На Акрэсціна прынялі перадачы для затрыманых супрацоўнікаў «БелаПАН»
Для затрыманых супрацоўнікаў і экс-дырэктара «БелаПАН» прынялі перадачы. Цяпер застаецца спадзявацца, што затрыманым іх перададуць.
![Ірына Леўшына Ірына Леўшына](/img/v1/images/1037002530_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ірына Леўшына
У ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна прынялі перадачы для галоўнай рэдактаркі-дырэктаркі «БелаПАН» Ірыны Леўшынай, бухгалтаркі Кацярыны Боевай і былога дырэктара кампаніі Дзмітрыя Наважылава.
Усе трое былі затрыманыя 18 жніўня пасля ператрусаў дома і ў офісе кампаніі. Таксама ў гэты дзень ператрусы прайшлі дома ў намесніка галоўнага рэдактара Аляксандра Зайцава, журналістаў Ірыны Турчынай і Захара Шчарбакова.
Шчарбакоў і Турчына былі дапытаныя ў СК, пасля чаго адпушчаныя пад падпіску аб неразгалошванні. Зайцаў на допыт не дастаўляўся, але падпісаў абавязацельства аб яўцы.
У пастановах на ператрусы было пазначана, што яны праводзяцца ў рамках узбуджаных крымінальных спраў аб масавых беспарадках і групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Гледзячы па ўсім, гаворка ідзе пра артыкулы 293 і 342 Крымінальнага кодэкса.
Сервер, на якім размяшчаўся сайт кампаніі, канфіскаваны. Сайт недаступны. Таксама канфіскаваны рэдакцыйны сервер.