Настаўніцу гімназіі звальняюць за ліст у абарону беларускай мовы

Да Глеба Лабадзенкі звярнулася настаўніца з мінскай гімназіі №4.

dzen_rodnaj_movy_2014_gl_1.jpg

Мае дзеці навучаюцца ў 4-й гімназіі. Думаю, што вы ведаеце са справаздачаў Геніка Лойкі ў ФБ, у якіх абставінах зараз вымушаны працаваць настаўнікі і як вынішчаецца мова з нашай школы, — піша жанчына. — Зараз мы збіраем подпісы бацькоў, але без дапамогі СМІ ўжо не абысціся. Я выкладаю чэскую мову ў гімназіі, але тыдзень перад судом дырэктар мяне выклікаў, пагражаў і у канцы размовы паведаміў, што збірае дакументы, каб Геніка адправіць у Навінкі. Тады я і пачала збіраць подпісы. Нехта данёс дырэктару. і той мяне звальняе. Прыкладаю наш ліст”.

Дырэктару гімназіі №4 г. Мінска
Гоцману А.М.
бацькоў вучняў гімназіі №4 г. Мінска

ЛІСТ

Мы, бацькі вучняў гімназіі № 4 г. Мінска, просім спыніць выгнанне і фактычна вынішчэнне беларускай мовы, якое адбываецца ў сценах нашай гімназіі. Гімназія № 4 — адзіная на ўвесь Фрунзенскі р-н беларускамоўная школа са статусам гімназіі. І мы, бацькі, свядома прывялі нашых дзяцей менавіта ў гэтую навучальную ўстанову, каб яны атрымлівалі веды на роднай мове. Для нас вельмі важна, каб працэс навучання, выхавання і зносінаў настаўнікаў з вучнямі і іх бацькамі адбываўся на роднай — беларускай мове. Гэта значыць, што мова павінна гучаць падчас урокаў, факультатываў, на перапынках, у сталовай, гардэробе, падчас наведвання вучнямі гарадскіх мерапрыемстваў, тэатраў і кінатэатраў, экскурсій, паходаў, у групе падоўжанага дня і тп. Бацькоўскія сходы таксама маюць весціся на роднай мове. У нашай школе са званком настаўнікі раптам забываюцца на свой абавязак і стасуюцца з вучнямі на рускай мове, а некаторыя нават выкладаюць свае прадметы па-руску. Яны парушаюць права вучняў набываць адукацыю на роднай мове. У нашай гімназіі, такім чынам, парушаецца закон нашай краіны.

Мы, бацькі, зыходзячы з інтарэсаў нашых дзяцей, просім ад настаўнікаў выкладаць свае прадметы на беларускай мове і не забывацца пра свае абавязкі адразу пасля званка. Мы ім даверылі нашых дзяцей, а яны ім падаюць прыклад двудушнасці, абыякавасці да сваёй мовы.


З павагай, бацькі вучняў гімназіі № 4 г. Мінска

Мінск 10.05.2017

Рэдакцыя зараз спрабуе разабрацца ў справе, звязацца з кіраўніцтвам гімназіі. Падрабязнасці паведамім пазней.