Хто вінаваты ў стаўпецкай трагедыі — на думку чыноўнікаў і духавенства

11 лютага вучань стаўпецкай школы напаў на настаўніцу і вучняў, двое загінулі. Яшчэ два параненыя падлеткі застаюцца ў лякарні. Хто вінаваты — галоўнае пытанне. Радыё Свабода сабрала адказы на гэта пытанне чыноўнікаў і прадстаўнікоў духавенства.

Разьвітанне і пахаваньне забітай настаўніцы і вучня ў Стоўпцах. Фота Радыё Свабода

Разьвітанне і пахаваньне забітай настаўніцы і вучня ў Стоўпцах. Фота Радыё Свабода

«Вінаватыя ўсе»

Наконт трагедыі ў Стоўпцах праз суткі пасля здарэння выказаўсяАляксандар Лукашэнка. Паводле яго, вінаватыя ўсе. Але найбольш — старшыня райвыканкаму і міністр адукацыі.

«Трэба на ўсю катушку спагнаць перш за ўсё са старшыні райвыканкаму. І з міністра адукацыі. Чаму не навялі парадак у школе? Школа — святое месца. Як у царкву, трэба ісці ў школу», — сказаў Лукашэнка.

Адказам на такое здарэньне, на думку Лукашэнкі, мусіць быць «навядзенне жалезнай дысцыпліны ў школе».

Кампутары

Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Натальля Качанававыказала думку, што «з-за кампутараў дзеці замыкаюцца ў сабе», бо там шмат негатыўнай інфармацыі.

«Трэба дзяцей адарваць ад кампутараў, дзе шмат негатыўнай інфармацыі, каб дзіця не замыкалася ў сабе, было ў калектыве», — заявіла Качанава, нагадаўшы пра важнасць уцягвання дзяцей у спорт і гурткі.

«Глыбокае маральнае пашкоджаньне душы»

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел лічыць, што здарэнне адбылося з прычыны «глыбокага маральнага пашкоджання душы» стаўпецкага нападніка.

«З пачуццём глыбокага смутку і болю даведаўся пра трагедыю, якая адбылася ў сярэдняй школе № 2 Стоўпцаў, дзе ў выніку нападу зламысніка загінулі настаўніца і адзін з вучняў, а два атрымалі раненьні. Просім перадаць шчырае спачуваньне і словы падтрымкі родным і блізкім загінулых і пацярпелых», — гаворыцца ў тэлеграме, якую публікуе сайт Беларускай праваслаўнай царквы.

«Тры пакаленні атэізацыі»

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім звароце з нагоды трагедыі ў Стоўпцах напісаў пра атэізацыю людзей. Адрыў ад «каранёў духоўнага жыцця» становіцца вынікам такіх трагедый, лічыць арцыбіскуп.

«Тры пакаленні атэізацыі не прайшлі дарма. У выніку гэтага працэсу чалавек адарваўся ад каранёў духоўнага жыцця — Эвангелля і вучэння Касцёлу. За апошнія тры дзесяцігоддзі сітуацыя змянілася, але не настолькі, каб максімальна спрыяць сапраўднаму духоўнаму адраджэнню», — заявіў арцыбіскуп.

«Расейскія фільмы»

Былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі — галоўны інспектар па Менскай вобласьці і дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Стаўпецкай выбарчай акрузе Мікалай Іванчанка галоўнай праблемай называе расейскія фільмы на тэлевізіі, дзе «паказваюць сцэны гвалту».

«Гэта своеасаблівае капіяваньне. Але капіяваньне замбаванае. Гэта ідзе ад нашэсця хвалі гвалту з экранаў тэлевізіі, інтэрнэту. Паглядзіце гэтыя расейскія фільмы! Амаль не бывае стужкі, дзе ўсё не заканчваецца забойствамі, гвалтам. Падаецца як нешта такое, што само сабой разумеецца. Аўтары гэтых фільмаў — мабыць, у пагоні за грашыма — фактычна разбэшчваюць дзяцей. А ў вучняў яшчэ і нагрузкі моцныя», — сказаў Свабодзе Мікалай Іванчанка.

Пакуль Следчы камітэт, які вядзе справу двайнога забойства ў Стоўпцах, не назваў афіцыйнай прычыны і матываў дзесяціклясніка, што ў чыніў напад, у выніку якога загінулі двое. Параненыя вучні застаюцца ў лякарні, іх перавялі з рэанімацыі ў хірургію.

svaboda.org