Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 21 снежня

Агляд галоўных навін краіны за сённяшні дзень.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Беларускія сілавікі, здаецца, паставілі рэкорд: 58 крымінальных спраў на аднаго чалавека. За перадачу звестак ТГ-каналу «ЧКБ» затрымалі аднакласніка аднаго з сілавікоў. Імя і прозвішча мужчыны не паведамляюцца, аднак вядома, што ён нібыта «пакінуў 43 тысячы каментароў», у якіх «пагражаў расправай» супрацоўнікам праваахоўных органаў.
У Генеральную пракуратуру для накіравання ў суд перадалі крымінальную справу ў дачыненні да Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка. Паводле даных Следчага камітэта, папярэдняе следства па справе завершана. Сцяпану інкрымінавалі 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі, Яну — 10 артыкулаў.
Суд Заводскага раёна Мінска 21 снежня асудзіў да двух гадоў калоніі 25-гадовага палітвязня Арцёма Забелянкова, якога прызналі вінаватым у нападзе на прапагандыста Рыгора Азаронка і аператара «СТБ», а таксама ва ўдзеле ў пратэстах. На судзе адзін з пацярпелых — Андрэй Іваненка — прасіў не пазбаўляць маладога чалавека волі. Азаронак на працэс не з'явіўся, аднак падаў у суд заяву, дзе напісаў, што не мае прэтэнзій да абвінавачанага.
Тэлеканал «АНТ» зняў рэпартаж пра затрыманых беларусаў, якія хацелі далучыцца да ўкраінскіх валанцёраў пасля ўварвання расійскіх войскаў 24 лютага. Адзін з іх — Сяргей Вайцюк, 37-гадовы ўраджэнец Брэста. Ён стаў першым, каго асудзілі за жаданне ваяваць на баку Украіны. Сяргею прысудзілі 2,5 гады пазбаўлення волі і адправілі адбываць тэрмін у калонію «Воўчыя норы» ў Івацэвічах. Ён, як і іншыя палітвязні, адзначаны жоўтай біркай «экстрэміста». Тэрмін зняволення Сяргея заканчваецца 11 красавіка 2025 года.
Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект аб пазбаўленні грамадзянства. Згодна з гэтым законапраектам, грамадзянін Беларусі можа страціць грамадзянства пры ўступленні ў сілу прысуду, які пацвярджае ўдзел асобы ў «экстрэмісцкай дзейнасці» або прычыненне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі, калі такая асоба знаходзіцца па-за межамі краіны. Сярод іншых новаўвядзенняў — абавязак грамадзян Беларусі інфармаваць кампетэнтныя органы Рэспублікі пра наяўнасць у іх грамадзянства іншай дзяржавы або ВНЖ.
Прэс-служба Генпракуратуры паведамляе, што прадукцыя цікток-акаўнтаў «Belarusian Battalion», «Беларусь на целе», «Апошнія навіны з Польшчы», «Pavel Latushka/ Павел Латушка», «NEXTA» прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэнне прынята па заяве пракуратуры Крупскага раёна.
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», у краіне на сённяшні дзень налічваецца 1435 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1721 чалавека, у тым ліку 204 жанчын і 6 непаўнагадовых. 14 чалавек былі адпраўлены на прымусовае лячэнне.