Мінінфарм прыпыняе выпуск сеткавага выдання TUT.BY на тры месяцы з 1 кастрычніка

Мінінфарм прыпыняе выпуск сеткавага выдання TUT.BY з 1 кастрычніка, гаворыцца ў загадзе міністра Ігара Луцкага ад 29 верасня, які атрымала рэдакцыя.

Фота Вольгі Шукайла

Фота Вольгі Шукайла

Міністэрства інфармацыі нагадвае, што выпуск СМІ можа быць спынены рашэннем рэспублiканскага органа дзяржкіравання ў сферы масавай інфармацыі, калі пададзены адпаведны пазоў у суд. Іскавую заяву ў Эканамічны суд ведамства накіравала 18 верасня, паседжанне прызначанае на 8 кастрычніка.
У дакуменце, які сёння атрымала рэдакцыя, гаворыцца, што міністр інфармацыі Ігар Луцкі загадвае: прыпыніць выпуск сеткавага выдання TUT.BY c 1 кастрычніка па 30 снежня 2020 года.

Што гэта значыць?

Па загадзе міністра, з 1 кастрычніка TUT.BY страціць статус СМІ. Пры гэтым рэдакцыя па-ранейшаму будзе працаваць як інтэрнэт-рэсурс.
Так, статус СМІ дае некаторыя перавагі, у прыватнасці, магчымасць на законных падставах прысутнічаць у парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у раёнах узброеных канфліктаў ці надзвычайных сітуацый, на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю. Але нагадаем, TUT.BY быў зарэгістраваны як СМІ толькі ў студзені 2019 года, да гэтага — з моманту заснавання ў 2000 годзе — партал працаваў без гэтага статусу.
Рэкламныя паслугі будуць аказвацца ў звычайным парадку. ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» хоча запэўніць сваіх рэкламадаўцаў, што нават у выпадку прыняцця рашэння аб часовым блакаванні сайта, усе абавязацельствы перад кліентамі будуць выкананы (з прадастаўленнем, на выбар, магчымасці перанесці тэрмін рэкламнай кампаніі па ўзгадненні з кліентам, альбо вяртання папярэдняй аплаты).
Пачынаючы з 7 жніўня 2020 года TUT.BY атрымаў чатыры папярэджанні. Прэтэнзіі ад ведамства прыйшлі пасля матэрыялаў «У сем разоў больш выбаршчыкаў і "таемныя" пратаколы. Якія парушэнні ўбачылі назіральнікі і што сказаў ЦВК?», «Камітэт дзяржкантролю зможа выплаціць буйныя прэміі работнікам, якія праявяць сябе ў рэзанансных справах», «Да рэдактара TUT.BY прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі справу аб масавых беспарадках» і «Беларуская мытня папрасіла пацвердзіць, што ў "Гары Потэра" няма заклікаў да звяржэння ўлады».