Мінадукацыі «ператвараецца ў міністэрства прапаганды»

Міністэрства адукацыі спрыяе ўзмацненню таталітарызму ў Беларусі, лічаць прадстаўнікі Офіса Ціханоўскай і Аб'яднанага пераходнага кабінета.

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas5_logo.jpg

У сумеснай заяве прадстаўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Аліны Коўшык і прадстаўніцы Офіса Ціханоўскай Таццяны Шчытцовай гаворыцца, чым пагражае апрылюдненае Міністэрствам адукацыі палажэнне «Аб установе вышэйшай адукацыі» ад 6 кастрычніка.

Аліна Коўшык і Таццяна Шчытцова лічаць, што рэалізацыя гэтага палажэння Мінадукацыі прывядзе да ператварэння ВНУ ва ўстановы, аналагічныя партыйным школам. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве з гэтай нагоды:

kouszyk_szczytcova.jpg

«Новае палажэнне «Аб установе вышэйшай адукацыі» сведчыць аб небяспечнай змене прыярытэтаў у навуковай і адукацыйнай палітыцы дзеючай улады. На першы план ставяцца задачы ідэалагічнай і выхаваўчай працы, а навукова-даследчая дзейнасць адсоўваецца на другі план.

Гэтым рашэннем Міністэрства адукацыі садзейнічае ўзмацненню таталітарных тэндэнцый у Беларусі. Абавязуючы вышэйшыя навучальныя ўстановы засяродзіцца на ідэалагічнай працы, Міністэрства адукацыі ператвараецца ў міністэрства прапаганды. Укараненне ў практыку новага палажэння прывядзе да ператварэння ВНУ ў «партшколы». Іх галоўнай задачай стане падрыхтоўка кадраў, якія падтрымліваюць палітыку і падзяляюць каштоўнасці рэжыму Лукашэнкі, які ўзурпіраваў дзяржаўную ўладу ў Беларусі.

Немагчыма фарміраваць грамадзянскасць, патрыятызм і нацыянальную самасвядомасць на аснове ідэалогіі, якую прасоўвае Лукашэнка і яго прапагандысты. Рэжым выключае магчымасць развіцця нацыянальнай беларускай культуры і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і пераследуе людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё гэтай працы».

Офіс Святланы Ціханоўскай заклікае «беларускіх навукоўцаў і выкладчыкаў, якія працягваюць працаваць у дзяржаўных ВНУ Беларусі, не ператварацца ў прапагандыстаў» і знаходзіць магчымасць праз выкладанне «абмяжоўваць уплыў лукашэнкаўскай ідэалогіі на беларускую моладзь», адраджаць нацыянальную свядомасць, разумець прыярытэтнасць захавання дзяржаўнасці, гісторыі, нацыянальнай культуры і мовы.

Нагадаем, Пастановай Міністэрства адукацыі №311 вызначаецца парадак дзейнасці ВНУ. Адной з асноўных задач там называецца фарміраванне ў навучэнцаў патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі.