Максім Знак даслаў ліст «з этапу»

Палітвязень, юрыст штабу Бабарыка Максім Знак знаходзіцца (зменшага, знаходзіўся некалькі дзён таму) ў СІЗА №2 у Віцебску. Менавіта адтуль прыйшоў ліст яго сястры Ірыне Козікавай.

screenshot_2_3.jpg


Аб этапаванні Знака, 10-гадовы прысуд якога Вярхоўны суд пакінуў у сіле, стала вядома 29 снежня, аднак інфармацыі, у якую менавіта калонію яго адпраўляюць, не было. Паколькі прамежкавым пунктам стала Віцебскае СІЗА, можна меркаваць, што далей Максіма адправяць у адну з калоній Віцебшчыны, піша REFORM.by.

Знак адправіў свой ліст сястры 31 снежня і падвёў у ім вынікі 2021 года: «Сацсетак у мяне часова няма, так што пішу табе».

Увесь 2021 Максім правёў у зняволенні. У лісце ён іранізуе над гэтым: кажа, год прайшоў не зусім так, як планавалася.

«Я хацеў падарожнічаць, але крыху павандраваў у канцы года. Затое адразу — у культурную сталіцу», — напісаў ён, маючы на ўвазе Віцебск.

Знак распавёў, што яму ўдалося зрабіць у 2021-м. Так, ён за год напісаў 6181 ліст — у сярэднім каля 17 у дзень. «Часам (даволі часта) велічынёй з паштоўку, але заўсёды — розныя. Хоць важней, вядома, тыя лісты, што я атрымаў — думаю каля 5000. І ў кожным — толькі добрае, за што я вельмі ўдзячны ўсім», — піша Максім.

Таксама ён стараўся займацца спортам. Не асвоіў ёгу, але з сакавіка кожны дзень стаяў у планцы па 5 з лішнім хвілін, навучыўся адціскацца рознымі спосабамі, пампаваў прэс, рабіў масток.

«Магчыма, нешта ўжо развучыўся, але як з'явіцца магчымасць, планую працягнуць. Пакуль нельга», — сказаў ён, маючы на ўвазе бягучыя ўмовы ў СІЗА.

Акрамя таго, за год Максім Знак прачытаў 200-300 кніг (дакладна не лічыў), выпісаў і выслаў людзям больш за 650 цытат з іх. Таксама ён напісаў 700 старонак уласнага рамана «Лэпсер» (з іх 70% у 2021 годзе), каля 60 апавяданняў і некалькі дзясяткаў вершаў.

«Дні былі шэрыя і аднолькавыя, а год выйшаў цікавы. Але лепшае наперадзе. З Новым годам!» — скончыў свой ліст Максім Знак.

Нагадаем, 6 верасня, пасля году зняволення, Марыю Калеснікава і Максіма Знака прысудзілі да 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Яны прызнаныя вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), ч. 3 арт. 361 (заклікі да захопу ўлады або дзеянняў, якія шкодзяць нацбяспецы) і ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне або кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем). Калеснікава будзе адбываць пакаранне ва ўмовах агульнага рэжыму, Знак — узмоцненага рэжыму.