Жыхары Пружан паскардзіліся, што іх затрымліваюць наўпрост на аўтобусным прыпынку. Вось што адказалі мясцовыя ўлады

«Людзей, якія чакаюць аўтобуса на прыпынку, садзяць у аўтазак і вязуць у РАУС. Супрацоўнікі не называюцца і затрымліваюць людзей «для высвятлення асобы», не ратуе нават наяўнасць пашпарту».


c6823a3e_18fb_4265_8b77_191aaa31a9e7_w650_r0_s.jpg


Мясцовыя актывісты, якіх на вуліцах горада апошнім часам затрымлівалі па 5-9 разоў «для высвятлення асобы», накіравалі старшыню Пружанскага райвыканкаму запыт, у якім прасілі даць ім дазвол наведваць крамы, хадзіць па горадзе пешшу і перамяшчацца на транспарце без затрымання Пружанскім РАУС, распавядае «Свабода».

Ганна Баран у заяве прасіла «выдаць дазвол гуляць па горадзе Пружаны і стаяць на аўтобусным прыпынку». Яе затрымлівалі дзевяць разоў, калі яна ішла з парку, па гарадской плошчы ці стаяла на прыпынку.

Людміла Царану пісала старшыню, каб ёй дазволілі наведваць крамы, аптэкі, свабодна перамяшчацца па вуліцах і дарогах свайго гораду і раёну, знаходзіцца на прыпынках грамадскага транспарту, ля навагодніх ялінак «без рызыкі быць затрыманай і асуджанай».

«У маю кватэру прыходзяць і стукаюць у дзверы супрацоўнікі РАУС, затрымліваюць на працоўным месцы, змяшчаюуць у ІЧУ як небяспечнага злачынцу, тым самым прыніжаючы маю чалавечую годнасць перад грамадствам, прыносячы тым самым маральныя і душэўныя пакуты», — піша Людміла Царану.

Старшыня Пружанскага райвыканкаму Юры Бісун адказаў Ганне Баран, што паводле 30-га артыкула Канстытуцыі Беларусі грамадзяне маюць права свабодна перамяшчацца.

bae004b3_9c24_45ae_9384_a7c26ab82e88_w1023_r1_s.jpg

«Выдача якіх-небудзь дазволаў на перамяшчэнне ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі мясцовымі органамі ўлады заканадаўствам не прадугледжана», — гаворыцца ў адказе старшыні.

У выпадку незаконнага затрымання Юры Бісун параіў абскарджваць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру Пружанскага раёну альбо ва ўпраўленне ўнутраных справаў Берасцейскага аблвыканкаму.

Аднак пружанцаў надалей затрымліваюць.

Старшыня мясцовай каардынацыйнай рады Ганна Баран паведаміла, што пружанцаў затрымлівалі цягам тыдня.

«У Пружанах два дні запар аўтазак забірае людзей з аўтобуснага прыпынку, які пружанцы называюць «прыпынкам Перамен». Людзей, якія чакаюць аўтобуса на прыпынку, садзяць у аўтазак і вязуць у РАУС. Супрацоўнікі не называюцца і затрымліваюць людзей «для высвятлення асобы», не ратуе нават наяўнасць пашпарту. Гутаркі з затрыманымі праводзіць падпалкоўнік Павел Сандрыгайла», — сказала Ганна Баран.

Пружанцаў таксама затрымліваюць для допыту ва ўпраўленні Следчага камітэту ў Берасцейскай вобласці як падазраваных па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) за карагоды ў Берасці. Сямёра пружанцаў цяпер знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.