Хронікі рэпрэсій. У Магілёве пасадзілі керамістку, у Гродне схапілі праваслаўнага харыста

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 20 чэрвеня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1.png

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 30 траўня асудзілі керамістку Алену Карпенку паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Касцюк прызначыла Алене 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Дзяржаўная прапаганда абвінаваціла дзяўчыну ў тым, што яна запісала відэа, як выбарчы ўчастак №87 (быў размешчаны на тэрыторыі Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы) закрыўся раней за афіцыйны час.

Па версіі прапагандысткі Крысціны Бармуцкай, дзяўчына адправіла ролік у «экстрэмісцкі канал», аднак насамрэч яна адправіла відэа сяброўцы за мяжу. Пасля інцыдэнту Алена атрымала адміністрацыйны арышт.

Музыканта і стартапера з Добруша будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэмізму». Глебу Дудко 35 гадоў, ён родам з Добруша, горада ў Гомельскай вобласці. Бацька Глеба Алег Дудко — вядомы ў Гомелі оперны спявак і колішні саліст філармоніі.

У 2018-м Глеб разам з праграмістам Максімам Грыневічам запусціў праект ConcertMaster. Ідэя праекта ў тым, каб стварыць праграму, якая б магла аўтаматычна акампаніраваць вакалістам, піша «Наша Ніва».

Глеба затрымалі ў сакавіку ў Добрушы і прысудзілі яму арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля гэтага мужчыну, імаверна, перавялі ў СІЗА.

Суд над Глебам пачнецца 26 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе. Яму інкрымінаваная ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Судзіць Дудко будзе суддзя Мікалай Доля.


Глядзіце таксама

Гродзенскі абласны суд 1 ліпеня пачне разгляд завочнай крымінальнай справы ў дачыненні да былой кіраўніцы гродзенскага дзіцячага хоспісу Вольгі Вялічка. Яе прызначаны весці суддзя Дзмітрый Бубенчык. Вользе інкрымінаваныя:

ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці);

арт. 193-1 КК (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці);

ч. 3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных);

ч. 3 арт. 210 КК (намер на завалоданне маёмасцю ў буйным памеры службовай асобай);

ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак);

ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);

ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).

Раней на Вольгу завялі крымінальныя справы за «крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў буйным памеры» і за ўдзел у акцыі пратэсту.

Затрыманы выкладчык мінскага ўніверсітэта. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчыну затрымалі ў яго дзень народзінаў — 20 чэрвеня яму споўнілася 32 гады.

На відэа выкладчыка прымусілі сказаць, што ён нібыта адправіў у «Чорную кнігу Беларусі» інфармацыю пра супрацоўніка АМАПа і аднаго з выкладчыкаў.

 

Глядзіце таксама

У Гродне затрыманы пеўчы хору Даніэль-Ландсей Кейта. Навідэа мужчына кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў негатыўныя каментары пра міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, а таксама дрэнна ставіўся да расійскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне.

Вядома, што затрыманы — лаўрэат I ступені рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна і лаўрэат III ступені міжнароднага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна.

Палітвязня Руслана Волкава могуць перавесці на турэмны рэжым. Яго затрымалі 4 чэрвеня 2021 года ў Іўеўскім раёне пры спробе перасекчы беларуска-літоўскую мяжу, каб перабрацца ў Еўрасаюз. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» (арт. 293 КК) у Брэсце ў жніўні 2020 года.

8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста Руслану прызначылі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбывае ў наваполацкай калоніі № 1.

Стала вядома, што 1 ліпеня ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Руслану рэжыма ўтрымання на турэмны. Рашэнне будзе прымаць суддзя Віталь Лапко.


Глядзіце таксама

Суддзя Віцебскага абласнога суда Вольга Іллюшонак 19 чэрвеня пастанавіла пачаць ліквідацыю Беларускага грамадскага аб'яднання жанчын «Ульяна». Ініцыятарам закрыцця ГА стала Міністэрства юстыцыі.

БГА «Ульяна» больш за 26 гадоў аб'ядноўвала актыўных жанчын для таго, каб іх энергію накіраваць на рэалізацыю грамадска значных праектаў па аказанні дапамогі жанчынам, дзецям і сем'ям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Практычна ўсе праекты былі рэалізаваны сумесна з мясцовымі органамі выканаўчай улады.

Цікава, што ў Мінску тым часам ліквідуюць аб’яднанне беларуска-расійскай інтэграцыі «Разам». Мінскі гарадскі суд 19 чэрвеня разглядаў пазоў Міністэрства юстыцыі на гэты конт, рашэнне пакуль невядомае.

Праект moladz.hеlp і ягоныя сацсеткі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гаворка пра сайт, старонку ў «Інстаграме», лагатып, а таксама тэлеграм-каналы і чаты «moladz.hеlp | центр прав молодёжи», «Распределение 2024 РБ | Обсуждение», «Призыв 2024 РБ | Обсуждение». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 17 чэрвеня.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі: тэлеграм-каналы і чаты «+ Вертикаль», «Еурапейскi Дыялог»; старонкі ў сацсетках праекту «Orsha.еu», старонка ў «Аднакласніках» «НАРОДНЫЙ РЕПОРТЕР», цікток-старонкі «Евангелле Св.Лукер’i Рыгораўны», «agulina192», «Простымi Словамi».

І так, «экстрэмісцкім таксама прыхнаны акаўнт «Новага Часу» ў ЦікТоку.


Глядзіце таксама

У Беларусі 17 новых палітвязняў. Гэта Мікалай Распопаў, Віктар Чайка, Арцём Дзягцеў, Дзмітрый Міхальцэвіч, Віталь Наўгародскі, Іван Лапкоўскі, Алег Саргавіцкі, Аляксандр Новік, Валянцін Суцягін, Максім Хмяльніцкі, Максім Паноў, Лізавета Шульская, Павел Красуцкі, Яўген Германовіч, Фёдар Сарокін, Дзяніс Гузаў, Андрэй Цімонін.

Агулам у спісах правааронцаў цяпер 1427 палітвязняў, але вядома, што насамрэч іх у Беларусі нашмат больш.