«Мяне пераследавалі». Былы намеснік начальніка Віцебскага ІЧУ, які звольніўся пасля выбараў, з'ехаў з Беларусі

Былы намеснік начальніка Віцебскага ІЧУ, маёр Сяргей Каўрыга, які звольніўся з міліцыі пасля выбараў прэзідэнта, з'ехаў з Беларусі.

Сяргей Каўрыга, фота з асабістага архіва

Сяргей Каўрыга, фота з асабістага архіва

Па словах Сяргея Каўрыгі, ноччу з 2 на 3 кастрычніка яго затрымалі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Віцебска каля пад'езду свайго дома.
— Я быў на ўрачыстасці ў рэстаране, вярнуўся дадому таксоўкай. Толькі выйшаў з яе, як у кроку ад пад'езда мяне затрымалі і павезлі ў райаддзел. Гэта не стала для мяне нечаканасцю: напярэдадні з некалькіх крыніц я даведаўся, што мяне плануюць затрымаць. Пасля звальнення з міліцыі я меркаваў, што мяне будуць пераследваць і правакаваць на ўчыненне, дапусцім, дробнага хуліганства або непадпарадкавання міліцыі. Таму я цалкам кантраляваў свае паводзіны.
У міліцыі на Сяргея Каўрыгу склалі пратакол за парушэнне ч. 1 арт. 17.3 КаАП (З'яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення, што абражае чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць).
— Аднак я ніяк не мог абразіць «чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць», бо пры затрыманні меў ахайны знешні выгляд, не хістаўся ў бакі, прыстойна сябе паводзіў, не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў, — кажа Сяргей Каўрыга.
У РАУС ён папрасіў, каб запрасілі адваката.
 Аднак гэтую просьбу праігнаравалі. Потым я правёў у гэтым райаддзеле 8 гадзін у камеры для затрыманых. У парушэнне ўсіх ведамасных загадаў ў ІЧУ мяне не даставілі, — лічыць былы намеснік начальніка ізалятара.
За парушэнне ч. 1 арт. 17.3 КаАП Сяргей Каўрыга атрымаў штраф — 5 базавых (135 рублёў). Адміністрацыйную справу 5 кастрычніка разгледзеў начальнік Кастрычніцкага РАУС Дзмітрый Брадаўка.
Былы міліцыянт абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе.
— Паводле рапарта і пратакола затрымання, мяне затрымалі ў 3.00, а па пратаколе медасведчання мой агляд пачаўся раней — у 2.56. Азнаёміцца ​​з матэрыяламі справы мне пад рознымі падставамі не давалі, а потым высветлілася, што яе наогул разгледзелі без мяне.
Сяргей Каўрыга лічыць, што гэтым усё не скончыцца:
— Лічу, маё затрыманне было незаконным. У мяне была інфармацыя, што адным затрыманнем усё не скончыцца, што мяне і далей будуць пераследваць. Таму я вымушаны часова з'ехаць з Беларусі.
Нагадаем, Сяргей Каўрыга прапрацаваў у міліцыі 23 гады. Пачынаў службу ў ППС, потым быў участковым, працаваў у вышуку ў Першамайскім РАУС. Апошнія пяць з паловай гадоў быў намеснікам начальніка Віцебскага ІЧУ. У канцы жніўня маёр звольніўся. Да заканчэння кантракта не даслужыўся 5 месяцаў.
 Я свядома вырашыў звольніцца з органаў. Праваахоўнікі павінны кіравацца ў сваёй працы нормамі права і выконваць іх. [...] Стала зусім немагчыма. Калісьці прыходзіць канец чалавечаму цярпенню. На маё рашэнне звольніцца паўплывала тое, што зараз адбываецца ў краіне: вяршэнства права няма, — казаў раней Сяргей Каўрыга.
tut.by