«Хрысціянская візія»: У Чырвоным касцёле неўзабаве могуць аднавіць службы
Неўзабаве ў Чырвоным касцёле ў Мінску могуць аднавіцца службы, піша тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» са спасылкай на «некалькі незалежных адна ад адной крыніц».

Паводле крыніц каналу, улады змусілі Каталіцкі касцёл аплаціць велізарны рахунак КУП «Мінская спадчына» за «амартызацыю касцёла і падаткі на карыстанне зямлёй». Дакладная сума невядомая, аднак улетку 2020 года ўлады заяўлялі, што каталіцкая парафія завінавацілася 156 тысяч рублёў і яшчэ 13 тысяч рублёў мусіла плаціць штомесяц.
«Меркавана адной з дадатковых умоваў мясцовых уладаў з'яўляецца змяшчэнне ксяндза Уладзіслава Завальнюка з пасады кіраўніка парафіі. Інфармацыя пра ход перамоваў з прадстаўнікамі рэжыму трымаецца ў сціслай таямніцы», — піша «Хрысціянская візія».
Нагадаем, у ноч з 25 на 26 верасня 2022 года ў касцёле адбылося ўзгаранне ў памяшканні сакрыстыі (канцылярыі), якое размяшчаецца ў прыбудове касцёла. Пашкоджана было не больш за 20 кв. м. плошчы. Нягледзячы на невялікую плошчу пашкоджання, увесь касцёл апламбавалі і спынілі там набажэнствы.
Гэта стала падставай для ўладаў скасаваць дамову карыстання Чырвоным касцёлам з суполкай «Рымска-каталіцкая парафія Святога Сымона і святой Алены». У 2013 годзе храм быў замацаваны на праве гаспадарчага вядзення за КУП «Мінская спадчына». Менавіта гэта арганізацыя паведаміла днямі вернікам, што скасоўвае дагавор карыстання.
Ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк ад імя рэлігійнай суполкі «Рымска-каталіцкі прыход Святога Сымона і Святой Алены» звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай вырашыць канфліктную сітуацыю вакол касцёла.

19 снежня касцёл наведалі ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак, прадстаўнікі Мінгарвыканкама, КУП «Мінская Спадчына», прадстаўнік МНС, а з боку Касцёла — апостальскі нунцый Антэ Езіч, мітрапаліт Юзаф Станеўскі, ксёндз Юрый Санько, ксёндз Ігар Лашук, пробашч парафіі Уладзіслаў Завальнюк і некаторыя іншыя святары. Па сведчаннях святароў і тых, каму ўдалося ўвайсці ў святыню, выявілася, што ў зале для богаслужэння няма слядоў узгарання, дыму і сажы — касцёл чысты і прыгожы, прыдатны для набажэнстваў.
