Колькі патрэбна сродкаў на святкаванне Дня Волі?

Cтаршыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч распавёў пра новы збор сродкаў на святкаванне Дня Волі.



sustrecha_gubarevich_5.jpg

Аргкамітэт па правядзенні святкавання 102-х угодкаў з моманту абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, у які ўваходзіць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аб’яднаная Грамадзянская партыя, Беларуская Хрысціянская дэмакратыя і рух «За Свабоду», абвясціў пра пачатак збору сродкаў для арганізацыі мітынгу-канцэрта ў сталіцы.

Збор сродкаў будзе адбывацца на краўдфандынгавай платформе molamola.by.

Юрась Губарэвіч распавёў пра гэта Радыё Рацыя:

— На платформе molamola.by пазначана сума, якую мы плануем сабраць — 25 тысяч рублёў. Але зразумела, што гэта базавая сума. Канчатковая будзе залежыць ад таго, у якім месцы дазволяць праводзіць мерапрыемства, які склад выканаўцаў збярэцца і гэтак далей. Калі зыходзіць з мерапрыемства мінулага года, то 25 тысяч рублёў, можа быць, будзе і дастаткова, але калі збяром больш сродкаў, то, натуральна, можна зрабіць нешта больш маштабнае і па якасці, і па іншых параметрах.

— Можа быць, у збор сродкаў варта закласці і выдаткі, якія неабходна будзе заплаціць арганізатарам за паслугі міліцыі?

— У першую чаргу мы хацелі б збіраць ахвяраванні на тэхнічнае забеспячэнне мерапрыемства — на сцэну, аплату музыкаў і гэтак далей. А тое, што грошы яшчэ патрабуе і міліцыя, на мой погляд, гэта абсалютна незаконна па Канстытуцыі.

У мінулым годзе мы да апошняга адмаўляліся плаціць, прайшлі праз усе судовыя працэсы, але, урэшце былі вымушаны заплаціць з уласных сродкаў. Мы не хацелі б гэты цяжар ускладаць на грамадства, але, натуральна, калі нехта захоча аказаць такую дапамогу, то будзем толькі ўдзячны.

— У гэтым годзе таксама рыхтуецеся плаціць гэты падатак міліцыі?

— Найперш будзем рабіць розныя захады, каб гэты ганебны падатак увогуле быў адменены. Ён жа закранае не толькі палітычныя акцыі, але і рэлігійныя мерапрыемствы, і спартыўныя. Улады перагнулі палку, калі вырашылі збіраць грошы яшчэ і такім спосабам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
https://www.racyja.com/hramadstva/kolki-patrebna-srodkau-na-svyatkavan/