«Каб дагадзіць Пуціну і «русскому миру». Віцебскія ўлады дазволілі шэсце «Несмяротны полк» 9 траўня

Інфармацыя пра тое, што ў Віцебску на Дзень Перамогі пройдзе шэсце «Несмяротнага палка» («Бессмертный полк») была размешчаная на афіцыйнай старонцы ініцыятывы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте», на якую падпісана крыху больш за 700 удзельнікаў. Як запэўніваюць арганізатары, акцыя ўзгодненая з мясцовымі ўладамі.

«Несмяротны полк» у Мінску ў 2018 годзе. Фота Генадзя Кеснера

«Несмяротны полк» у Мінску ў 2018 годзе. Фота Генадзя Кеснера

«Кіраўніцтва горада адгукнулася на нашую просьбу, уключыўшы шэсце "Несмяротнага палка" ў план святочных мерапрыемстваў 9 траўня і сумясціўшы яго з акцыяй "Беларусь памятае!". Такім чынам, "Несмяротны полк" у Віцебску адбудзецца!» — гаворыцца ў паведамленні.
Інфармацыю аб імпрэзе, якая мае адбыцца на Дзень Перамогі, размясціў таксама расійскі інфармацыйны рэсурс «Рэгнум», які прасоўвае на постсавецкай прасторы ідэі «русского мира». Варта нагадаць, што траіх аўтараў гэтага партала ў 2018 годзе мінскі гарадскі суд пакараў 5 гадамі зняволення за распальванне нацыянальнай варожасці. Тады суд прыйшоў да высновы што аўтары дапускалі ў тэкстах абразлівыя выказванні на адрас беларускага народа, яго гісторыі, мовы і культуры, ставілі пад сумнеў суверэнітэт Беларусі.
У сваім анонсе рэсурс спасылаецца на актывістку руху «Несмяротны полк» у Віцебску Эльвіру Мірсалімаву. Пры гэтым, паводле звестак усё таго ж «Рэгнума», у самой Расіі ў многіх гарадах мясцовыя ўлады шэсці адмянілі з прычыны каронавіруснай інфекцыі.
Раней і віцебскія ўлады шэсце не дазвалялі. Але палітычная сітуацыя змянілася.

Таццяна Севярынец: Гэта правакацыя!

На думку віцебскай актывісткі Таццяны Севярынец, правядзенне сёлета імпрэзы «Несмяротнага палка» — гэта правакацыя.
«Адмовы на правядзенне з боку ўлад пазалетась — гэта намер "не дражніць гусей". Зараз жа ўсе робіцца, каб дагадзіць Пуціну і "русскому миру". Ва ўлад няма больш боязі выклікаць адмоўную рэакцыю ў беларусаў. Зараз ідзе раздзяленне, бездань паміж пратэстоўцамі і "ябацькамі" расце. Нацыянальнае адзінства для іх азначае падтрымку Лукашэнкі. А астатніх трэба душыць, саджаць і страляць. Гэта правакацыя!» — кажа Таццяна Севярынец.
Шэсце-акцыя «Несмяротны полк» асацыюецца ў Беларусі перадусім з «русским миром», георгіеўскімі стужкамі і партрэтамі Сталіна. Арганізатарамі шэсця выступаюць прарасійскія арганізацыі. Пазалетась (2019 год) віцебскія ўлады не далі афіцыйнага дазволу на правядзенне акцыі, але яе арганізатары ўсё роўна заклікалі сваіх прыхільнікаў прыйсці на плошчу Перамогі ў Віцебску. Тады ўдзел у акцыі ўзялі каля 100 чалавек.
vitebskspring.org