Леанід Судаленка: Плануем зарэгістраваць асацыяцыю «Мы не дармаеды»
Юрыст прафсаюза РЭП Ленаід Судаленка распавёў, чаму «дармаедам» трэба яднацца.

Леанід Судаленка адзначыў у каментары «Радыё Рацыя»:
— Гамяльчанка Марыя Тарасенка, якая да нядаўняга часу лічылася “дармаедкай”, але затым яе выключылі з гэтага спіса, падала заяўкі на правядзенне 25 акцый у рэгіёне, але палове заявак ужо адмоўлена. Дык вось падчас сустрэч з людзьмі на гэтых акцыях мы і планавалі прыцягнуць на свой бок “дармаедаў”.
Ідэя такая — стварыць арганізацыю, куды б увайшлі тыя, каго ўлада назвала “дармаедамі”. Хаця б дзесяць такіх чалавек назбіраем, пасля чаго будзем падаваць дакументы на рэгістрацыю асацыяцыі з гучнай назвай “Мы не дармаеды”. Думаю, за лета ўдасца вырашыць усе арганізацыйныя моманты.
— Чым будзе займацца асацыяцыя?
— Будзем змагацца за поўную адмену дэкрэта аб “дармаедах”, аказваць інфармацыйна-кансультацыйныя паслугі, юрыдычную дапамогу людзям, якіх улада ўнесла ў чорны спіс. Напрыклад, чалавек даведваецца, што ён патрапіў у спіс “дармаедаў”, пасля гэтага звяртаецца ў нашу асацыяцыю і атрымлівае ўвесь комплекс паслуг.
Пакуль “дармаеды” плацяць па падвышаных тарыфах толькі за падагрэў вады, але з 1 кастрычніка пачнуць вылічваць і за газ, і за цеплазабеспячэнне.
Мяркую, незадаволеных будзе шмат, калі людзі пачнуць плаціць за камуналку ў пяць разоў больш.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя