«Я вельмі хачу, каб Пуціна не забілі свае, а каб ён паехаў у Гаагу»
Пісьменніца Галіна Галіцына страціла на вайне двух сыноў-патрыётаў з розніцай у восем гадоў.
«Я ўнікальная маці, выхавала двух прыгажуноў-хлопцаў. І
яны абодва загінулі на гэтай вайне, толькі з розніцай у восем гадоў, — кажа
Галіна Галіцына. — Старэйшы мой сын (Дзмітрый Галіцын) загінуў у жніўні
2014-га, у Ілавайскім "катле". А малодшы пайшоў у полк "Азоў" і служыў там усе восем гадоў. Дзяніс загінуў на “Азоўсталі"».
Хлопцы Галіны не паспелі ажаніцца, не мелі дзяцей. Таму мама герояў цяпер зусім самотная: «Распавядаць пра сыноў, тое, якімі яны былі — гэта ўсё, што мне засталося...»
Галіна Галіцына — пісьменніца, аўтар дзясяткаў іранічных дэтэктываў. Яна з Данецка, там нарадзіліся і выраслі яе сыны.
«Мы пераехалі ў Кіеў у 1999 годзе, гэта ніяк не было звязана з вайной, таму што да яе было яшчэ далёка, — распавядае Галіцына. — Старэйшы сын Дзмітрый якраз скончыў школу ў Данецку, а ў Кіеве паступіў ва ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі, на юрыдычны факультэт (у мяне абодва сыны — юрысты). Малодшаму Дзянісу было тады восем гадоў. Калі ж ва Украіну прыйшло гэта расейскае нашэсце ў 2014 годзе, мае хлопцы вельмі ўгневаліся. Казалі: “Як гэта, нашу малую радзіму ад нас адрываюць?". І пайшлі добраахвотнікамі на вайну. Адначасова пайшлі».
Дзмітрый Галіцын сышоў у «Сотні Ісуса Хрыста» Партыі «Братэрства» Дзмітрыя Карчынскага (пазней гэта быў батальён патрульнай службы міліцыі асаблівага прызначэння «Святая Марыя»).
Малодшы Дзяніс — пайшоў у батальён «Азоў», таму што там былі яго сябры і патрэбныя былі вайсковыя перакладчыкі.
«Дзяніс — унікальны чалавек: ён ведаў пяць моў, — распавядае мама. — Яшчэ з дзіцячага садка гаварыў па-ангельску, меў талент да гэтага. І спецыяльнасць ва ўніверсітэце атрымаў адпаведную — "міжнароднае права". Таму ў "Азоў " ён пайшоў як ваенны перакладчык. З усяго свету ехалі дапамагаць нам. Вельмі шмат было шведаў. І маё дзіця хутка стаў гаварыць з імі па-шведску — фактычна ў "Азове" ён вывучыў сваю пятую мову».
Сыны Галіны маглі не ісці на вайну, але знарок зрабілі ўсё для таго, каб туды патрапіць.
«Калі Дзмітрый сказаў мне, што ідзе ваяваць, я здзівілася: "Цябе прызываюць ці што?". Ён кажа: "Не, мам. Мы, усе юрысты, прыпісаны да вайсковай пракуратуры. Гэта значыць, нас будуць прызываць хіба тады, калі стане неабходна арганізоўваць трыбуналы. Але да гэтага наўрад ці дойдзе. А зараз трэба абараняць сваю зямлю. Таму я іду добраахвотнікам". Ён нават не хацеў праходзіць КМБ (курс маладога байца) — так спяшаўся на вайну. Дзмітрый меў афіцэрскае званне, страляў з дзвюх рук, курсы па выжыванні праходзіў — падрыхтаваны быў. І не хацеў нават месяц часу губляць дзесьці на палігонах», — успамінае маці.
«Абодва маіх хлопца былі каржакаватыя, ростам пад два метры. Але ў малодшага Дзяніса былі праблемы са здароўем. Ён меў дрэнны зрок, мінус 6. А яшчэ арытмію сэрца. Таму ў яго быў "белы білет": ні ў мірны, ні ў ваенны ён быў не прыдатны да ваеннай службы. Дзяніс з дзяцінства марыў стаць вайскоўцам. Але яго не бралі, таму што ён па стане здароўя не праходзіў. Аднак калі прыйшла вайна, Дзяніс, як і многія, пабег добраахвотнікам. І праскочыў», — распавядае Галіна.
Дзяніс марыў менавіта аб баявых дзеяннях, таму вывучыўся на танкіста. Пасля, калі танкі адвялі ад лініі судакранання на Данбасе, юнак перавёўся ў іншае падраздзяленне, якое прымала непасрэдны ўдзел у баях.
Апошнія некалькі гадоў Дзяніс быў намеснікам камандзіра батальёна па працы з асабовым складам, шмат працаваў з моладдзю.
«Ён прыязджаў у адпачынак, паказваў мне на тэлефоне відэа баёў. Божа, гэта так страшна! Я гляджу, як бяжыць маё дзіця з аўтаматам: і ён страляе, і па ім страляюць. Гэта не пейнтбол, гэта вайна!» — успамінае Галіцына.
Галіна не ўгаворвала сыноў змяніць свае рашэнні ваяваць, як бы балюча ёй не было.
«Я спачатку не разумела старэйшага, калі ён сышоў. Ніхто з майго атачэння нават і не думаў сыходзіць, а ён стаў добраахвотнікам. Ён, сталічны адвакат, быў вядомы ў Кіеве. За дзевяць гадоў сваёй практыкі не прайграў ніводнай справы, а гэта для адвакатаў вельмі шмат чаго варта. І загінуў... У мяне так было шмат эмоцый, думала: “Навошта ты, сын, гэта зрабіў, навошта? Гэта нічога не змяніла! Мы Данецк не вярнулі, мы Крым не вярнулі...”
...І калі я страціла старэйшага, кажу малодшаму: "Вяртайся, Дзяніс! Ты ў мяне адзін застаўся". Але ён адказаў: "Не, гэта маё жыццё, гэта мне так наканавана". Мне адна прыяцелька сказала: "Ты нарадзіла воіна — змірыся".
Я змірылася і не стала Дзянісу гэтую дарогу зачыняць, таму што гэта яго лёс. Я разумела вельмі добра яго пакліканне, таму што сама хацела стаць пісьменніцай яшчэ ў дзіцячым садку. І хоць бацькі настаялі на інжынернай адукацыі, я такі стала пісьменніцай, выдала больш за 30 кніг. Хіба я магла дзіцяці абрэзаць крылы?».
Калі пачалася Вялікая вайна, Дзяніс з «Азовам» быў у Марыупалі, разам з пабрацімамі абараняў горад.
«Маё дзіця пратрымалася ў гэтых кругласутачных баях амаль месяц. Ён мне пісаў, распавядаў: кожныя 10 хвілін — авіяналёт, падалі авіябомбы. З мора, з катэраў білі ракетамі, на сушы білі танкі, ішлі вулічныя баі. Я думаю, што менавіта вулічныя баі — гэта самае страшнае, што можа быць: калі ты бачыш ворага вось так, на невялікай адлегласці, ты бачыш, якога колеру ў яго вочы, а табе трэба яго забіць, інакш ён цябе заб'е», — кажа Галіцына.
Увесь гэта час Галіна чакала ля камп'ютара. Калі ў мэсэнджары з'явіцца зялёная плямка — значыць, сын у сетцы, на сувязі. Значыць, жывы. І магчыма, нешта напіша.
Пра абставіны таго апошняга бою маці даведалася ад Дзянісава пабраціма Тараса, якому пашчасціла ацалець.
У той дзень «Фантом» працаваў з СПГ (станковым супрацьтанкавым гранатамётам) і падбіў два варожых танка.
«І тут, распавядаў мне Тарас, ляціць зноў бамбавік. Яны падаюць, каб схавацца. Ляцяць бомбы. І самалёт ляціць. Ён глядзіць на Дзяніса, залітага крывёю. Той кажа: "Нічога не бачу". У яго адно вока выбітае, а другое цэлае. Тарас наклаў Дзянісу павязку, яго дацягнулі да медыцынскага бункера. Але мой сын памёр на аперацыйным стале. Абломак трапіў у вока так глыбока, што пашкодзіў мозг. А што маглі зрабіць тыя медыкі ва ўмовах гэтага бункера? Так ён памёр...» — пераказвае маці.
Дзянісавага пабраціма Тараса паспелі эвакуіраваць з Марыупаля на апошнім рэйсе верталёта. Даставілі спачатку ў шпіталь у Дняпро, а потым ужо ў Германію. Ён страціў руку і знаходзіцца на пратэзаванні.
«Мы з ім размаўлялі доўга, амаль гадзіну. Я цяпер хоць ведаю аб апошнім дні майго сына, аб апошнім баі... калі сын загінуў, мне людзі сталі скідаць спасылкі на розныя сайты: і "днраўскія", і рашысцкія. Божа, там такое было святкаванне! "Завалілі Фантома"! "Завалілі камандзіра"! Адкуль яны пра яго ведалі? Яны пра яго ведалі больш, чым я, — уздыхае Галіна. — У многіх у пабліках у оркастане гэта ўспрымалася ледзь не як вялікая перамога рускай арміі над усім "Азовам"».
Дзмітрый пахаваны на Лук’янаўскіх могілках у Кіеве. Дзяніса маці да гэтага часу не ўдалося пахаваць. І ўся гэтая цяганіна з дакументамі прычыняе яшчэ большы боль.
«Мы з іншымі маці далі ўзоры сваіх ДНК яшчэ ў чэрвені, але да гэтага часу няма супадзенняў [з целамі загінулых, атрыманых з Марыупаля]. Ні ў каго, не толькі ў мяне, — кажа Галіна. — Учора я даведалася, што трэба ўсталёўваць факт яго гібелі праз суд. І рабіць гэта трэба хутка, таму што тэрміны мінаюць. Сёння я ўжо пачала збіраць дакументы.... Яшчэ і праз суды трэба праходзіць! Як быццам у нас і без таго мала гора...»
«Я выхавала двух патрыётаў на славу Украіне і сабе на бяду, таму што цяпер я не маю ніводнага дзіцяці. Зараз я, як і ўсе мы, чакаю нашу перамогу. Я вельмі хачу, каб Пуціна забілі не свае, а каб ён паехаў у Гаагу, каб увесь свет бачыў, як яго судзяць, каб ён перажыў сорам і каб потым яго можна было пакараць смерцю. Думаю, мне стане лягчэй ад гэтага», — кажа маці.
«Але што я буду рабіць далей, пасля перамогі, я наогул не разумею. Хтосьці з фронту прыйдзе, хтосьці з эвакуацыі вернецца, людзі пачнуць адбудоўваць краіну, сваё жыццё, будуць дзетак гадаваць. А што мне застаецца? У мяне няма нікога, таму што мае хлопцы не паспелі ажаніцца, не паспелі мне ўнукаў пакінуць. Я нават цяпер кнігі пісаць не магу, таму што мой асноўны жанр — іранічны дэтэктыў. Ну, які смех цяпер? Толькі гора. Гэта значыць, маё жыццё спынілася», — уздыхае Галіна.
«Цяпер я сяджу за камп'ютарам, з кімсьці перапісваюся. І раптам заўважаю — у мяне слёзы цякуць. Я не ўсхліпваю, не б'юся ў нейкіх карчах або істэрыцы, а яно само плачацца. Падсвядомасць мая плача.
Я шчаслівая або няшчасная мама? У мяне сыны — героі, і я шчаслівая маці, што яны ў мяне такімі выраслі. Але яны загінулі. І я няшчасная маці».
Паводле https://novynarnia.com/