Мінадукацыі ў тэставым рэжыме запусціла адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс

З 1 студзеня 2021 года пачаў працу ў тэставым рэжыме новы кампанент вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі — адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс eior.unibel.by.

markshejder_obuchenie_3.jpg


«У цяперашні час на рэсурсе размешчаны матэрыялы па ўсіх вучэбных прадметах для трэцяй чвэрці — камплекты вучэбна-метадычных матэрыялаў па ўсіх вучэбных прадметах, якія ўключаюць відэафрагменты з тлумачэннем вучэбнага матэрыялу і тэставыя заданні для самаправеркі ведаў і ўменняў», — піша Інтэрфакс-Захад са спасылкай на Міністэрствв адукацыі Беларусі.

У Мінадукацыі адзначылі, што да распрацоўкі навучальных матэрыялаў прыцягнутыя лепшыя настаўнікі з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Кансультаванне распрацоўшчыкаў, каардынацыю іх дзейнасці і метадычную экспертызу распрацаваных навучальных матэрыялаў забяспечваюць спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у лік якіх уваходзяць аўтары дзеючых вучэбных дапаможнікаў для навучэнцаў, дапаможнікаў для настаўнікаў, навукоўцы і метадысты. Тэхнічную падтрымку рэсурсу ажыццяўляе Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

«На дадзены момант завяршаецца экспертыза матэрыялаў для чацвёртай чвэрці», — распавялі ў Мінадукацыі.

Чакаецца, што ў студзені-лютым гэтага года будуць праведзены вебінары для педагогаў па пытаннях выкарыстання рэсурсу.

У Міністэрстве адукацыі прапануюць усім жадаючым накіроўваць прапановы па ўдасканаленні рэсурсу на на інфалінію нацыянальнага адукацыйнага партала adu.by.