Клімавіцкі актывіст патрабуе ад супрацоўнікаў КДБ кампенсацыі выдаткаў на праезд

Клімавіцкі актывіст кампаніі “Гавары праўду” Аляксандр Балобін 1 красавіка накіраваў на імя начальніка Крычаўскага межрайаддзела КДБ Іллі Краўцова прэтэнзію, у якой просіць супрацоўніка КДБ кампенсваць яму выдаткі на праезд з Крычава да вёскі Паўлавічы Клімавіцкага раёна.



balobin_ales.jpg

Аляксандр Балобін

Нагадаем, што людзі, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ, затрымалі Аляксандра Балобіна ў Клімавічах 27 сакавіка на выхадзе з мясцовага райваенкамата. Невядомыя завезлі грамадскага актывіста ў Крычаў, дзе яго ў будынку КДБ пратрымалі тры гадзіны. Гутарыў з актывістам і склаў пратакол яго апытання якраз начальнік Крычаўскага межрайаддзела КДБ Ілля Краўцоў.

Па словах Аляксандра Балобіна, пасля “гутаркі” супрацоўнікі КДБ яго не адвезлі назад у Клімавічы, а кінулі ў малазнаёмым яму горадзе, сказаўшы, што хай яго забіраюць сябры.

Пракансультаваўшыся з праваабаронцамі, 1 красавіка грамадскі актывіст накіраваў на імя начальніка Крычаўскага межрайаддзела КДБ Іллі Краўцова прэтэнзію аб кампенсацыі выдаткаў на праезд .

Аляксандр Балобін кажа, што падставай для напісання прэтэнзіі стала не толькі пытанне кампенсацыі выдаткаў на праезд.

“Безумоўна, справа не толькі ў грашах, сума адносна невялікая,  — кажа Аляксандр Балобін. — Проста нельга ж так абыходзіцца з чалавекам — не прадставіўшыся, хапаць яго пасярод вуліцы немаведама за што, адвозіць у іншы горад і пасля допыту выкідваць на вуліцу, — дабірайся да хаты, як зможаш. Няўжо супрацоўнікі Крычаўскага межрайаддзела КДБ не ведаюць элементарных нормаў паводзінаў у грамадстве?”

spring96.org