«Мы павінны жыць і рабіць нейкую добрую справу»

Праграміст Максім нядаўна адбыў на Акрэсціна 15 сутак. Гэта ўжо не першае яго зняволенне. Ён распавёў «Новаму Часу» пра арышт праз некалькі дзён пасля нараджэння дачкі, чаму ўсё яшчэ не з’ехаў і што дае яму падставы глядзець у будучыню Беларусі з аптымізмам.

Ізалятар на Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ізалятар на Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Міліцыянт параіў узяць на «размову» ссабойку

Цягам некалькіх тыдняў Максіму настойліва тэлефанаваў міліцыянт і запрашаў прыйсці ў РУУС «на размову». Калі мужчына наўпрост запытаўся: «І што, пасадзіце на 15 сутак?», той адказаў: «Не, ну што вы! Але, калі не прыйдзеце, будзем складаць пратакол». Урэшце Максім вырашыў пайсці, узяўшы з сабой адваката.
— У прынцыпе, я рыхтаваўся да штрафу. У мяне за некалькі дзён да гэтага дачка нарадзілася, думаў, да такога (арышту. — НЧ) яны не апусцяцца — двое дзяцей да двух гадоў! — гаворыць Максім.
Ён не ведаў прычыны настойлівасці міліцыянта, але меркаваў, што справа можа тычыцца налепкі з «Пагоняй» на яго аўто. Суразмоўца ўзгадвае, як па тэлефоне спытаў у міліцыянта, ці вызваліцца да 12-й гадзіны. На што той параіў узяць ссабойку, бо, можа, давядзецца дольш «пасядзець, паразмаўляць».
Версія Максіма ў міліцыі фактычна пацвердзілася: нейкі міліцыянт сфатаграфаваў налепку на машыне, калі яна стаяла каля працы, і склаў рапарт па арт. 24.23 КаАП.
 Як выявілася, на наступны дзень сыходзіў тэрмін дзеяння гэтай адміністрацыйнай справы, так што мог бы яшчэ пачакаць. З іншага боку, не хацелася б, каб уварваліся ў хату з малымі дзецьмі і выламалі дзверы, — разважае Максім.
Пасля запаўнення папер у пастарунку міліцыянт сышоў, а калі вярнуўся, сказаў Максіму: «Вымайце шнуркі».
— Ну, я, наіўны, думаю: зараз да наступнага дня давядзецца чакаць суда на Акрэсціна, а там ужо штраф, — смяецца суразмоўца.
На наступны дзень на Акрэсціна сапраўды адбыўся суд, але Максіму далі не штраф, а 15 сутак.

На 4 месцы — 21 вязень

У ізалятары ў вочы кідаўся кантраст у дачыненні да палітычных і іншых зняволеных. Тыя ж зладзюжкі сядзелі ў камеры насупраць з кніжкамі, матрасамі і бялізнай, іх выводзілі на прагулкі. Максім і яго сукамернікі не маглі пра гэта нават марыць.
— У адной камеры былі нібыта «буяны», іх траіх прывялі да нас на «перавыхаванне», і яны былі ў шоку, што, аказваецца, бывае і горш. Праз паўдня іх перавялі назад.
Роўна год таму Максім ужо адбываў на Акрэсціна 10 сутак, тады яго абвінавацілі ў хуліганстве, але прысуд быў палітычна матываваны. Трапіўшы ў ізалятар цяпер, ён зазначае, што ўмовы там адназначна пагоршыліся. Год таму матрасы ў палітычных таксама забіралі, але на ноч вярталі. Цяпер іх не даюць зусім. Калі раней маглі змясціць 3-4 чалавекі ў двухмесную камеру, то цяпер у чацырохмеснай камеры было ад 15 да 21 чалавека. Толькі ў апошнія дні іх стала 7. Памеры камеры — 2,2 метра на 5,5. Апроч уласна вязняў там змяшчаліся два двух’ярусныя ложкі, дзве тумбачкі, стол, доўгая лава і прыбіральня. Спаць даводзілася на падлозе, пад нарамі, прасторы для руху фактычна не было.
— Калі б я быў там першы раз, то гэта ўсё, канешне, непрыемна. Але цяпер ужо стаўлюся да гэтага трохі па-філасофску, — зазначае былы арыштант.
Паводле слоў Максіма, цяпер палітычных «адміністрацыйшчыкаў» трымаюць разам, таму сукамернікі ў яго ўсе былі інтэлігентныя, з імі было пра што паразмаўляць. Сярод іх — некалькі праграмістаў, аўтамеханікі і нават гукарэжысёр ансамбля «Харошкі», які даседжваў тры дні, на якія яго асудзілі раней. Такіх «дасядзельцаў» у камеры было некалькі. Таксама з Максімам сядзеў хімік, а яшчэ — «палітычны» бяздомнік.
— Трэба сказаць, ён быў чыстаплотны. Даволі распаўсюджаная гісторыя: яшчэ ў 90-х падчас прыватызацыі кватэры яго выпісалі, а назад ён ужо не трапіў. Яго затрымалі за тое, што ён сядзеў з бел-чырвона-белай таблічкай, на якой быў напісаны нейкі вострасацыяльны тэкст — паводле яго слоў, людзі так актыўней даюць грошы. Высветлілася, што гэткім чынам за дзень можна назбіраць 70-80 рублёў.
У камеры з Максімам сядзеў 20-гадовы хлопец, якога арыштавалі за белыя аркушыкі на акне. Быў і хлопец, які прынёс сябру ключы, а ў таго акурат праходзіў ператрус. І небараку забралі за кампанію ды асудзілі па арт. 19.1 — нібыта ён лаяўся матам і супраціўляўся.

Недахоп паветра і карцар для хворых

Як зазначае Максім, знаходзіцца ў зняволенні яму было ў пэўным сэнсе нават лягчэй, чым многім на волі.
— Ты адчуваеш, што знаходзішся на гэтым дне, пра якое ўсе перажываюць і думаюць, як там. Але ты разумееш, што ты тут — гэта непрыемна, але перажыць гэта можна. Да таго ж, там ты не чытаеш навіны, а на волі яны на цябе ціснуць. Але, канешне, туды не хочацца больш трапляць ні пры якіх абставінах.
Суразмоўца распавядае, што сапраўды на Акрэсціна праходзяць начныя «шмоны», калі арыштаваных будзяць і патрабуюць, каб яны называлі свае імёны і прозвішчы. Некаторыя супрацоўнікі патрабуюць, каб усе пры гэтым уставалі, а некаторыя дазваляюць не ўставаць — зрабіць гэта ў перапоўненай камеры не так проста.
Галоўнай праблемай для вязняў быў недахоп паветра. У той жа час вокны ў камеры былі адчыненыя, зачыніць іх было немагчыма, бо яны знаходзіліся за сеткай і ў іх не было ручак. У прахалодныя ночы вельмі скразіла, некалькі чалавек у камеры праз гэта захварэлі, у іх была тэмпература.
 — Дамагчыся медыцынскай дапамогі там нерэальна. Урач ніяк не рэагуе, у найлепшым выпадку дадуць нейкую таблетку «ад галавы». У найгоршым выпадку хворых забіралі ў карцар, дзе іх усіх ізалявалі ад іншых.
Сярод забаў, апроч гутарак, якія займалі асноўны час, былі гульні ў нарды, а таксама ў «Банку»: калі хтосьці называе літару, і на гэтую літару трэба назваць прадмет, які змесціцца ў слоік (банку).
 Калі туды трапляеш, у цябе вельмі шмат злосці на ўсіх тых, дзякуючы каму ты там апынуўся. Але, калі выходзіш, усё гэта нібыта спадае. У мяне цяпер няма адчування, што я там прабыў 15 дзён, псіхалагічна гэта нібыта 2 — 3 дні.

«Усё не безнадзейна»

Максім гаворыць, што ніколі не быў прыхільнікам канцэпцыі «зваліць», але, выбіраючы «паміж ізалятарам і Варшавай, любы нармальны чалавек абярэ Варшаву».
— У мяне ёсць свае абставіны — сям’я, дзеці — гэта вельмі ўскладняе ад’езд, не тое, што сабраў чамаданчык і паехаў. Пакуль крытычная маса не дасягнутая і ёсць прычыны, па якіх мы тут, але цяпер той момант, калі я найбольш набліжаны да рашэння з’ехаць, — прызнаецца суразмоўца.
Максім называе сябе аптымістам і глядзіць у будучыню Беларусі з надзеяй. Хоць дадае: цяперашняя сітуацыя можа расцягнуцца на гады.
— Пакаленні змяняюцца, людзі сыходзяць, і адзін чалавек таксама рана ці позна сыдзе. Але, спадзяюся, нам не давядзецца чакаць гэтага моманту, бо ёсць чыннікі, якія могуць спрацаваць звонку — тыя ж санкцыі. Але відавочна, што на дадзены момант пратэсты задушаныя і мы, на жаль, залежым не ад уласных актыўнасцей, а ад нейкіх знешніх чыннікаў. На мой погляд, усё не безнадзейна. Як нехта напісаў, варта зазірнуць на 1,5 года назад і параўнаць сітуацыю, у якой улады знаходзіліся тады і ў якой знаходзяцца цяпер. Гэта кардынальна розныя ўзроўні.
Для сябе Максім знаходзіць паратунак у дзецях і сям’і, у адпачынку, сустрэчах з сябрамі, якія яшчэ не з’ехалі, і занятках творчасцю.
— Мы павінны жыць і рабіць нейкую добрую справу, кожны з нас можа камусьці дапамагаць, — перакананы ён.