Паліну Шарэнда-Панасюк накіравалі на чарговую псіхіятрычную экспертызу

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк на патрабаванне следчага павінна прайсці псіхолага-псіхіятрычную экспертызу,

palina_szarenda_panasjuk_2.jpg

Пра гэта паведамілі праваабаронцы са спасылкай на мужа палітзняволенай Андрэя Шарэнду, піша «Позірк». Паводле яго слоў, Паліна Шарэнда-Панасюк лічыць сябе закладніцай: «бо ў любога зняволенага, нават палітычнага, ёсць тэрмін знаходжання за кратамі. У Паліны няма нават гэтага – яе тэрмін стаў бясконцым. Зараз яна стала закладніцай».

Цяпер яна знаходзіцца ў гомельскім СІЗА, дзе па законе ўтрыманне «павінна быць больш свабодным, чым у калоніі».

Пару дзён таму Андрэй Шарэнда на сваёй старонцы ў фэйсбуку апісаў побыт Паліны «ў задушлівай камеры гомельскага СІЗА»: «Немажлівая спёка, вільгаць і смярдзючы пах з «прыбіральні». Пах, які не перабівае нават едкі дым танных цыгарэтаў. Цяжка дыхаць, пот льецца струменямі. А душ толькі адзін раз у два тыдні. Лета ў камеры СІЗА – гэта катаванне. Асабліва для жанчыны. А Паліна ў СІЗА ўжо чацвёрты раз. Чацвёртая крымінальная справа і бясконцы «год сурка»...

Апошнія месяцы для Паліны былі асабліва цяжкімі. Толькі за першыя пяць месяцаў гэта году ў калоніі яе 70 дзён трымалі ў штрафным ізалятары. Фізічны і маральны ціск. Паўгода поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. Мы нават і блізка не ведаем, чым Паліне пагражалі, што з ёй рабілі, каб зняць тое прапагандысцкае відэа. І ілжывая абяцанні, што яна зможа пабачыць сваіх дзяцей, якіх не бачыла тры з паловай гады. І ўрэшце, як удар пад дых, новая крымінальная справа і новы этап. Мы не ведаем, што з Палінай здарылася ў траўні ў калоніі перад этапам, але ў СІЗА яна прыехала амаль без рэчаў. Магчыма, ёй сказалі, што вязуць вызваляць.

Але Паліна вытрымала. У стомленым ад катаванняў целы, трымаецца дух свабоды і любові. І гэта дапамагае ёй выжыць. Паліна працягвае барацьбу за гонар і годнасць, барацьбу за жыццё і свабоду».

palina_1.jpg

Цяпер Андрэй Шарэнда дадаў, што «катаванні працягваюцца», а сувязі з Палінай у сям’і няма. «Ні ў траўні, ні ў чэрвені перадачу ад родных не ўзялі праз правакацыі супрацоўнікаў СІЗА. Так, у траўні і чэрвені нібыта хтосьці прынёс па 30 кілаграмаў морквы сумнеўнай якасці. Такім чынам быў вычарпаны ліміт на перадачы. Пасылкі можна адпраўляць, але ў спякоту мала што карыснага з ежы можна пакласці», — сказаў Шарэнда.

Ён адзначыў, што «паводле ўскосных даных», выгляд у жонкі «як у нездаровага чалавека»: «Яна вельмі просіць сям’ю, сяброў, праваабарончыя арганізацыі дапамагчы ў яе вызваленні. Сама кажа, што прыкладала ўсе намаганні для свайго вызвалення: выконвала ўсе патрабаванні да палітвязняў, не парушала правілаў калоніі».

Андрэй Шарэнда наконт псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы падкрэсліў, што «для Паліны яна будзе ўжо чацвёртай».

Паводле яго слоў, ранейшыя экспертызы паказалі, што «яна абсалютна здаровы чалавек у псіхіятрычным плане, пра што ёсць даведка з Рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя «Навінкі».

Глядзіце таксама

Нагадаем, 21 траўня стала вядома, што на Шарэнда-Панасюк завялі трэцюю крымінальную справу. Яе зноў абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, які выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Раней праваабаронцы паведамлялі, што запланаваны тэрмін вызвалення Шарэнда-Панасюк — 21 траўня.

Паводле звестак праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, 2 траўня суд Рэчыцкага раёна (Гомельская вобласць) устанавіў за палітзняволенай прэвентыўны нагляд. Гэтая мера прадугледжвае назіранне органаў унутраных спраў за тым, як вызваленая з месцаў пазбаўлення волі асоба выконвае часовыя абмежаванні і выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі.

22 сакавіка стала вядома, што Паліна звярнулася з прашэннем аб памілаванні да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв’ю дзяржтэлеканалу «Беларусь 1».


Глядзіце таксама

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў Паліну Шарэнда-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) КК.

У красавіку 2022 года палітзняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго года пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго года паводле таго ж артыкула.

21 сакавіка Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы падобны выпадак па справах супраць Беларусі.

Раней муж, які знаходзіцца з дзецьмі ў эміграцыі, паведамляў, што Паліна Шарэнда-Панасюк «мінімум 32 разы змяшчалася ў нечалавечыя ўмовы» штрафнога ізалятара і карцара, а яшчэ «каля 150 дзён» правяла ў памяшканні камернага тыпу.