За «суды» над пракурорамі. На Андрэя Павука завялі чарговую крыміналку

На блогера і музыку Андрэя Павука завялі чарговую крымінальную справу. Ён тэлефанаваў прадстаўнікам пракуратуры і «завочна» іх судзіў.  

Фота са старонкі Андрэя Павука ў Facebook

Фота са старонкі Андрэя Павука ў Facebook

Дзеянні блогера кваліфікавалі як «аказанне іншага садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці». Пра гэта паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на прэс-службу Генпракуратуры.

У паведамленні пазначана, што крымінальная справа распачата ўпраўленнем уласнай бяспекі Генпракуратуры. 18 снежня Андрэй Павук размясціў у адным з тэлеграм-каналаў запіс, на якім ён «называючыся суддзёй, тэлефанаваў пракурорскім работнікам і іх блізкім сваякам».

«У размовах з імі Андрэй Павук паведамляў загадзя ілжывыя звесткі аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваў паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы», — заявілі ў Генпракуратуры.

Дзеянні Павука кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 361-4 («Аказанне іншага садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці») Крымінальнага кодэкса Беларусі. Санкцыя — да шасці гадоў пазбаўлення волі. Для арганізацыі папярэдняга следства крымінальная справа накіравана ў Следчы камітэт.


Нагадаем, 18 снежня ў сеціве з'явіўся ролік, на якім Андрэй Павук зладзіў «завочныя суды» над супрацоўнікамі пракуратуры. Напрыклад, ён патэлефанаваў першаму намесніку пракурора Гродзенскай вобласці Эдуарду Бураку. «Як будзеце апраўдвацца перад судом?» — строга пытаецца Павук. «Ну, у залежнасці ад абставін», — адказвае супрацоўнік пракуратуры. У выніку ён згаджаецца на тэрмін у пяць гадоў пазбаўлення волі. Іншы суразмоўца Павука атрымаў большы тэрмін — у тым ліку «за непавагу да суда».

Нагадаем, Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук арганізавалі сатырычны музычны дуэт «Красная Зелень» у 2020 годзе. Яны пакінулі Беларусь на фоне масавых пратэстаў, звязаных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. На Андрэя Павука ўжо заведзена некалькі крымінальных спраў: за незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці (ч. 3 арт. 203-1 КК), абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і здзек з дзяржсцяга (арт. 370 КК). Ён абвешчаны ў вышук, у яго адбыўся ператрус, падчас якога сілавікі разграмілі яго кватэру.