Леанід Дайнэка: Аршанская бітва працягваецца

Напярэдадні 500-х угодкаў Аршанскай бітвы стала вядома, што Аршанскі райвыканкам забараніў імпрэзу з гэтай нагоды на гістарычным Крапівенскім полі.



leanid_dajneka.jpg

Леанід Дайнэка
Пра значнасць гэтай бітвы ў гісторыі і яе працяг у сучаснасці мы гутарым з пісьменнікам, аўтарам гістарычных раманаў Леанідам Дайнэкам.
— Спадар Леанід, ці было для вас нечаканасцю рашэнне аршанскіх уладаў?
— Шчыра кажучы, не. Я нават дапускаю, што некаторыя нашы сённяшнія чыноўнікі ў той бітве былі б не пад сцягам Канстанціна Астроскага, а пад сцягам маскоўскага ваяводы Івана Чалядніна. Справа ў тым, што наша дзяржава і яе палітыка, у тым ліку і культурная, знаходзяцца ў магнітным полі Расіі. Дык як жа яны будуць праслаўляць тую бітву, у якой былі разбітыя продкі іхных гаспадароў? Я быў упэўнены, што забароняць, але не чакаў, што так катэгарычна. Можна ж было б прапусціць купку людзей на Крапівенскае поле, каб пачыталі вершы, каб гурт «Стары Ольса» паспяваў песьні. Было б цудоўна. Каму гэта перашкаджала? Каму гэта выклік? Мы ж не ворагі расійскаму народу. Мы ворагі захопнікам, якія прыходзілі на нашу зямлю. У свой час Гітлер абтрэльваў фаўстамі Лондан. Дык што, англічане ворагі немцам? Не. Так і мы — разбілі прышлых ворагаў. І правільна зрабілі, паколькі баранілі свой дом, сваю зямлю, сваю дзяржаву. А дзяржавай нашай на той час было ВКЛ, мы былі грамадзянамі і воінамі гэтай дзяржавы. Дарэчы, я заўважыў такую акалічнасць: слова Ворша паходзіць ад ангельскага слова war — вайна. Вось такое супадзенне.
— Да 500-годдзя Бітвы пад Воршай Нацыянальны банк выпусціў памятную манету (праўда, яе пакуль ніхто не бачыў). Шкада, што Аршанскі райвыканкам не падначальваецца Нацбанку...
— Так, я абсалютна згодны. Значыць, у Нацбанку працуюць прагрэсіўныя людзі. Трэба толькі іх пахваліць. Хай і надалей выпускаюць такія манеты, якія з вялікай ахвотай будуць раскупляць нашы нумізматы і тыя, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі. Дарэчы, Нацбанк пастаянна выпускае такія манеты. Мой сярэдні сын Зміцер іх любіць набываць.
— Бітва пад Воршай апісваецца ў вашым рамане «Назаві сына Канстанцінам». Войска ВКЛ было колькасна меншым, але мела артылерыю. Чаму маскоўцы прыйшлі на Крапівенскае поле без гарматаў?
— З-за самаўпэўненасьці сваёй. Яны пакінулі артылерыю ў Смаленску і хуценька рынуліся на безабароннае, як яны думалі, ВКЛ. Маскоўцам хацелася як мага хутчэй рабаваць, забіраць у палон цяглых мужыкоў, маёмасць. Вядома ж, адсутнасць артылерыі сыграла сваю ролю. У вырашальны момант Канстанцін Астроскі якраз выставіў сваю артылерыю, якая ўшчэнт зрэзала маскоўскую конніцу. Тут праявіўся і ваенны талент Астроскага, які спачатку зрабіў выгляд што адступае, і маскоўцы, ашалеўшы ад нечаканай перамогі, парушылі свае баявыя парадкі і рынуліся ў наступ. А войска ВКЛ расступілася, і баярская конніца Масквы апынулася проста перад жэрламі гарматаў, перад мушкетамі. І пачалі дагэтуль непераможныя маскоўцы ўцякаць — хто як мог ратаваўся. Усё поле было завалена трупамі, вада ў рэчцы стала чырвонай. Загінулі каля 40 тысячаў маскоўцаў, 5 тысячаў трапілі ў палон, у тым ліку галоўны ваявода Чаляднін, яшчэ 8 ваяводаў, 17 ваеначальнікаў высокага рангу, 2000 дзяцей баярскіх. А пераможцам, воінам Канстанціна Астроскага, раздалі 20 000 трафейных маскоўскіх коней. І яны горда паехалі дадому на тых конях.
— Бітва пад Воршай нечаму навучыла Маскву?
— На жаль, не навучыла. Вядома, расіянаў шмат, яны аб’яднаныя нейкай царысцкай ідэяй, што ў іх наверсе толькі адзін чалавек сядзіць, а ўсе — пад ім. Яны заўсёды атакавалі нашы землі. Яны пашыраліся на ўсход, дайшлі да Ціхага акіяну. Яны хацелі прарвацца ў Еўропу, шукалі шляхі да Балтыйскага мора — Іван Жахлівы вёў тысячы і тысячы сваіх людзей, але ўсе загінулі і не прабіліся. І сённяшні прыклад з Украінай — тое самае. Пяцьсот гадоў таму беларусы і ўкраінцы ўваходзілі ў адну дзяржаву — ВКЛ, тады мы ўсе былі ліцьвінамі. Тады Масква ішла вайной на беларускія землі, а сёння — на Данбас, на Украіну — нашу сястру ў ВКЛ. Маскоўцы неўспрымальныя да ўрокаў гісторыі. Хоць у іхнага арла дзьве галавы, але глядзяць яны не туды. Я сам гадоў сем жыў у Расіі. Расійскі народ вельмі добры і шчыры, ён можа і папрацаваць, і чарку выпіць, і паспяваць. Але на іх прапаганда ўздзейнічае. Глядзіце, фільмы ў іх толькі пра нейкіх суперагентаў, якія адным ударам трох збіваюць з ног, страляюць з дзьвюх рук, жанчыны таксама. Хутка ўжо і дзеці будуць камісарамі Мэгрэ ў іхных фільмах.
— Давайце пагаворым пра Астроскага. Ён фігура няпростая: быў у маскоўскім палоне (пасля Бітвы на Вядрошы ў 1500 годзе), прысягнуў на вернасць маскоўскаму цару... Ці ў гісторыі бліскучая перамога спісвае ўсе грахі?
— Так, аршанская перамога спісала ўсе яго грахі. Астроскі сапраўды прыняў прысягу на вернасць цару, у царкве, у прысутнасці патрыярха. Але гэта было пад прымусам. А калі яму загадалі раць падымаць, каб ісці на паўночную Украіну, ён уцёк, вярнуўся ў Вільню і пачаў збіраць войска, каб весці яго на ўсход. Ніякага клятваадступніцтва я тут не бачу. У гісторыі так часта было.
— Адзін з герояў вашага раману гаворыць: «Для Масквы галоўнае — „собирать Русь“. Хоча Русь гэтага збірання ці не хоча, у яе, Русі, не пытаюць». Як гэта сугучна сённяшняму дню, калі Крэмль прыдумаў нейкі «рускі мір» і таксама намерыўся яго збіраць.
— На жаль, сапраўды гісторыя паўтараецца. Умоўна кажучы, Бітва пад Воршай працягваецца і сёння — ва Украіне. І я ўпэўнены, што ўкраінцы ўрэшце перамогуць, як перамаглі нашы продкі на Крапівенскім полі. Нядаўна я напісаў верш, прысвечаны Украіне.
Напаўзло з балот радні змяінай —Кожны гад у сэрца джалам б’е.Украіна, добрая краіна,На шматкі, на крошкі рвуць цябе.Хто яны — у масках, з аўтаматамі?Чый яны выконваюць загад?З матамі ідуць і пераматамі,Як арда ішла вякі назад.Ты заўжды была такой зычліваю,Шчодрай і вясёлаю была.Дык чаму над гарадамі, ніваміЦяжка вісне дымная імгла?Веру, ты не будзеш парабчанкаю.Выйдзі ў поле, стань на рубяжы.Запарожцаў не спалохаць танкамі,Атаман Махно імчыць з тачанкамі,Бацька, шаблю дай, дапамажы!
— Ва Украіне, дарэчы, угодкі Бітвы пад Воршай будуць адзначацца з размахам — ажно ў пяці гарадах. І апошняе пытанне. Расія абвесціла нацыянальным святам дзень 4 лістапада, калі ў 1612 годзе Масква здолела адбіцца ад войска Рэчы Паспалітай, куды ўваходзілі і беларускія землі. Беларусь магла б зрабіць сіметрычны адказ — абвесціць нацыянальным святам 8 верасня. Быў бы выйгрышны ход — нават для сённяшніх уладаў.
— Ход быў бы выйгрышны, але, на жаль, беларускім уладам ён непатрэбен. Пакуль што Дзень беларускай вайсковай славы дзяржаву не цікавіць. А мы памятаем, як у 90-я гады Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў яго адзначала. Як на плошчы прымалі прысягу на вернасць Беларусі пад бел-чырвона-белым сцягам 3000 шэрагоўцаў і 600 афіцэраў. Думаю, што рэха Аршанскай бітвы будзе гучаць у сэрцах маладых людзей. Пішучы свае гістарычныя раманы, я хачу, каб мы не забывалі пра тыя далёкія часы, калі наш народ сяліўся, станавіўся на ногі каля Дняпра, каля Рубона-Дзвіны, каля Нёману — у цэнтры Еўропы. І нам трэба ведаць сваё гераічнае мінулае. Я веру, што дзень 8 верасня будзе ў будучыні абвешчаны дзяржаўным святам Рэспублікі Беларусь.
Міхась Скобла, svaboda.org