Маміны гісторыі. У дзіцяці крызіс? Радуйцеся!
Яшчэ ўчора ваш малы весела ўсміхаўся, з апетытам еў, укладваўся спаць паводле рэжыму, а сёння яго нібы падмянілі: плача з нагоды і без, а накарміць і пакласці спаць яго проста немагчыма. Ну, прывітанне, крызіс.
Самае непрыемнае, што дзіцячы крызіс наспявае раптоўна, тады, калі яго не чакаеш. Ён абрынаецца падспутна, літаральна як гром сярод яснага неба. І першы час бацькі губляюцца ў здагадках, што ж стала прычынай дзіцячых капрызаў: можа, яму штосьці баліць і варта паказаць малое ўрачу?
Але з часам жыццёвы досвед вучыць бацькоў не бегчы да педыятра з першым беспрычынным піскам, а супакоіцца і паназіраць. Магчыма, гэта будзе каштаваць некалькіх новых сівых валасоў ды трымцення вачэй, але ўрэшце прычына будзе знойдзена.
Звычайна, калі мой спакойны сын раптоўна пачынае раўсці, я аналізую некалькі фактараў. Спачатку выключаю базавыя патрэбы: ці не хоча ён есці, спаць, ці чысты ў яго падгузак. Паралельна стараюся вызначыць характар плачу — як правіла, ужо на першых месяцах жыцця немаўляці мама можа адрозніць розныя віды плачу і зразумець, чаго хоча яе дзіця.
Часцей за ўсё бывае так, што ўсе патрэбы малога задаволеныя, але істэрыкі не спыняюцца. У той жа час увагу сына ўдаецца ненадоўга адцягнуць новай цацкай (лайфхак: самымі любімымі "цацкамі" для гэтага ў нас сталі пакункі з вільготнымі сурвэткамі, цэлафанавыя пакеты, пластыкавыя бутэлькі з вадой, а ўвогуле падыдзе ўсё, што трапіцца пад руку — галоўнае, каб было бяспечным і новым для дзіцяці). І тут я выдыхаю (ну, ці наадварот, набіраю паболей паветра ў лёгкія, каб перажыць гэты час): усё зразумела, чарговы крызіс! І шчыра радуюся. Па-першае, я ведаю, што праз некалькі дзён істэрыкі скончацца, і перада мной зноў будзе мой спакойны сын. Па-другое, я змагу патрэніраваць свой "дзэн", тэхнікі дыхання і іншыя "фішкі" для захавання душэўнай раўнавагі. Ну а па-трэцяе, і самае галоўнае: маё дзіця навучыцца нечаму новаму.
Жыццё маленькага чалавека, асабліва на першым годзе жыцця, амаль цалкам складаецца з крызісаў. Бо за гэты час новы арганізм расце, развіваецца, засвойвае інфармацыю з шалёнай хуткасцю, якой не паўторыць больш ніколі ў жыцці. Падумайце самі: за нейкі год чалавекападобны чарвячок фарміруецца ў цалкам сабе гатовага чалавека з шэрагам навыкаў і пэўнымі прыкметамі асобы. Такое развіццё нясе велізарную нагрузку для дзіцячага мозгу і мае пэўныя "пабочныя эфекты" — тыя самыя крызісы, якія праяўляюцца істэрыкамі, парушэннямі апетыту, сну, пагаршэннем настрою. Але самае галоўнае і каштоўнае — тое, што любы такі крызіс абавязкова заканчваецца з'яўленнем у дзіцяці новых уменняў альбо прыкмет росту (напрыклад, прарэзваннем зубоў). Нездарма існуюць нават графікі так званых скачкоў роста немаўлят па тыднях, дзе на кожны дзень распісаныя магчымыя пагаршэннем настрою, самыя цяжкія і самыя лёгкія перыяды.
Таму, калі вашае дзіця ні з пушчы ні з поля пачало капрызіць, падумайце, ці не чарговы крызіс яно праходзіць. І, паверце, крычыць яно зусім не таму, што хоча вывесці вас з сябе, а таму, што яму самому вельмі цяжка. І хто, як не вы, бацькі, можаце палегчыць стан малечы, хаця б проста знаходзячыся побач з ёй.
Больш маміных гісторый чытайце тут