай ён утрымліваецца з сярэдзіны чэрвеня 2023 года — тады мужчыну судзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Тэлеграм-каналы сілавікоў пісалі, што ён нібыта быў затрыманы пры нелегальным пераходзе мяжы ў Беларусь.
Палітвязень Сцяпан Латыпаў у турме захварэў на цынгу.
Цынга – захворванне, звязанае з нястачай вітаміну С. Пры адсутнасці вітаміну яна можа развіцца за чатыры тыдні, пры недахопе – за чатыры месяцы. На фоне зьніжэння імунітэту характарызуецца ломкасцю сасудаў, кроватачывасцю дзясен, выпадзеньнем зубоў, болем у канцавінах.
Нагадаем, у 2021 годзе Латыпава асудзілі на 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
У Віцебскім абласным судзе пачаўся суд над 37-гадовым грамадзянінам Украіны Андрэем Шмаем. Яго абвінавачваюць паводле двух цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 358 («Шпіянаж») і арт. 358-1 («Агентурная дзейнасць»). Украінцу пагражае да 15 гадоў зняволення. Справу разглядае Яўген Бурунаў. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме.
Мужчына нарадзіўся ў Чарнігаве і мае ўкраінскае грамадзянства. У Беларусь ён пераехаў пасля жаніцьбы. Сям'я ўжо 10 гадоў жыла ў Віцебску. Працаваў Андрэй рабочым па абслугоўванні будынкаў Віцебскага аблвыканкама.
У фільме АНТ пра тэракт у Мачулішчах гаворыцца, нібыта Андрэй рэгулярна адпраўляў інфармацыю пра сітуацыю ў аблвыканкаме праз месенджар Signal ва Украіну свайму малодшаму брату Руслану, які служыць у Чарнігаўскім аператыўным упраўленні «Поўнач» і з'яўляецца намеснікам камандзіра ў аператыўных справах.
Стала вядома пра затрыманне Віталя Слукі, начальніка змены вафельнага цэха СП ААТ «Спартак».
13 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля на Віталя было накладзена адміністрацыйнае спагнанне паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмістскіх матэрыялаў»). Пастанову выносіла суддзя Таццяна Волкава. Вынік пасяджэння высвятляецца.
Сілавікі
затрымалі гродзенскага таксіста. Сцвярджаецца, што ён нібыта прайшоў
рэгістрацыю ў чат-боце «плана Перамога», удзельнічаў у пратэстах і пакідаў
абразлівыя каментары. Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што затрыманы — былы
футбольны фанат.
Узброеныя
сілавікі ўварваліся ў кватэру да Таццяны Арахоўскай, якая вярнулася з
Літвы. У відэа жанчыну прымусілі расказаць, што яна ў адным з паблікаў ва
«УКантакце» пакінула каментар з абразай «прадстаўнікоў улады». Распачата
крымінальная справа. Цікава, што пост пра затрыманне жанчыны пазней быў
выдалены з прапагандысцкіх каналаў.
74-гадоваму мікашэвіцкаму пенсіянеру прызначылі 15 сутак арышту за «класы» ў «Аднакласніках».
Анатоля Прышчыка затрымалі надвячоркам 12 лютага. Як паведамлялі сваякі, затрыманне было жорсткім: «З чорнага бусу выпрыгнулі 15 амбалаў са зброяй, кінулі 74-х гадовага дзядульку тварам аб зямлю».
Сёння лунінецкая суддзя Вікторыя Жук прызначыла Анатолю 15 сутак арышту. Падставай сталі колішнія лайкі ў «Аднакласніках» пад інфармацыяй пра Святлану Ціханоўскую.
Сам Прышчык на суддзе казаў, што не помніў пра тыя лайкі. І звяртаў увагу на свой стан здароўя (у 2022 годзе яму аперавалі рак лёгкага, мае праблемы з сэрцам). Тым не менш яго пакаралі паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Анатоль Прышчык быў сябрам партыі БСДП (Грамада), неаднаразова з'яўляўся назіральнікам на выбарах.
У Слоніме праведзены ператрус у кватэры грамадскага актывіста Алеся Масюка. Канфіскаваны паперы, мужчына затрыманы.
У Беларусі сем новых палітвязняў. Гэта Ірына
Такарчук (маці былой палітзняволенай Вольгі Такарчук), Яўген Глушкоў,
Таццяна Сцепа, Наталля Ладуцька, Дзіяна Стульба, Аляксей
Швяцоў, Аляксандр Варонін. Агулам, паводле падлікаў праваабаронцаў,
у Беларусі цяпер 1420 палітвязняў. Насамрэч, вядома, іх нашмат больш.