Вернікі збіраюць подпісы супраць перадачы касцёла Святых Сымона і Алены ва ўласнасць Мінгарвыканкама

Учора падчас службы ў касцёле святых Сымона і Святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) ксёндз абвясціў, што дзяржава ўвяла для храма дадатковы падатак на зямлю ў памеры 13 000 рублёў у месяц, паведамляе тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь».

k.photo__logo_2.jpg

«Мінская спадчына» выстаўляе аплату за амартызацыю касцёла і падаткі за карыстанне зямлёй у суме каля 13 тысяч рублёў у месяц. У выпадку нявыплаты гэтай сумы касцёл адыйдзе дзяржаве і яго далейшы лёс невядомы. 
«За што мы павінны плаціць нашай дзяржаве 13 тысяч у месяц — за год гэта 156 тысяч? За тое, што мы молімся ў сваім касцёле!» — узрушаны святар.
Ксёндз дадаў, што фундатар храма Эдвард Вайніловіч не будаваў касцёл для дзяржавы, а будаваў яго для людзей, каб яны маглі ў ім праслаўляць Бога.
Паводле святара, кіраўніцтва касцёла звярталася ў Мінгарвыканкам з просьбай не забіраць храм у народа і не ўводзіць новы падатак на зямлю. Але Мінгарвыканкам адказаў, што не бачыць патрэбы аддаваць касцёл людзям.
Цяперашні зварот збіраюцца накіраваць да Аляксандра Лукашэнкі. Подпіс пакінуць можна ў сакрыстыі, а таксама на выхадзе з касцёла.