«Нам на 300 чалавек далі дзесьці 25 літраў вады. Пакармілі толькі на трэці дзень»

Украінскі вайсковец распавёў пра 98 дзён палону ў расейцаў. А нібыта пра Акрэсціна ў жніўні 2020-га. І не толькі тады.

1241793_12688_756x425.jpg

Воін не па прафесіі, а па прызванні. Андрэй з Марыупаля нават не думаў, што ўсяго толькі за некалькі месяцаў яго жыццё, светапогляд і планы кардынальна зменяцца. Сапраўднае выпрабаванне на полі бою, калі сканчаюцца боепрыпасы, а цалкам узброены вораг знішчае твой родны горад. Недахоп ежы і пітной вады, смерць сяброў, страшнае раненне і тры месяцы варожага палону. Гэта ўсё, што давялося перажыць украінцу за гэтыя месяцы.

Андрэй распавядае, што быць вайскоўцам ён не планаваў. Усё жыццё мужчына жыў у Марыупалі, дзе працаваў у порце. Але аднойчы ўбачыўшы, як працуюць украінскія памежнікі, зразумеў, што хацеў бы таксама паспрабаваць сябе ў гэтай ролі.

«Я да вайны працаваў у марскім гандлёвым порце кіраўніком пагрузачнага працэсу. І я ўбачыў, што ў нас ёсць памежная служба, якая адкрывае мяжу. І зразумеў, што хацеў бы гэтым займацца, гэта вельмі цікава. Прайшоў падрыхтоўку, і мяне ўзялі», — успамінае Андрэй.

Першыя трывожныя знакі з'явіліся за некалькі месяцаў да ўварвання Расіі. Як успамінае Андрэй, многія судны, якія заходзілі ў порт, перасталі адказваць на запыты ўкраінскіх памежнікаў, а некаторыя з іх і зусім парушалі пратакол. Таксама назіралася сцягванне расейскай тэхнікі да межаў з Украінай. Таму ўжо тады Андрэй разумеў, што вайны з Расіяй не пазбегнуць і ўжо нават пачаў маральна рыхтаваць да гэтага сваю жонку.

«Я жонцы так і казаў, што калі будзе горача, то ты павінна разумець, што я буду абараняць радзіму, я буду стаяць да канца», — распавядае Андрэй і дадае, што хоць да вайны быў гатовы, але нават цяпер не можа паверыць у тое, што ў ХХІ стагоддзі адна краіна можа ажыццяўляць генацыд у дачыненні да іншай на вачах ва ўсяго свету.

«Я разумеў, што вайна будзе, але не думаў, што гэта ўсё будзе такім шляхам, што будуць так здзекавацца і забіваць нашу нацыю».

Як бамбілі Марыупаль

Марыупаль / AP nuotr

Марыупаль / AP nuotr

24 лютага 2022 года Андрэй быў на службе. Калі на Украіну паляцелі першыя ракеты, расейцы пачалі прарываць межы з розных бакоў і бамбіць мірныя гарады, першае, пра што падумаў Андрэй — гэта яго сям'я. Бо ён разумеў, што рана ці позна яго сям'я апынецца ў самым цэнтры баявых дзеянняў і неабходна як мага хутчэй іх адвезці ў бяспечнае месца.

«Марыупаль ужо быў у зоне баявых дзеянняў 8 гадоў, мы ўжо трошкі прывыклі, што дзесьці бабахае, дзесьці там нешта страляе. (...) Марыупаль яны хацелі ўзяць яшчэ ў 2014 годзе, але тады не ўдалося. Я вельмі перажываў, таму што калі выязджае твая сям'я, а ты застаешся ў горадзе адзін, і ты ведаеш, што гэта будзе самая гарачая кропка... я разумеў, што я магу больш ніколі не ўбачыць іх, што маё маленькае дзіця можа застацца без таты. Вось гэта было страшна», — дзеліцца ўкраінскі абаронца.

Андрэй кажа: «У першыя дні хацелася ўсё кінуць, вельмі страшна, нас да такога не рыхтавалі. Адна справа, калі ты стаіш проста са зброяй у руках, а іншае, калі ты з яе страляеш, забіваеш, інакш заб'юць цябе. Але я ведаў чаму я тут і, калі здамся, мая сям'я не будзе ў бяспецы».

Спачатку забеспячэння хапала. Украінскіх воінаў забяспечвалі адзеннем, боепрыпасамі і ежай. Але даволі хутка гэта ўсё пачало заканчвацца, бо Марыупаль атачылі, тым самым адрэзаўшы яго ад шляхоў забеспячэння.

«Гэта ўжо было 4-5 сакавіка, і Марыупаль быў ужо цалкам у акружэнні. Яны набліжаліся, назапашвалі вельмі вялікую колькасць тэхнікі. І калі б развілку каля Херсона, якая вядзе ў Марыупаль, не прарвалі б так хутка, можа, Марыупаль трошкі даўжэй бы трымаўся і быў бы ў нас выхад з Марыупаля ў адным кірунку. А так нас цалкам адрэзалі. Таму што адзін кірунак — гэта расейскі бок, другі кірунак — Крым, і потым яны яшчэ з боку Запарожжа таксама нас адрэзалі. Усе, мы засталіся ў коле», — дзеліцца Андрэй.

Як успамінае Андрэй, авіябомбы, якія пастаянна расейцы скідвалі на горад, не давалі магчымасці нават перадыхнуць. Авіяцыя скідала па 50-130 бомбаў у дзень. Як кажа Андрэй: «Яны проста разбуралі горад, ім было абыякава, калі і куды кідаць бомбу. Ці будзе гэта радзільня ці дзіцячы садок, школа — не важна. Людзі хаваліся, дзе маглі, але ад авіябомбы, калі ў цябе няма сур'ёзнага бункера, ты не схаваешся», — і дадае, што яны не раз бачылі, як бомбы мэтанакіравана скідаліся ў месцы, дзе хаваліся людзі, і 50-70 чалавек проста гінулі пад заваламі.

На мяжы жыцця і смерці

Трымаць свае пазіцыі станавілася ўсё цяжэй, бо акрамя таго, што заканчваліся боепрыпасы, сканчалася таксама пітная вада і ежа.

«Нас вельмі шмат, а ежы не хапае, вады не хапае. Мы проста выжывалі, як маглі. Плюс было вельмі холадна. У горадзе не было ні вады, ні святла, ні газу, нічога і некалькі месяцаў мы проста не ведалі, што такое сагрэцца», — кажа Андрэй.

Мужчына ўспамінае, што ўмовы станавіліся ўсё складаней, вельмі шмат хлопцаў гінулі або атрымлівалі раненні, а дапамогі чакаць не было ад каго, бо верталёты, якія накіроўвалі да ўкраінскіх вайскоўцаў з дапамогай, проста збівалі на падлёце.

Але самае страшнае для Андрэя было яшчэ наперадзе. Аднойчы варожы снарад разарваўся побач з ім і асколак трапіў у нагу — разарваўшы нерв і артэрыю.

«Гэтай ноччу я думаў, што гэта ўсё. Мяне там хлопцы перавязалі неяк і кажуць — трэба ісці ў шпіталь. Машына — падарваная, некалькі кіламетраў проста трэба ісці пешшу. Я казаў, што не дайду, губляў прытомнасць некалькі разоў за дарогу, страшна было вельмі, балюча. Потым ачомаўся я ўжо ў хованцы і зразумеў, што дайшоў, не памёр», — дзеліцца ўспамінамі Андрэй.

Андрэй тлумачыць: «Была задача адцягнуць усе войскі з Украіны, каб нашы іншыя вобласці змаглі ўмацавацца. Гэтую задачу, як наш прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сказаў, мы выканалі. І потым ужо не было ніякага сэнсу абараняць Марыупаль, таму што ён быў цалкам разбураны, людзі, хто змог — эвакуяваўся, і мы прынялі рашэнне здацца ў палон».

Марыупаль / AP nuotr

Марыупаль / AP nuotr

Умовы ў палоне былі нечалавечымі

Як распавядае ўкраінец, для ўкраінскага камандавання найважнейшая каштоўнасць — гэта жыццё кожнага салдата, таму, каб не загінуць ад бомбаў або ад голаду, украінскім вайскоўцам раілі здацца ў палон, бо потым іх было б лягчэй абмяняць. Тым больш што, згодна з Жэнеўскай канвенцыяй, кожны ваеннапалонны мае права на годнае стаўленне. Але, як кажа Андрэй, расейцы не прытрымліваюцца ніякіх правілаў і канвенцый.

«У палон з нашых здалося больш за 1000 вайскоўцаў. Шмат было менавіта "трохсотых", і мы думалі, што хаця б параненых не будуць чапаць. Але нас заганялі ў аўтобусы, як жывёлу, білі. Ім было ўсё роўна, паранены ты ці цэлы», — распавядае Андрэй.

Акрамя гэтага, першыя дні ўкраінцам нават не давалі ваду і ежу.

«Яны не чакалі, што нас так шмат здасца ў палон. У іх у саміх не было чаго есці», — тлумачыць Андрэй і дадае, што самі ўмовы ў палоне былі нечалавечымі.



«Першыя дні нам на 300 чалавек далі дзесьці 25 літраў вады. Пакармілі нас толькі на трэці дзень. Далі там нейкую кашу з кансервай і кавалачак хлеба. Нас трымалі ў ангары 3 дні. Гэта ангар з бетоннай падлогай, адно маленькае акенца. Мы ляжалі на гэтым бетоне. Нічога не было — ні ложкаў, ні лавачак, ні хаця б матрацаў. Проста на падлозе ляжалі і вельмі мерзлі».

Пасля гэтага Андрэя і яго субратаў перавезлі ў калонію ў Аленоўцы на тэрыторыі ДНР. Стаўленне да ваеннапалонных у калоніі таксама не змянілася. Як успамінае мужчына, іх кармілі раз у дзень ежай, якая была сапсаваная ці абсалютна неядомая. Вады амаль не давалі. Палонных пастаянна білі без прычыны, здзекаваліся як фізічна, так і маральна. Як успамінае Андрэй, яны чулі размовы наглядчыкаў калоніі, што галоўная задача была не дапусціць смерці ўкраінскіх ваеннапалонных, бо потым ім давядзецца адказваць за кожнага перад кіраўніцтвам. Але ў якіх умовах і якім чынам яны будуць тут знаходзіцца — нікога не цікавіла.

«Калі ты там нешта не так кажаш, або калі ты адказваеш на ўкраінскай мове, цябе адразу пачынаюць збіваць дубінкамі. Яны спачатку гэта рабілі толькі з цэлымі хлопцамі, а мы 4 аўтобусы прыехалі ўсе «трохсотыя», ва ўсіх раненні, ногі-рукі зламаныя. У кагосьці рукі-нагі наогул няма. І яны кожнага прапусцілі праз дубінку. Усе хлопцы крычалі, плакалі. Гэта вельмі балюча, калі ў цябе і так траўмы, і яшчэ так здзекуюцца з цябе. Аднаго мужчыну так збілі, што ён не выжыў. Яны яшчэ потым вельмі нерваваліся, што прыйдзецца пісаць тлумачальныя запіскі кіраўніцтву», — успамінае ўкраінскі ваенны.

Акрамя фізічнай расправы расейцы таксама аказвалі псіхалагічны ціск. Кожны дзень яны казалі ўкраінцам, што тыя нікому не патрэбныя, давалі ілжывую інфармацыю аб ходзе вайны, украінскім прэзідэнце і навінах на фронце.

«Некаторых афіцэраў проста выклікалі і казалі – паехалі з намі, а куды едуць — ніхто не ведае. Некаторыя вярталіся, некаторых мы больш не бачылі і не ведаем, што з імі. Хто вяртаўся, казаў, што быў на допыце. Дзе яго апытвалі, ён распавядаў усё, як было, яму не верылі, і проста пачыналі біць. Прышпільвалі электрычныя павязкі на рукі, білі токам...».

«Мяне не адразу хацелі везці ў шпіталь, але потым, відаць, спалохаліся, што магу памерці і аказалі дапамогу», — успамінае Андрэй.

Мужчыну даставілі ў бальніцу на тэрыторыі ДНР. Як кажа сам Андрэй, гэта яго выратавала ад далейшых пакут у калоніі. Яшчэ больш яго баявы дух падняў званок жонкі. Адна медсястра ў лякарні употай ад усіх дазволіла яму патэлефанаваць дадому.

«Мне жонка тады сказала: “Не хвалюйся, Украіна перамагае. Мы ў бяспецы. Украінскі ўрад робіць усё магчымае, каб выцягнуць вас як мага хутчэй», — дзеліцца ўкраінец.

Будучы ўжо ў шпіталі, Андрэй прыняў удзел у «спектаклі», які разыгралі расейскія прапагандысты для свайго тэлебачання. Па словах Андрэя, яны нанялі некалькі вялікіх аўтобусаў, шмат ахоўнікаў, запрасілі некалькі тэлеканалаў і распавялі, што павінен адбыцца абмен ваеннапалоннымі, але, пратрымаўшы ўкраінцаў у аўтобусе некалькі гадзін, прывезлі назад у бальніцу.

«Мы ад'ехалі ад бальніцы дзесьці 200 метраў, і аўтобусы спыніліся. Мы прастаялі некалькі гадзін, і потым нам кажуць, што ўкраінскі бок не захацеў вас мяняць. Яны сарвалі гэты абмен, сказаўшы, што вы ім не патрэбныя», — працягвае Андрэй.

Праз 98 дзён варожага палону Андрэю пашанцавала. Без прэсы і падрыхтаваных аўтобусаў яму паведамілі, што ён у спісах на абмен. Як кажа сам Андрэй, па якой сістэме адбываецца абмен — незразумела. Бо расейцы самі вырашаюць, каго з украінцаў будуць аддаваць. Менавіта таму першымі абменьваюць параненых, бо за імі патрэбен догляд і медыцынскія сродкі, якіх няма. На другім месцы — вайскоўцы, якія для іх не маюць ніякай каштоўнасці.

Ужо пасля вяртання дадому Андрэя чакала доўгачаканая сустрэча з сям'ёй, складаная аперацыя ў Львове і рэабілітацыя ў Літве. Менавіта ў Літве цяпер знаходзіцца ўкраінскі вайсковец, які дзякуючы неабыякавым літоўцам мае магчымасць аднавіцца не толькі фізічна, але і маральна. Андрэй знаходзіцца ў Друскінінкаі, у санаторыі, дзе яму аказваюць кваліфікаваную дапамогу, бо, па яго словах, фізічны боль не такі балючы, як псіхалагічны.

На пытанне, колькі яшчэ працягнецца вайна, Андрэй адказу не ведае. Ён кажа, што ўсё гэта залежыць не толькі ад самога Пуціна, але і ад кожнага расейца, і ад падтрымкі светам Украіны. І кажа, што калі раней думаў, што вайна зацягнецца надоўга, то ўжо цяпер відаць, што войскі Украіны хутка прагрэсуюць на фронце. Ён вельмі хоча хутчэй вярнуцца ва Украіну. Калі будзе такая магчымасць — вернецца на фронт, але марыць аб мірным жыцці.

Паводле www.lrt.lt/ru