Хронікі рэпрэсій 20 снежня: Хапун на мяжы, за пажар у Гайдукевіча хочуць судзіць Пракоп'ева

З дапамогай незалежных СМІ і праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 20 снежня

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo_1.jpg

Вадзіма Пракоп'ева хочуць судзіць завочна за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча

Сам Гайдукевіч назваў экс-рэстаратара адным з замоўнікаў замаху: “15 чалавек прыцягнута да адказнасці ў Мінску! Трое ідуць паводле асаблівага судаводства, бо хаваюцца пакуль за мяжой!”

Нагалаем, у чэрвені 2021 года Гайдукевіч заявіў, быццам яго дом хацелі падпаліць — кінулі тры бутэлькі з запальнай сумессю. Пацярпеў тады нібыта толькі кот Гайдукевіча.

АМАП палюе на мяжы — паведамляюць пра дзясятак затрыманых гэтай ноччу пры вяртанні з Польшчы

Апошнімі днямі адбываюцца масавыя затрыманні беларусаў на мяжы з Польшчай. Кагосьці забіраюць за ўдзел у акцыях, іншых — за сустрэчы ў Польшчы «з кім не трэба», а кагосьці — за каментары ў сацсетках і месенджарах.

Па словах пасажыраў, якія ехалі ўначы 19 снежня, небяспека падсцерагае пасля паверкі пашпартоў. Калі едзе такі пасажыр, то аўтобус затрымліваюць, тэлефануюць «куды трэба» — і чакаюць АМАП. Уначы 19-га з аўтобуса знялі чалавек з дзесяць, тое самае адбывалася і ў маршрутках.


Супраць блогера Андрэя Павука распачалі яшчэ адну крымінальную справу

Гэтым разам — за званкі тэлефанаванні пракурорам і “дыстанцыйнае” вынясенне ім жартаўлівых прысудаў

Паведамляецца, што 18 снежня Андрэй Павукразмясціў у «адным з дэструктыўных Telegram-каналаў публікацыю са спасылкай на відэаролік, у якім, называючы сябе суддзёй, тэлефанаваў пракурорскім работнікам і іх блізкім сваякам».

Супраць блогера распачата крымінальная справа за аказанне іншага садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 КК).

Папаўненне ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Сёння адбылося чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:

Старонка ва «Укантакце» «Усатое Королевство»;

Youtube-канал «Осторожно VIRUS»;

Старонка ў «Аднакласніках», «Укантакце» і «Instagram» «Радио Нелли-Инфо Мозырь».

14 снежня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» таксама прызнаная Instagram-старонка беларускай дыяспары ў Аўстрыі. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Ленінскага раёну Брэста.

Нагадаем, 30 лістапада «экстрэмісцкімі матэрыяламі» быў прызнаны Telegram-чат «Беларусы Вроцлава». Ён стаў першым чатам беларускай дыяспары, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім».

Уласніка "Кальяннай №1" пачнуць судзіць на гэтым тыдні

Палітвязня Івана Мураўёва пачнуць судзіць 22 снежня ў Мінгарсудзе. Справу будзе разглядаць суддзя Алена Шылько.

Івана Мураўёва затрымалі 1 верасня гэтага года. Супрацоўнікі Следчага камітэта прыйшлі наўпрост у "Кальянную №1", кіраўніком якой Мураўёў з’яўляецца. Да гэтага Івана ўжо затрымлівалі — 11 жніўня 2020 года выцягнулі з машыны, калі ён разам з сябрам ехаў здымаць матэрыялы для тэлеканала «Звезда».

Цяпер яму інкрымінуюць ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — удзел у экстрэмісцкім фармаванні. Івану пагражае да 6 гадоў калоніі.


Жыхара Пінска за абразу прадстаўніка ўлады асудзілі да «хатняй хіміі» ў другі раз

У судзе Пінскага раёна і Пінска за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) быў асуджаны мясцовы 35-гадовы жыхар Дзяніс Стасевіч. Гэта другі прысуд, які вынеслі па гэтым артыкуле Дзянісу. Справу разглядала суддзя Яўгенія Мельнік.

Першы прысуд Стасевічу быў вынесены за абразу супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча. За каментар у «Аднакласніках», які ён пакінуў ў дачыненні да супрацоўніка ДАІ, які наступіў затрыманаму чалавеку каленам на галаву, суд прысудзіў яму два гады «хатняй хіміі» і 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Па матэрыялах новага абвінавачання, Дзяніс абразіў камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Вадзіма Дзенісенку — пакінуў каментар, «які змяшчае негатыўную і зневажальную па форме ацэнку асобы». З улікам неадбытага пакарання суд пастанавіў прызначыць Дзянісу тры гады «хатняй хіміі».

Прысуд журналісту НЧ Дзянісу Івашыну пакінулі без зменаў

Вярхоўны Суд 20 снежня разглядзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына. Цуды не здарылася: прысуд пакінулі без зменаў, а скаргу без задавальнення. Хутка журналіста-расследавальніка перавядуць у калонію.


Падтрымаць Дзяніса можна лістамі і паштоўкамі: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну

Экскурсаводку Аксану Манкевіч асудзілі па «народным» артыкуле да 3 гадоў «хатняй хіміі»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска агучылі прысуд 24-гадовай экскурсаводцы Аксане Манкевіч. Яе асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначылі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Прысуд вынесла Вікторыя Шабуня. Пасля трох месяцаў у СІЗА Аксану вызвалілі ў зале суда.

У Мінску судзяць кіраўнікоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў

У Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў – Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча) і бухгалтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх вінавацяць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК), а Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт. 361 КК). Судовы працэс вядзе суддзя Валянціна Зянкевіч.

Усе абвінавачаныя ў судовым працэсе прызналі сваю віну.


За перасылку персанальных даных у Telegram былога сілавіка асудзілі на два з паловай гады калоніі.

Уладзіслаў — былы супрацоўнік УУС Віцебскага аблвыканкама.

У Кастрычніцкім судзе Віцебска напачатку снежня асудзілі Уладзіслава Аўчыннікава паводле ч. 1 арт. 352 КК (Неправамоцнае авалоданне камп’ютарнай інфармацыяй), ч. 2 арт. 424 КК (Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі). Суддзя Сняжана Кіндзеева прызначыла Уладзіславу 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма і штраф 300 базавых велічыняў.

Уладзіслава Аўчыннікава абвінавацілі ў тым, што са снежня 2021 па травень 2022 ён збіраў у базах даных МУС інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных грамадзян, якую потым «распаўсюджваў у месенджары Telegram».


Расійскі суд пастанавіў экстрадаваць у Беларусь жыхара Воршы Андрэя Рускіх

Беларуса Андрэя Рускіх абвясцілі ў вышук за каментары ў студзені гэтага года пра вайскоўцаў і пра Лукашэнку, якія кваліфікавалі як «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК) і «абраза Лукашэнкі» (арт. 368 КК).

Усе хадайніцтвы абароны аб прыпыненні вытворчасці ў сувязі з наяўнасцю часовых мер КПЧ ААН, а таксама аб звароце ў Канстытуцыйны Суд з мэтай праверкі артыкулаў 253 і 463 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, суд адхіліў.

Паведамляецца, што суд згадаў, што яшчэ разглядаецца заява Андрэя аб прадастаўленні часовага прытулку, і яго не могуць экстрадаваць да завяршэння працэдуры. Як піша (https://t.me/RomashkaTea/1470) праваабаронца Раман Кісялёў, досвед паказвае, што на гэта нярэдка выканаўчыя ўлады «забіваюць».

Цяпер праваабаронцы рыхтуюць касацыю і будуць звяртацца ў Канстытуцыйны Суд.


Пасля сутак на волю выйшаў валанцёр Ілля Міронаў

Ілля быў асуджаны на 12 сутак арышту. За што — невядома.

А незадоўга да гэтага ён адбыў 5 сутак арышту паводле арт. 19 КаАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).