Міністэрства адукацыі расказала, як настаўніку паводзіць сябе падчас канфлікту

На афіцыйным сайце Міністэрства адукацыі з'явілася нататка аб тым, як павінен паводзіць сябе настаўнік падчас канфлікту з вучнямі, паведамляе «Еўрарадыё».

Ілюстрацыйнае фота / TUT.BY​

Ілюстрацыйнае фота / TUT.BY​

"Апошнімі днямі ў СМІ актыўна абмяркоўваецца інцыдэнт, які адбыўся ў СШ № 15 г. Гомеля. Выказваюцца дыяметральна супрацьлеглыя думкі адносна паводзін удзельнікаў канфлікту", — напісана на сайце ведамства.

Падкрэсліваецца, што незалежна ад абставін, рэакцыя педагога на паводзіны навучэнца была недапушчальнай. імаверна, гаворка ідзе пра настаўніцу Людмілу Чацвярткову, якую пасля скандальнага відэа звольнілі, а пазней аднавілі на працы па даручэнні Лукашэнкі.

Міністэрства адукацыі заклікае настаўнікаў вырашаць канфліктныя сітуацыі ў адпаведнасці з выразным алгарытмам.

Так, у сітуацыі, калі вучань паводзіць сябе на ўроку задзірліва, правакуе іншых навучэнцаў або настаўніка на канфлікт, настаўнік павінен выклікаць дзяжурнага адміністратара або кагосьці з адміністрацыі школы і паведаміць пра сітуацыю. Член адміністрацыі абавязаны праінфармаваць аб гэтым законных прадстаўнікоў вучняў, запрасіць іх у школу для гутаркі і выпрацоўкі рэкамендацый па выхадзе з канфліктнай сітуацыі.

У выпадку, калі парушэнні паўтараюцца, паводзіны вучняў разглядаюцца на паседжэнні савета па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх установы адукацыі. Затым прымаюцца адпаведныя меры наўпрост да пастаноўкі на ўлік.

Абавязкі педагагічных работнікаў прапісаныя ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (артыкул 53). Настаўнік абавязаны выконваць прававыя, маральныя і этычныя нормы. Таму любы гвалт (фізічны ў выглядзе "плескача" або псіхалагічны ў форме нецэнзурных выказванняў) з пазіцыі педагога недапушчальны.

Раней Еўрарадыё паведамляла, што Людмілу Чацвярткову звольнілі 13 верасня — пасля выпадку ў чацвёртым класе, куды яна прыйшла замяняць калегу. Бацькі аднаго з вучняў апублікавалі відэа, на ім настаўніца трасе партай над галавой вучня з крыкам: "Я пайду ў турму, а табе п...ц!" Увечары ў школе адбыўся бацькоўскі сход, на якім настаўніца папрасіла прабачэння за свае паводзіны. Але яе ўсё роўна звольнілі.

Пазней з'явілася поўная версія відэа, з якога можна зрабіць выснову, што канфлікт справакаваў вучань. Чацвярткова несла парту з хваста кабінета, каб адсадзілі кагосьці, і пачала крычаць, калі ён спрабаваў падставіць ёй падножку.

euroradio.fm