Куды ідуць грошы, якія КДБ спаганяе за данаты?
Дзяржава не ўпусціць магчымасці нагрэць рукі на беларусах. Толькі за мінулы год з тых, хто данаціў фондам салідарнасці, спагналі больш 365 тысяч долараў.
Сілавікі працягваюць прымушаць плаціць беларусаў, якія данацілі ў «пратэсныя фонды». Але калі раней «кампенсацыі» трэба было пераводзіць на рахункі РНПЦ, дзіцячых дамоў ці хоспісаў, то цяпер у плацёжках усё часцей фігуруе адзін і той жа атрымальнік — «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання». «Зеркало» расказвае, што вядома пра гэтую дзяржустанову.
«Ці сядзеш, ці плаці»
Пераслед за данаты ў Беларусі пачаўся з 2023 года. Тады ўлады прыдумалі схему, па якой тыя, хто ахвяравалі ў «пратэсныя» фонды «By_Help» і «BYSOL», маглі пазбегнуць крымінальнага пераследу, пералічыўшы вялікую суму (як правіла, у дзесяціразовым памеры, але былі выпадкі, калі людзі плацілі ў сто, а то і тысячу разоў больш) на рахунак адной з дзяржаўных устаноў. Арганізацыю, куды плаціць, называлі самі сілавікі.
Чацвёра чытачоў «Зеркала», якія трапілі ў КДБ за данат сёлета, расказваюць, што спагнаннем грошай працягваюць займацца супрацоўнікі КДБ і ДФР, часам пры ўдзеле ГУБАЗіКа.
«Кампенсацыю» па-ранейшаму патрабуюць у дзесяціразовым памеры. Напрыклад, калі пералічыў 120 долараў — трэба ахвяраваць 1200, калі адправіў у фонд 230 долараў — просяць «пакрыць» 2300. Пры гэтым ёсць мінімальная стаўка — 500 долараў. Столькі запытваюць у тых, хто данаціў на невялікія сумы.
Ці рэальна пагандлявацца? Адзін з суразмоўцаў «Зеркала» сцвярджае, што яму ўдалося трохі знізіць суму да выплаты. Праўда, астатнія кажуць, што супрацоўнікі былі вельмі катэгарычнымі.
«Знізіць суму было немагчыма. Гаварылі, за адмову будзе "крыміналка"».
«Не грубілі, але размова пачалася з ультыматуму: ці сядзеш, ці плаці».
«Ветлівым быў толькі адзін супрацоўнік, які мяне забраў з працы. Астатнія паводзілі сябе па-хамску і не саромеліся ў выразах».
«Мы на сябе не трацім»
Дакладная колькасць людзей, якія з пачатку 2023 года такім чынам папоўнілі бюджэт, невядомая. Аднак, паводле звестак МУС, з пачатку гэтага года сілавікі прымусілі 260 чалавек «добраахвотна» перавесці грошы дзяржаўным сацыяльным і медыцынскім установам краіны. Агульная сума «ахвяраванняў» перавысіла 356 000 долараў.
Звычайна адрасатамі «кампенсацый» былі РНПЦ, хоспісы, дзіцячага дома і розныя псіханеўралагічныя ўстановы (напрыклад, «Мсціслаўская спецыяльная школа-інтэрнат» атрымала 120 тысяч долараў). Аднак апошнім часам у спісе з'явілася новая дзяржустанова — «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання». Што гэта за цэнтр, у які так актыўна сталі збіраць грошы? На сайце іх задача апісана даволі туманна: «Кансультатыўная спецыялізаваная медыцынская дапамога».
Журналістка «Зеркала» як занепакоеная грамадзянка звярнулася ў саму арганізацыю з пытаннем: на што ідуць сродкі, якія сілавікі прымусілі «добраахвотна» ахвяраваць?
— Гэты рахунак адкрыты для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, — расказалі ў прыёмнай. — На дадзены момант цяпер мы ўжо купілі перасоўны ФАП для Верхнядзвінскай бальніцы. У нас у планах рамонты розных дзіцячых аддзяленняў. Мы купляем розным арганізацыям абсталяванне, рамонты робім, усё, што неабходна. Яны пішуць заяўкі ў Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства аховы здароўя разглядае, і тады з іх дазволу мы пералічваем грошыкі або купляем самі для арганізацыі, якой гэта неабходна. Мы на сябе не трацім, у нас няма куды траціць, у нас ложкаў няма. Нашы прафесары-дацэнты ездзяць кансультуюць цяжкахворых пацыентаў.
Кіруе экс-вайсковец, які прэзентаваў новую аптэчку для беларускага войска
Цяперашні кіраўнік «Цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання» — Дзмітрый Альховік. Ён былы вайсковец. Раней займаў пасаду начальніка ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны. Менавіта ён паказваў на дзяржТБ беларускую вайсковую аптэчку, якую Лукашэнка запатрабаваў зрабіць «лепш за натаўскую». Таксама Альховік жа каментаваў стан здароўя прызыўнікоў і змены ў складзе аўтамабільных аптэчак першай дапамогі.
Дарэчы, менавіта «Цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання» быў атрымальнікам дапамогі, якую выдзялялі ў Беларусі на барацьбу з кавідам — як унутры краіны, так і з-за мяжы. Усяго ў 2020 годзе на рахунак цэнтра прыйшло дапамогі на суму больш за 73 мільёны беларускіх рублёў і яшчэ больш за 87 мільёнаў — у наступныя два гады. У іх ліку — сродкі індывідуальнай абароны, лекі і вакцыны.
Цэнтр часткова публікуе справаздачы па сваіх выдатках на сайце — аднак там ёсць інфармацыя толькі пра бязвыплатную дапамогу з-за мяжы. Каб даведацца дакладнае прызначэнне канкрэтнага дабрачыннага плацяжу грамадзяніна, супрацоўнікі прапануюць прыйсці з квітанцыяй аб аплаце.
Гэты ж цэнтр займаецца санітарнай авіяцыяй — перавозкай цяжкахворых людзей. Менавіта ён у 2021 годзе эвакуяваў з Егіпта на радзіму беларуса, які пацярпеў пры няшчасным выпадку. Дыспетчарскі аддзел працуе кругласутачна і гатовы аказваць экстраную дапамогу. Праўда, паслугі перавозкі часцей за ўсё платныя.
— Рашэнне аб бязвыплатнай транспарціроўцы прымаецца на ўзроўні кіраўніка кампетэнтнага органа дзяржаўнага кіравання ў выключных выпадках, — гаворыцца на сайце МЗС.
Калі і як у Беларусі сталі пераследаваць за данаты?
У студзені 2023 года стала вядома, што ў беларускія IT-кампаніі пачалі прыходзіць спісы людзей, якія данацілі ў фонды «BYSOL» і «By_Help» у 2020-м. Людзей са спісу запрашалі на допыт у КДБ, дзе прапаноўвалі кампенсаваць данат у «пратэсны» фонд. Пазней практыка распаўсюдзілася на тых, хто данаціў з іншых сфер.
Кампенсацыя накіроўвалася ў адзін з дзяржаўных дзіцячых дамоў або медыцынскіх цэнтраў. За кампенсацыю абяцалі выдаць рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Але пры гэтым дакументы пра заведзеную крымінальную справу людзям не паказвалі.
Дакладнай лічбы тых, хто можа быць у спісах сілавікоў, няма. Паводле слоў сузаснавальніка «BYSOL» Андрэя Стрыжака, сілавікі называлі лічбу ў 5000 чалавек, але з 2020-га ў фонд пералічвалі грошы больш за 100 тысяч чалавек.
Пазней высветлілася, як сілавікі вылічаюць людзей, якія данацілі ў фонды. Большасць такіх данатаў у 2020 годзе здзяйснялася праз Facebook. Сілавікі атрымалі праз беларускія банкі спісы тых, хто пералічваў грошы з беларускіх картак. Гэта значыць, яны ведаюць пра факт плацяжу ў бок сацсеткі, але не пра тое, куды менавіта пайшлі грошы. Каб гэта высветліць, сілавікі правяраюць прыкладанне Facebook на тэлефонах падчас допытаў.
Праблема ў тым, што выдаліць інфармацыю пра плацяжы са свайго акаўнта ў Facebook складана (радыкальны варыянт — выдаліць акаўнт цалкам). Аднак прынамсі аднаму беларусу гэта ўдалося. Для гэтага ён адправіў некалькі запытаў у службу падтрымкі «Meta» і растлумачыў сітуацыю. Пра тое, што ідуць перамовы наконт таго, каб хаваць інфармацыю пра данаты, «Зеркалу» гаварыў і сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак.