На Гарадзеншчыне разбурылі яшчэ адно пахаванне салдат Арміі Краёвай. Яны загінулі ў баі з нацыстамі

Чарговы акт вандалізму зафіксаваны ў вёсцы Стрыеўцы Гарадзенскай вобласці. Гэта ўжо пятае вядомае разбурэнне магілаў ваяроў Арміі Краёвай у Гарадзенскім рэгіёне.

08090000_0a00_0242_627a_08da5e4ae172_w1023_r1_s.jpg


У Стрыеўцы быў знесены помнік байцам Арміі Краёвай (АК), якія загінулі ў 1943 годзе ў баях з нямецкімі акупантамі, паведамляе інтэрнэт-рэсурс Mostmedia са спасылкай на прадстаўніка Саюзу палякаў у Беларусі Марэка Занеўскага. На месца разбурэння прыбыў генеральны консул у Горадні Анджэй Рачкоўскі.

Згодна з гістарычнымі звесткамі, 23 верасня 1943 года каля вёскі Стрыеўка нацысты напалі на Кадравы ўдарны батальён — партызанскае фармаванне ў складзе АК. У выніку нападу загінулі 32 з 35 байцоў батальёну.

Салдаты Арміі Краёвай загінулі ў баі з нямецкай жандармерыяй падчас рэйду па загаду штабу АК на тэрыторыі Наваградскай акругі АК. На прывале ў Стрыеўцы атрад быў акружаны нямецкімі войскамі.

Помнік на магіле салдат Арміі Краёвай быў усталяваны ў 1992 годзе намаганнямі Сусветнага саюзу байцоў АК пры падтрымцы Рады па захаванні памяці баёў і пакутніцтва.

На мемарыяльнай дошцы былі змешчаныя імёны жаўнераў, якія ваявалі ў гэтым населеным пункце. Месца іх пахавання невядомае.


Гэта ўжо пятае вядомае разбурэнне магілаў ваяроў Арміі Краёвай у Гарадзенскім рэгіёне. 1 ліпеня СМІ паведамілі пра разбурэнне пахаванняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёна, 4 ліпеня — у Мікулішках Ашмянскага раёна, 8 ліпеня — у Ваўкавыску, 9 ліпеня — у Качычах Карэліцкага раёна.

Старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік сітуацыю не каментуе. Ён запрашае польскіх турыстаў скарыстацца бязвізавым рэжымам і наведаць Гарадзеншчыну.

У Польшчы асудзілі кампанію знішчэння помнікаў польскім салдатам. Афіцыйная заява польскага Міністэрства замежных спраў з’явілася на сайце ведамства 6 ліпеня.

7 ліпеня ў Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў сувязі з сітуацыяй са знішчэннем пахавання салдат Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна. У міністэрстве адмаўляюць, што нейкае пахаванне ўвогуле існавала.

11 ліпеня беларусы, што жывуць у Польшчы, асудзілі разбурэнне магілаў салдат у Беларусі: з пратэстам выступілі чальцы Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы.

«У нашай цывілізацыі за норму прынятая павага не толькі да сваіх, але і да замежных жаўнераў і нават да ворагаў. Гэта таксама азначае клопат аб іх годным пахаванні. Разбурэнне магілаў польскіх ваяроў сёння з’яўляецца крайнім варварствам. Самаабвешчаны рэжым Лукашэнкі перайшоў яшчэ адну непраходную рысу. Мэта гэтых ганебных спраў відавочная — пасварыць польскі народ з беларускім. Мы на гэта не згодныя», — напісана ў лісце за подпісам прэзідэнта Беларускага гістарычнага таварыства, прафесара Алега Латышонка.