НАК патлумачыла, чаму беларуская міліцыя павінна стаць паліцыяй

Нацыянальнае антыкрызіснае кіраванне, якое ўзначальвае Павел Латушка, у сваім тэлеграм-канале заявіла, што беларуская міліцыя мусіць змяніць назву на «паліцыя». Раней НАК апублікавала план рэформаў МУС. Сярод прапановаў – ліквідацыя АМАПу, ГУБАЗіКу, Алмазу ды іншых структураў МУС, піша Белсат.

Фота Яны Трусіла

Фота Яны Трусіла


«Паліцыя» – ад грэцкага «поліс», што азначае «горад» ці селішча. Заданне паліцыі – прафесійна бараніць горад і яго насельніцтва. «Міліцыя» – ад лацінскага «міліцыя», азначае «непрафесійны ваенізаваны атрад ратнікаў».
Цітушкі, ціхары, людзі, якім раздалі «аэрозольчыкі» – гэта якраз атрад ратнікаў. Заданне міліцыі – узброены супраціў, выкананне загаду без прафесійнага разумення сваіх дзеянняў», – так тлумачыць НАК розніцу ў паняццях «паліцыя» і «міліцыя».
Ідэя народнай міліцыі была цалкам дэмакратычнай: новы орган мусіў узначаліць абіраны грамадствам начальнік міліцыі. Падначальваўся ён толькі мясцоваму самакіраванню. Галоўнай функцыяй міліцыі было забеспячэнне правапарадку ў пераходны перыяд. Фармавалася міліцыя з добраахвотнікаў і прадстаўнікоў грамадскасці, нагадвае НАК.
Але ўсе дэмакратычныя распачынанні былі забытыя ўжо да канца 1917 году. Заміж гэтага пачалося будаванне цвёрдай таталітарнай вертыкалі, дзе ўлада і права аддаваць загады людзям са зброяй стала належаць партыі.
Міліцыя ператварылася ў інструмент абароны інтарэсаў дзяржаўнага ладу, палітычнага вышуку і орган дыктатуры пралетарыяту, а ў 30-я гады міліцыя стала галоўнай карнай прыладай рэжыму, нагадвае НАК.
У часы незалежнай Беларусі міліцыя аказалася не гатовай да незалежнасці краіны. Перакос у бок палітычнага вышуку даў пра сабе знаць. Міліцыя працягнула рабіць тое, што ў яе атрымлівалася найлепей: выкараняць іншадумства і нязгоду з дзейным рэжымам.
«Пераназванне ў паліцыю – гэта не проста змена назвы. Гэта першы крок да новых каштоўнасцяў і поспеху рэформы», – абгрунтоўвае НАК сваю даволі спрэчную для беларускага грамадства прапанову.

Што яшчэ ў плане рэформаў унутраных спраў

НАК канстатуе, што, як паказалі апошнія месяцы, супрацоўнікі аддзелаў унутраных справаў (АУС) кіруюцца ў сваёй дзейнасці загадам, а не законам.
Адбываецца эскалацыя гвалту, рэпрэсіяў і ціск з боку АУС на грамадзянаў. Злачынствы ў дачыненні да грамадзянаў не расследуюцца, матэрыялы праверак і сляды злачынстваў знішчаюцца, аднаўленне справядлівасці не надыходзіць. Парушаюцца нормы як міжнароднага, так і ўнутранага заканадаўства.
Разам з тым, НАК канстатуе, што запыт на рэформы маецца і сярод супрацоўнікаў АУС: сумленныя супрацоўнікі стаміліся ад кумаўства, непісьменнасці і беззаконня ўнутры сістэмы, асуджаюць факт перадачы права на гвалт «неабыякавым грамадзянам» і г. д.
Супрацоўнікі пазбаўленыя нават права казаць пра ўсё гэта публічна. У краіне няма незалежнага органа, куды яны маглі б звярнуцца па дапамогу і абаронай сваіх парушаных працоўных і грамадзянскіх правоў – яны ў той жа сітуацыі, што і ўсе астатнія беларусы, падкрэслівае НАК.

Прыярытэтныя напрамкі рэалізацыі рэформы органаў унутраных спраў

• Збор і абагульненне міжнароднага вопыту рэформаў сістэмы МУС.
• Стварэнне новай арганізацыйнай структуры сістэмы АУС. Трэба вырашыць, якія з існуючых падраздзяленняў падлягаюць рэфармаванню і сур’ёзнай чыстцы, якія – зліццю і якія новыя неабходна стварыць.

shto_zmyanyaetstsa.png


Трэба таксама вызначыць, якія будуць адносіны падпарадкаванасці, якія не дазволілі б засяродзіць усе сілавыя рэсурсы ў адных руках. Напрыклад, абласныя і раённыя структуры будуць мець самастойнасць, каб паменшыць верагоднасць карупцыі і беззаконня. Там будзе свая сістэма проціваг. Напрыклад, будзе незалежнасць начальніка паліцыі Гомельскай вобласці ад рэспубліканскіх органаў, магчымасць самому прымаць рашэнні на падведамнай яму тэрыторыі без узгаднення з кім бы там ні было.
• Стварэнне прафсаюзаў супрацоўнікаў сілавога блока.
• Стварэнне незалежнай ад МУС юрыдычнай і псіхалагічнай службаў для супрацоўнікаў.
• Стварэнне сумленнай і празрыстай сістэмы адбору супрацоўнікаў і прасоўвання па службе.
• Фінансавае забеспячэнне рэформы. Кошт, выдаткі і крыніцы фінансавання будуць цалкам празрыстыя і падсправаздачныя народу і ўраду. Сярод іншага прадугледжанае вяртанне сродкаў карумпаванымі чыноўнікамі.
• Законапраекты. Неабходна распрацаваць праекты змяненняў у дзейнае заканадаўства для забеспячэння выканання рэформы МУС.
НАК прыгадвае, што яны адкрытыя для прапаноў і супрацы з дзейнымі сілавікамі. І вельмі хочуць пачуць іхныя меркаванні.