У Лебядзіным затрымалі пяць чалавек. Трох мужчын і дзяўчынак 6 і 8 гадоў (відэа). АБНОЎЛЕНА
Аднаго з затрыманых адарвалі ад вазка, у якім засталося васьмімесячнае дзіця.
Жыхары мінскага мікрараёна Лебядзіны распавялі, што падчас вячэрняга чаявання прыехалі два мікрааўтобусы з сілавікамі. У двары знаходзілася каля 25 чалавек чалавек з дзецьмі без сімволікі, піша TUT.BY.
— Адзін з сілавікоў сказаў: «У мяне загад забраць трох мужчын», — распавядае сведка. — У выніку павезлі тату з двума маленькімі дзяўчынкамі — 6 і 8 гадоў, мужчыну без дзяцей і яшчэ аднаго тату, якога адарвалі ад вазка з васьмімесячным малым. Калыска проста так і засталася стаяць на вуліцы і, мяркуючы па ўсім, патэлефанаваць жонцы не далі.
Цяпер месцазнаходжанне затрыманых людзей не вядома. Жыхары Лебядзінага распавядаюць, што ў Цэнтральным РУУС кажуць, што нікога не прывозілі. Ёсць інфармацыя, што іх маглі адвезці ў Савецкае РУУС.
UPD. Паводле TUT.BY, тату і дзвюх дзяўчынак выпусцілі з РУУС праз дзве гадзіны. Сказалі дашлюць позву. Тата васьмімесячнага дзіцяці пакуль застаецца ў РУУС. Яго могуць не адпусціць.