Хронікі рэпрэсій за 26 чэрвеня: Эдуарда Бабарыку пачнуць судзіць па новай крымінальнай справе
Ужо амаль 4 гады ў Беларусі масава катуюць беларусаў і беларусак, затрыманых па палітычных матывах.
Міжнародны дзень у падтрымку пацярпелых ад катаванняў адзначаецца сёння, 26 чэрвеня. У гэты дзень у 1987 годзе набыла моц Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.
Новыя экстрэмісты
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» відэа блогера Максіма Каца пра беларускія пратэсты
Гаворка пра відэа «Год назад Беларусь проголосовала против Лукашенко. Что это изменило», апублікаванае ў 2021 годзе. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Магілёва 24 чэрвеня.
Акрамя таго, 25 чэрвеня суд Ленінскага раёну Гродна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» адразу 28 старонак у сацыяльных сетках праекту «Мова Нанова».
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Telegram-канал «Arischer Weg | Арийский Путь»;
- Старонкі ў «Аднакласніках» «Остановите Лукашенко», «Правовая инициатива»;
- Відэаролік «Белорусские протесты на пальцах»;
- TikTok-старонка «ne_mauchy».
Новае «экстрэмісцкае фармаванне» — суполка «Жыве Беларусь» ва «УКантакце»
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 26 чэрвеня.
Паводле ведамства, дачыненне да суполкі маюць Цярпілоўскі Юрый, Кондрусь Уладзімір, Рэдзікульцава Катажына і грамадзянін РФ Лаеўскі Міхаіл.
Эдуарда Бабарыку 9 ліпеня пачнуць судзіць па новай крымінальнай справе
Эдуарда Бабарыку ў ліпені 2023 года асудзілі да 8 гадоў зняволенні. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ па першапачатковаму абвінавачванні — паўтара года. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Тэрмін палітвязень адбывае ў бабруйскай калоніі № 2. Там на яго ўвесь час ціснула адміністрацыя калоніі, а з 1 красавіка яго змясцілі ў ПКТ.
Цяпер стала вядома, што 9 ліпеня ў Бабруйску над Эдуардам адбудзецца суд паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін. Палітвязню могуць дадаць яшчэ 2 гады зняволення.
На аўкцыён выставілі зямельны ўчастак Віктара Бабарыкі на беразе вадасховішча Вяча
Гаворка пра ўчастак плошчай 0,75 га ў вёсцы Мачаны Лагойскага раёна. Пачатковая цана — 152 695 рублёў. Пры наяўнасці ўдзельнікаў таргоў, аўкцыён адбудзецца 31 ліпеня, піша «Люстэрка».
Экс-кіраўнік Белгазпрамбанка і былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў.
Віктара Бабарыку прызналі вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў і асудзілі да 14 гадоў калоніі. У ноч з 24 на 25 красавіка 2023 года Бабарыку ў стане сярэдняй цяжкасці даставілі ў аддзяленне хірургіі наваполацкага шпіталю: у яго была вадкасць у лёгкіх.
Эдуарда ў ліпені 2023 года асудзілі да 8 гадоў зняволенні. Вядома, што бацьку і сына перыядычна змяшчаюць у штрафныя ізалятары, а Эдуард цяпер знаходзіцца ў ПКТ.
На Віцебшчыне ліквідаванае РГА «Федэрацыя хакея з мячом»
Суддзя Віцебскага абласнога суда Віктар Быстроў 19 чэрвеня пастанавіў ліквідаваць Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Федэрацыя хакея з мячом».
Як піша «Віцебская вясна», суд адбыўся па ініцыятыве кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі.
РГА «Федэрацыя хакея з мячом» была зарэгістравана ў чэрвені 2002 года ў гарадскім пасёлку Баравуха Віцебскай вобласці. На працягу больш за дваццаць гадоў сябры гэтага некамерцыйнага аб’яднання грамадзян рабілі намаганні па развіццю хакея ў Беларусі.
За данаты будуць судзіць аднаго з найлепшых трэйлранераў Беларусі
Больш за дванаццаць гадоў Ілля Гумбар працуе ў IT-кампаніі iTechArt. Ён мае два вядомыя захапленні — спартыўны турызм і трэйлранінг. Трэйлранінг — гэта бег на вялікія дыстанцыі па перасечанай мясцовасці, часта гэта непралазныя лясы або высокія горы (у межах трасы перапады вышыні могуць сягаць тысяч метраў).
Ілля займае другое месца ў Беларусі сярод мужчын па гэтай дысцыпліне па рэйтынгу UTMB, хоць і знаходзіцца за кратамі, піша «Наша Ніва».
Суд над Гумбарам пачнецца 1 ліпеня ў Мінгарсудзе. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў — «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК у рэдакцыі да 26.05.2021) і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК). Справу прызначана весці суддзя Святлана Макарэвіч.
За ўдзел у акцыях пратэсту і данаты да 5,5 гадоў калоніі асудзілі настаўніцу
У Мінскім гарадскім судзе да пяці з паловай гадоў калоніі асудзілі 24-гадовую настаўніцу гімназіі Дар'ю Хмяльніцкую.
Прысуд быў вынесены яшчэ 29 красавіка, але пра вынік суда стала вядома толькі цяпер.
Палітзняволеную абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 361-3 КК (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі іншай дзяржавы ў вайне). Справу разглядала суддзя Алена Ананіч.
Вядома, што пасля заканчэння філфак БДУ Дар'я пайшла працаваць у беларускаймоўную гімназію № 23 у Мінску, дзе сама навучалася. Таксама яна паступіла ў магістратуру філфака БДУ.
Пад вартай дзяўчына ўтрымліваецца з 16 кастрычніка мінулага году. Нядаўна, 16 чэрвеня, Дар'я ў зняволенні адзначыла сваё 24-годдзе.
За каментар пра Лукашэнку магіляўчанку асудзілі да 1,5 гадоў калоніі
У судзе Ленінскага раёна Магілёва да аднаго года і шасці месяцаў калоніі за негатыўны каментар пад фатаграфіяй Лукашэнкі ў чаце асудзілі Алену Дуброўскую.
Суддзя Алена Літвіна 17 красавіка прызнала яе вінаватай паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Паводле версіі абвінавачвання, Алена Дуброўская, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон, пад постам з фатаграфіяй Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваных у чаце, уключаным у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, размясціла каментар з негатыўнай ацэнкай асобы Лукашэнкі, які змяшчае ненарматыўную форму маўленчага выказвання. У судовым пасяджэнні жанчына прызнала віну цалкам.
У выніку суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў яе да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У Алены таксама канфіскавалі тэлефон як «сродак здзяйснення злачынства».
Алена Дуброўская падавала апеляцыйную скаргу. Судовая калегія Магілёўскага абласнога суда разгледзела яе 20 чэрвеня, але пакінула скаргу без задавальнення, а прысуд – без змены.
Былая палітзняволеная Алеся Буневіч эвакуяваная з Беларусі
Алесю затрымалі ў красавіку 2022-га году, калі яна вярнулся з Літвы ў Беларусь. Буневіч абвінавацілі ў тым, што яна мусіла дапамагчы «рэйкавым партызанам» выехаць з Беларусі.
17 лістапада 2022 года ёй прысудзілі 3,5 года калоніі. Вядома, што сваёй віны яна не прызнала. На апеляцыі, якая прайшла 31 студзеня 2023-га, прысуд зменшылі на год.
У гэтым траўні Алеся цалкам адбыла свой тэрмін і выйшла на волю.