Каталіцкая царква заявіла пра пераслед беларускімі ўладамі

У Беларусі склалася ненармальная сітуацыя з Каталіцкім Касцёлам, заявіў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ў інтэрв’ю парталу Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

ubztalai1513770957.jpg


Паводле яго слоў, цяпер «відавочна, што на касцёл спрабуюць аказваць ціск, а значыць, адбываецца пераслед касцёла, хоць пра гэта ніхто адкрыта не кажа». Ён звярнуў увагу на тое, што «і ў савецкія часы барацьбы з верай і касцёлам ніхто адкрыта не гаварыў пра пераслед, хаця ён быў вельмі жорсткім».

«Пра тое, што сітуацыя цяпер такая, кажуць факты. Па-першае, наш арцыбіскуп (мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч — рэд.) не можа ўехаць у краіну, хоць гэта незаконна і парушае яго правы як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь», — адзначыў біскуп Касабуцкі.

«Па-другое, 31 жніўня ў апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі адбылося пасяджэнне кансультацыйнага міжканфесійнага савета, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі рэспубліканскіх рэлігійных аб'яднанняў праваслаўнай, рыма-каталіцкай, іўдзейскай, мусульманскай, стараверскай і пратэстанцкай канфесій і рэлігійных напрамкаў, — працягнуў каталіцкі іерарх. — Нягледзячы на тое што Каталіцкі Касцёл у Беларусі з’яўляецца другой па колькасці вернікаў традыцыйнай канфесіяй, яго прадстаўнік не быў запрошаны на пасяджэнне кансультацыйнага савета, пра які мы нават не ведалі».

«Пасля пасяджэння з намі звязаліся прадстаўнікі іншых канфесій і падзяліліся, што на ім нас, беларускіх каталікоў, літаральна “палівалі брудам”. Мабыць, прадстаўніка Касцёла не запрасілі таму, што ў нас заўсёды ёсць што адказаць на неабгрунтаваныя прэтэнзіі», — дадаў ён.

Таксама, па яго словах, як спробу ціску на каталіцтва можна расцэньваць «і незразумелыя дзеянні з боку розных дзяржаўных структур ў адносінах да аднаго з самых вялікіх каталіцкіх парафій Мінска — касцёла Святых Сымона і Алены». Біскуп пракаментаваў сітуацыю вакол згаданага касцёла, які афіцыйна належыць падначаленаму гарадскім уладам прадпрыемству «Мінская спадчына», з-за чаго ў прыходу ўзнікаюць розныя праблемы.

«Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўжо больш за месяц таму выступіла з заявай па справе Чырвонага касцёла адносна раптоўна ўзніклай запазычанасці, можна сказаць, “з паветра”, — адзначыў генеральны вікарый архідыяцэзіі. — Былі налічаны велізарныя сумы, якія прыход павінен аплаціць, хоць гэта выглядае даволі несправядліва і непрыгожа. У сувязі з нядаўнім інцыдэнтам у Чырвоным касцёле, калі прадстаўнікі сілавых структур заблакавалі ў ім усе ўваходы, я заявіў рашучы пратэст».

«Зразумела, што падобныя дзеянні абсалютна недапушчальныя і мы ніколі не пагодзімся з парушэннем права людзей на свабоду веравызнання», — падкрэсліў каталіцкі іерарх.

Паспрыяць вырашэнню сённяшняй складанай сітуацыі, лічыць біскуп Касабуцкі, можна «перш за ўсё малітвай». Ён нагадаў, што раней заклікаў святароў і вернікаў архідыяцэзіі «да асаблівай малітвы», каб гэтая сітуацыя «як мага хутчэй вырашылася».

«Мяне парадавала, што мой зварот імгненна знайшоў водгук, прычым не толькі сярод каталікоў — сказаў ён. — Вось, напрыклад, група праваслаўных жанчын прыйшла ўчора ў наш архікатэдральны сабор (сабор Найсвяцейшай Панны Марыі. — рэд.), каб разам з намі маліцца аб свеце і згодзе, аб хутчэйшым вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча на радзіму. Дзякуй ім за гэта».

«Я лічу, гэта важна, што цяжкасці нас не падзяляюць, а аб'ядноўваюць. Разам мы іх хутчэй пераадолеем. Таму яшчэ раз заахвочваю ўсіх вернікаў да стойкай малітвы і салідарнасці ў кожнай жыццёвай сітуацыі», — заклікаў біскуп Касабуцкі.

Паводле naviny.by