Кісялёву далі загад праслаўляць трупы
Калі ўсе марныя намаганні засакрэціць факт гібелі ва Украіне пскоўскіх дэсантнікаў апынуліся марнымі, расійскія ўлады змянілі тактыку.
Цяпер казаць пра забітых і скалечаных на ўкраінскай вайне можна, але толькі як пра бясспрэчных герояў, якія аддалі жыццё за ідэалы імперыі.
Пасля таемных пахаванняў пскоўскіх дэсантнікаў, безыменных магіл, да якіх ўзброеная ахова не пускае журналістаў і іншага пуцінскага маразму ў стылі СССР, расійскія СМІ пачалі пісаць аб уласных
грамадзянах, якія загінулі на вайне. Пуцінская прапагандысцкая машына зразумела, што схаваць грузы «200» усё роўна не атрымаецца, таму вырашыла па максімуму выкарыстоўваць забітых і
скалечаных для ўласнай карысці.
Спачатку было растыражавана інтэрв'ю бацькі дэсантніка з Урала Сяргея Казлова, які акупаваў Крым пад выглядам украінскага «беркутаўца», а потым застаўся
без ног на Данбасе.
«А што расказваць? Ён салдат. Ён даў прысягу і сумленна выконваў загад. І не ўцёк, і не спалохаўся, як вашыя там... бандэрлогі гэтыя, за якіх вы запрагаецеся ўвесь час. Зразумела?
Ён не бег туды і не прасіў дапамогі ні ў каго. Я ганаруся ім. Ён сапраўдны салдат... Я не ведаю, дзе ён быў. Хутчэй за ўсё, на мяжы. І што б ён ні рабіў, ён мае рацыю. Запомніце, ён выконваў загад.
Усё. Гэта самае галоўнае для салдата. Ён не бегаў, не касіў. Паклікалі — пайшоў», — распавядае Усевалад Казлоў, дадаючы, што толькі пры Пуціне на Урале людзі
«пачалі жыць», і за гэта жыццё аддаць ногі уласнага сына, вядома, не шкада.
З гэтага эмацыйнага бацькоўскага спіча выцякае тры цалкам класічных таталітарысцкіх мэсэджы: Па-першае, памерці за Расію і Пуціна, які клапоціцца аб простых людзях, гэта ганаровы абавязак
кожнага расіяніна. Па-другое, салдат, які выконвае загад, заўсёды мае рацыю, таму і задумвацца над тым, дзе і чаму ты паміраеш, — гэта злачынства, бо мудры Пуцін лепш ведае, што рабіць салдату імперыі. Ну, і па-трэцяе, супраць вайны
пратэстуюць толькі маскоўскія і піцерскія спешчаныя інтэлігенты і нацыянал-здраднікі, а сапраўдныя рускія мужыкі — соль зямлі — «живота не жалея, свою грудь подставляют за Россию свою».
Пасля тэму падхапіў нават Першы расійскі тэлеканал, які прысвяціў сюжэт двум «героям», якія загінулі
ва Украіне. Тут была выкарыстаная тая ж тэхналогія — сябры і сваякі забітага на вайне
распавялі на камеру, што, хоць ім і вельмі не хапае блізкага чалавека, але гонар перапаўняе іх сэрцы, таму што ён сапраўдны мужчына, герой, з якога ўсе павінны браць прыклад.
І тут не важна, ці шчырымі з'яўляюцца словы маладой удавы ці бацькі, які атрымаў сына-інваліда. Цалкам магчыма, што сваякі кажуць на камеру патрэбныя словы дзеля грашовай кампенсацыі,
ільгот або іншых выгод. Галоўнае, што радавога расіяніна, які любіць цара і айчыну, пасля прагляду навінаў мае перапаўняць гонар за тое, як «добра ўмеюць паміраць бясстрашныя
рускія», у адрозненне ад баязліўцаў-піндосаў і «гейрапейцаў», якія занадта заклапочаныя захаваннем уласных жыццяў і жыццяў сваіх грамадзян.
Уласна, нічога новага пуцінская прапаганда не прыдумала. Усе, каму не пашчасціла жыць у СССР, выдатна памятаюць урокі патрыятычнага выхавання. Героем савецкай міфалогіі мог стаць толькі той, хто
добраахвотна загінуў за радзіму, нават калі яго смерць зусім бессэнсоўная. Як, напрыклад, хрэстаматыйны герой Аляксандр Матросаў, які закрыў уласнымі грудзьмі амбразуру фашысцкага дота. Дзеці і тыя
разумелі поўны ідыятызм гэтага ўчынку, але для савецкага чалавека ахвярнасць важней за розум.
Нават у нацысцкай Германіі прапаганда ўслаўляла не патрыятычных самагубцаў, а кемлівых стойкіх байцоў, якія абавязкова выжывалі і перамагалі. У СССР у пантэон герояў траплялі толькі мёртвыя або
хаця б скалечаныя, як бязногі лётчык Аляксей Мярэсьеў.
Падобная ідэалагічная парадыгма абсалютна азіяцкая (успомніце камікадзэ, харакіры, шахідаў і зелотаў), дзе індывідуальнае заўсёды было падпарадкавана калектыўнаму. Але ці гатова расійскае
грамадства да ахвярапрынашэння ўласных дзяцей на злосць індывідуалістычна-гуманістычнай «Гейропы»? Многія расіяне ўжо зараз сумняваюцца ў апраўданасці падобных ахвяр, але
«Першы канал» іх не паказвае. «Патэлефанаваў брат. Сказаў — яго сына, майго пляменніка, прывезлі ў маскоўскі шпіталь. Ён цяпер бязногі інвалід да канца жыцця. Крым
наш цяпер, х..лі», — піша ў сацсетках дзядзька бязногага Казлова. І з
кожным новым «двухсотым» такіх паведамленняў будзе ўсё больш.
Ганарыцца мёртвымі і бязногімі героямі з тэлеэкрана вельмі лёгка, калі яны адкуль-небудзь з-за Урала. Іншая справа, калі мёртвым «героем» нечакана стаў твой сын, брат, сябар ці
нават сусед. Тут абстрактныя ідэалы вернападданасці і ахвярнасці наўрад ці будуць працаваць. Калі вайна будзе працягвацца і лік «двухсотых» і «трохсотых» пойдзе на
тысячы, Дзмітрыю Кісялёву будзе ўжо вельмі цяжка растлумачыць, навошта радавому расіяніну правінцыя «Наваросія», за якую трэба плаціць жыццём уласных дзяцей.
Тарас Клачко, espreso.tv