Іранцу, якому на радзіме пагражае смяротнае пакаранне, дазволілі застацца ў Беларусі

Пра гэта сказаў Свабодзе начальнік Упраўлення па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі палкоўнік Аляксей Бягун.

160b1111_310f_465f_9b13_fd2c8273e3d2_w1023_r1_s.jpg


«Міністэрства ўнутраных спраў прыняло рашэнне дазволіць застацца ў Беларусі іранцу Мехрдаду Джамшыдыяну з наданнем адпаведнага статусу з гуманітарных меркаванняў»,— сказаў Бягун.
Мехрдад Джамшыдыян жыве ў Беларусі з 1993 году. Тут ажаніўся, мае трох дарослых дзяцей, прыняў праваслаўе. У 2012 годзе ў Іране былі забітыя ягоныя маці і брат. Іранскія праваахоўнікі пачалі падазраваць у гэтым Мехрдада Джамшыдыяна. Мехрдад Джамшыдыян адмаўляе датычнасць да злачынства. Іранец кажа, што ў той час знаходзіўся ў Беларусі, і пацвярджае гэта ўязнымі дакументамі.
7 сакавіка 2019 году аддзел грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС Минска прыняў рашэнне аб выдачы Мехрдада Джамшыдыяна ў Іран.
14 траўня суд Маскоўскага раёну Мінска адмяніў гэтае рашэнне, Джамшыдыяна выпусцілі на волю пасля 11 месяцаў у СІЗА, аднак ён павінен быў пакінуць Беларусь добраахвотна на працягу трох месяцаў.
Цяпер Мехрдад Джамшыдыян застаецца ў Беларусі з сям’ёй.