Хронікі рэпрэсій. Затрымалі вядомага дзіцячага трансплантолага, працягваюць хапаць за «абразу Лукашэнкі»
Сабралі інфармацыю ад праваабаронцаў і медыя пра палітычны пераслед беларусаў 6 кастрычніка.
У Мінску затрымалі дасведчанага дзіцячага трансплантолага Аляксея Аляксейчыка.
Як распавялі калегі лекара, увесну 2022 года спецслужбы атрымалі доступ да ўнутранага чату медпрацаўнікоў РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі. У ім адкрыта вялося абмеркаванне палітычнай сітуацыі ў Беларусі, працы незалежнага прафсаюза «Панацэя» і г. д. Магчыма, затрыманне Аляксейчыка звязана з гэтым чатам, адзначае «Н*ша Ніва».
Затрыманы доктар Аляксейчык лічыцца адным з самых дасведчаных і прафесійных трансплантолагаў цэнтра. Ён мае стаж больш за 20 гадоў, праводзіў аперацыі па перасадцы касцявога мозгу.
У судзе Ленінскага раёна Гродна
вынесены прысуд Аляксандру Ваўчку. Яго прызналі вінаватым паводле двух
артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 367 (паклёп на
Лукашэнку) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Суддзя Наталля Горбач прысудзіла
Аляксандру 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма.
Згодна з пазіцыяй абвінавачання,
35-гадовы мужчына размяшчаў у «Аднакласніках» публікацыі з абразамі Лукашэнкі,
якія ўтрымлівалі «недакладныя сведчанні, спалучаныя з абвінавачаннем яго ў
здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў». Абвінавачанне было
ўпэўненае, што гэтым Ваўчок зняважыў ягоныя гонар і годнасць.
Таксама мужчына размясціў у «Вконтакте»
тэкставы каментар і відэаролік, дзе выказваўся ў бок Лукашэнкі «з парушэннем
этычных нормаў».
Яшчэ 23 жніўня суд Савецкага раёна Мінска вынес прысуд палітвязню Міраславу
Сабчуку — сябру незалежнага прафсаюза,
які працаваў на Мінскім трактарным заводзе. Яго прызналі вінаватым паводле арт.
342 КК і асудзілі на 1,5 года абмежавання волі без
накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Палітвязня вызвалілі ў залі суда.
Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў адным з Маршаў, падчас
якога ён «дзейнічаў узгоднена з групай асобаў». Ягоныя дзеянні нібыта пацягнулі
за сабой парушэнне работы транспарта. Падчас акцыі пратэста палітвязень
выкрыкваў лозунгі, дэманстраваў пратэсныя сімвалы і плакат.
Міраслаў прызнаў віну і распавёў, што прыняў удзел у Маршы з
удзелам супрацоўнікаў МТЗ. Доказам па справе праходзілі відэа і фотаздымкі
палітвязня, якія былі зробленыя падчас мерапрыемства.
Праўладныя тэлеграм-каналы
паведамляюць пра затрыманне 26-гадовага жыхара Гомеля Андрэя Карпенкі. Паводле іх, хлопец у
2020 годзе ў сацсетках апублікаваў запіс, у якім сілавікі ўбачылі паклёп на
Лукашэнку. Затрымалі Андрэя пасля вяртання ў Беларусь.
«Пакаяльнае відэа» хлопца доўжыцца 4 хвіліны, большую частку з якіх хлопец яўна пад прымусам расказвае пра тое, як дрэнна ў Еўропе і Канадзе, што там да беларусаў ставяцца як да людзей «другога гатунку», а маёмасць каштуе вялікіх грошаў. І таму, нягледзячы на тое, што там танныя прадукты, ён вырашыў, што будзе жыць у Беларусі ці Расіі.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 26-гадовага Паўла Далгакова. На «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.
Паведамляецца, што да выбараў Павел працаваў на чыгунцы, але
пасля звольніўся і з'ехаў у Польшчу. Затрымалі яго пасля вяртання ў Беларусь.
У Ваўкавыску быў затрыманы Аркадзь Навумчык.
Па інфармацыі з праўладных каналаў, яго затрымалі нібыта
за рэгістрацыю ў «Плане Перамога».
Паведамляецца, што раней мужчына чатыры разы прыцягваўся да
адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пратэстах.
Напярэдадні
гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у магілёўскіх вайскоўцаўсілавікі правяралі
тэлефоны.
У верасні 2022 года ў судзе Магілёўскага раёна прайшло
адразу два працэсы над вайскоўцамі, якіх абвінавацілі ў распаўсюджванні «экстрэмісцкіх
матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).
Вядома, што
ў вайсковую частку 63615 (в. Галынец Магілёўскага раёна) напярэдадні 9 жніўня
2022 года прыязджалі сілавікі з контрвыведкі і ГУБАЗіК. У вайскоўцаў праглядалі
тэлефоны. У выніку, мінімум у двух чалавек — Руслана М. (ужо не працуе ў
вайсковай частцы) і Рамана Х. — былі знойдзены матэрыялы «экстрэмісцкай
накіраванасці».
Першапачаткова
суд Магілёўскага раёна адправіў адміністрацыйныя справы абодвух вайскоўцаў на
дапрацоўку. У далейшым суды па гэтых справах або праводзіліся таемна,
без паведамлення аб іх правядзенні, або справы «спусцілі на тармазах».
4 кастрычніка ў Мінску быў
праведзены вобшук дома і на лецішчы ў 43-гадовага Мікалая Нямковіча. Вядома,
што мужчыну затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.
Таксама ў сталіцы 5 кастрычніка быў затрыманы Сяргей Кабзенка.
Праўладныя тэлеграм-каналы
паведамілі пра затрыманне Ксеніі Котавай, якую яны называюць анархісткай. На
«пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што мела татуіроўку «АСАВ», была на
Пушкінскай 9-10 жніўня 2020 года, а таксама нібыта далучылася да плана
«Перамога».
У Глыбокім учора быў затрыманы
фатограф і відэааператар Леанід Юрык.
Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына затрыманы паводле адміністрацыйнай справы.
У Глыбокім учора быў затрыманы
актывіст Вадзім Хлус.
А сёмай раніцы да яго прыехалі
сілавікі, дома быў праведзены ператрус.
Вадзім Хлус шмат год быў
апазіцыйным актывістам, назіральнікам на выбарах. У 2020 годзе двойчы сядзеў на
«сутках». У 2022 годзе да яго неаднаразова прыходзілі з міліцыі і пракуратуры, пісьмова
папярэджвалі пра адказнасць за апазіцыйную актыўнасць.
Таксама вядома пра візіт сілавікоў
да яшчэ аднаго глыбачаніна, які раней прыцягваўся за палітыку — але яго не
затрымлівалі.
У пачатку студзеня жыхар Ліды Л. ў стане алкагольнага ап'янення выкрыкнуў каля навагодняй елкі абразу ў
адрас Лукашэнкі. Гэта пачулі супрацоўнікі міліцыі, пасля чаго мужчыну
затрымалі. Яму паставілі ў віну ч. 1 арт. 368 КК.
24 лютага 2022 падчас закрытага
судовага пасяджэння Лідскага суда былі агучаны высновы экспертаў-псіхіятраў.
Паводле экспертызы, жыхар Л. мае «лёгкую разумовую адсталасць са значнымі
парушэннямі паводзінаў».
У выніку суд пастанавіў вызваліць
мужчыну ад крымінальнай адказнасці і накіраваць на прымусовае лячэнне ў
псіхіятрычным стацыянары.
Улады закрылі школу пры каталіцкім
Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску.
Пра закрыццё адукацыйнай
арганізацыі, якая фарматам падобная да групы падоўжанага дня або прыватнай
школы ці садка, паведаміў «Св*бодзе» прэсавы сакратар Беларускага
каталіцкага касцёлу айцец Юры Санько.
Хрысціянскі сацыяльны цэнтр —
рэлігійная арганізацыя, якая падпарадкоўваецца кіраўніку Каталіцкай царквы ў
Беларусі. У ім ёсць капліца, жылыя пакоі для ксяндзоў, а таксама прыватная
каталіцкая школа.