Не будзьце манкуртамі, грамадзяне!

Часам здараюцца незвычайныя сітуацыі з-за беларускай мовы. Бывае, кажаш: «Вітаю!» Перапытваюць: «Какой Виталик?» Але збольшага людзі пазітыўна ставяцца да мовы, і даішнікі — не выключэнне.

mova.jpg

Фота з сайта belngo.info


Мы працягваем знаёміць вас з людзьмі, прыклад якіх разбурае міф пра тое, што беларуская мова існуе толькі ў сферах культуры, палітыкі ці адукацыі. Знаёмцеся з чарговымі ўдзельнікамі "Перапісу беларускамоўнага насельніцтва", праведзенага курсамі "Мовананова": беларускамоўным экскурсаводам, тэолагам ды грузаперавозчыкам. 


Павел Дзюсекаў, экскурсавод, Мінск


movananova4_dziusekau.jpg


Беларуская мова ўвайшла ў маё жыццё з урокамі гісторыі ў школе — у 2003 годзе да нас завітаў выкладаць знакаміты гісторык і краязнаўца Іван Сацукевіч. А потым у 10-м класе было прынята валявое рашэнне (проста аднойчы вырашыў па дарозе ў школу) пераходзіць на беларускую мову, на што мне спатрэбілася паўгода. Гэта не было складана, трэба было толькі практыкавацца і запамінаць новыя словы. Ну і куды ж без «добразычліўцаў», якія, гаворачы па-руску, не лянуюцца выпраўляць усе твае памылкі! Сваякі і сябры рэагавалі стрымана і здзіўлена, але мова — гэта асабісты выбар, тут уплыву кагосьці дапускаць не варта.


Цяпер карыстаюся мовай амаль увесь час: дома, на працы, з сябрамі, экскурсіі свае ў межах праекту «Вандроўкі ў мінулае» раблю таксама толькі па-беларуску. Руская мова застаецца для сяброў з Расіі і турыстаў адтуль жа, а таксама для крам, маршрутак і афіцыйных устаноў. Напэўна, у ідэале трэба размаўляць па-беларуску і там, але я не вельмі люблю здзіўленыя вочы.


Пішу тарашкевіцай — неяк палюбілася яна мне з часоў «Нашай Нівы» пачатку 2000-х. У працы нават плюс — суполкі ў сацсетках выглядаюць стылістычна старэйшымі, дый весела чытаць каментатараў, якія кажуць, што я пішу з памылкамі.
Да мяне на экскурсіі завітвае шмат замежнікаў — украінцы, расіяне, быў нават іранец. Нашы суседзі мову разумеюць досыць добра, перапытваюць толькі асобныя словы. Дарэчы, самыя «ўлюбёныя» незразумелыя словы для саміх беларусаў — кляштар, бэз і падмурак.


Ганна Залатар, тэолаг, Крыжоўка


movananova4_zalatar.jpg


За зацікаўленасць беларускай мовай я ўдзячная, у першую чаргу, свайму тату, у вялізнай бібліятэцы якога стаялі шматлікія кнігі беларускіх пісьменнікаў. Аднак яны маглі б так і стаяць, нікім не прачытаныя, калі б не «Малады фронт», пра які я ў свае 14 гадоў даведалася са старонак «Нашай Нівы» і «Народнай Волі», што чытаў тата. Менавіта пасля далучэння ў 2007 годзе да гэтай моладзевай арганізацыі я пачала свядома размаўляць па-беларуску, цікавіцца беларускай літаратурай і гісторыяй, слухаць музыку на беларускай мове.


Нават думала паступаць на беларускую філалогію... Але ў выніку паступіла на тэалогію. Нягледзячы на тое, што мой пераход ад захаплення беларусістыкай да зацікаўленасці тэалогіяй быў, мажліва, не вельмі гарманічны, я здолела знайсці ў беларускай культуры каштоўны матэрыял для асэнсавання жыцця, што з’яўляецца адной з мэтаў тэалогіі, а таксама іўдаікі, якой я зараз займаюся. Я лічу, што гэта вялікая знаходка, якая робіць маю «беларускамоўнасць» яшчэ больш каштоўнай для мяне. Мая беларускамоўнасць — гэта і мая індывідуальнасць, і пачуццё еднасці з маім народам, гэта і пэўная арыгінальнасць, і пачуццё салідарнасці, гэта нонканфармізм, а таксама незлічоныя магчымасці самарэалізацыі.
Цяпер я навучаюся ў магістратуры ў Германіі. Напэўна, адным з самых шчаслівых для мяне момантаў быў дзень, калі я пасля доўгага часу адсутнасці беларускамоўнага наваколля сустрэлася са сваёй сяброўкай з Беларусі. І ў нямецкім горадзе Гейдэльбергу для мяне загучала беларуская мова.

Юрась Лабашоў, грузаперавозчык, Мінск


movananova4_labashou.jpg


Для мяне пераход да беларускай мовы быў дастаткова доўгім працэсам. Успрыняць мову як альтэрнатыву і псіхалагічна прыняць яе за сваю не так проста, калі ты вырас у цалкам рускамоўным асяроддзі савецкіх людзей, а сапраўднае жыццё беларускай вёскі ўпершыню пабачыў у 23 гады, патрапіўшы да будучых цесцяў.
Значную ролю адыграла цяперашняя праца, дзякуючы якой я пабываў за апошнія 7 гадоў ва ўсіх раёнах Беларусі. Мне адкрылася Радзіма — дзякую Богу, што я змог прыняць яе і па-сапраўднаму палюбіць. І толькі пасля гэтага адчуў сябе дома, хаця дагэтуль быў пазбаўлены такога адчування. Падумаць толькі — столькі гадоў у гасцях!..
Вырашальную ролю сыгралі агульначалавечыя каштоўнасці, закладзеныя пры выхаванні бабуляй, а таксама аналітычны склад розуму і вялікая цікавасць да гісторыі і філасофіі, жаданне зразумець жыццё. Каталізатарам вывучэння мовы і пачатку карыстання ёй стала нараджэнне сына і адчуванне адказнасці за тое, якім ён вырасце. Я хачу, каб ён бачыў лепшыя прыклады, чым бачыў я.
Кола ўжывання мовы пашыралася паступова: пачаў з разважанняў услых з самім сабой цягам доўгіх камандзіровак за стырном, потым сямейнае кола, затым незнаёмцы і сябры. Памятаю, як было цяжка напачатку, бо думаць па-беларуску яшчэ не можаш, у галаве сядзіць нябачны перакладчык, які пастаянна працуе. Часам пара валіла з вушэй!


На жаль, па аб’ектыўных прычынах перайсці на мову цалкам пакуль не атрымалася. У сям’і, з сябрамі і з новымі людзьмі — толькі па-беларуску. Выключэнне складаюць тыя, хто не мясцовы і не здолеў альбо не пажадаў вывучыць беларускую, але стасункі з якімі мець даводзіцца.
Напрыклад, мой бацька разумее мову толькі месцамі, хаця лічыць (і раней лічыў), што я абавязаны яе ведаць, бо нарадзіўся тут. Часам бывае, што мяне ці ўнука пытае, што азначае нейкае слова. У яго цікавасці значную ролю сыгралі кантакты з унукам, бо падабаецца быць разам, а зразумець не заўсёды можа. Сын Марцін жа размаўляе толькі па-беларуску, і гэта выглядае натуральна, хоць ён і разумее па-руску. Такім чынам, далучэнне да беларушчыны адбываецца паціху і праз дзіцёнка — і гэта пазітыўна.
Даволі праблематычна выкарыстоўваць мову ў працоўных момантах — напрыклад, пры прыёмцы тавару па накладной, надрукаванай па-руску. Спрабаваў — атрымліваецца трасянка, а асабіста мне так размаўляць не падабаецца. Таму пакуль што ў працы са старымі кліентамі збольшага па-руску, але ў простай размове пачынаю ўсё часцей карыстацца беларускай. У моўным пытанні вымушаны ўлічваць палітычныя і жыццёвыя погляды кліентаў, лепшая тут пазіцыя — не абвастраць, не заганяць чалавека ў кут. Дзе пытанне рубам, там можа і негатыў пачацца. Я не жадаю быць прыстасаванцам, але ж і патрыёты-жабракі нікому не патрэбныя. Як яны могуць быць карысныя грамадству, калі самім няма чаго есці? Таму атрымліваецца ўнутраны канфлікт паміж жаданнямі і неабходнасцямі, што даволі цяжка пераношу маральна. Выйсце — шукаць новых і пастаянных беларускамоўных кліентаў, чым і займаюся. Зразумела, гэта няпроста.
Часам здараюцца незвычайныя сітуацыі з-за беларускай мовы. Бывае, кажаш: «Вітаю!» Перапытваюць: «Какой Виталик?» Але збольшага людзі пазітыўна ставяцца да мовы, і даішнікі — не выключэнне.
Аднак жа на мінулым тыдні першы раз сустрэў адмоўнае стаўленне. Дзень, шаша М1, Івацэвіцкі раён. Раптам мяне даганяе і спыняе «з мігалкамі» патрульны аўтамабіль: сумесная акцыя ДАІ і АБЭП. Але ў мяне ўвесь тавар па дакументах. Даішнік пачаў чапляцца да машыны, на маю мову адказаў, што калі не буду па-руску казаць, дык дакладна штраф выпіша. Зразумела, я не саступіў прынцыпова, бо ён жа добра мяне разумеў, нічога не перапытваў. Магчыма, сказаў так для цікавасці, каб праверыць на трываласць. Потым, пакуль я з адным абэпаўцам займаўся зверкай дакументаў, ён другому незадаволена паказаў на бел-чырвона-белую налепку на машыне. Урэшце адпусцілі, хоць было бачна, што далося ім гэта цяжка.
Вельмі паўплывала на адносіны да мовы вандроўка ў Кіеў у мінулым годзе. Людзі з цікавасцю размаўлялі, часам здагадваліся, адкуль ты прыехаў, рабілі кампліменты, што вельмі прыгожая мова. Бывала, перапытвалі, але ж, як я заўважыў, толькі тыя, хто сам размаўляў па-руску. Мы ездзілі разам з сяброўкай. Я з усімі гутарыў па-беларуску, яна са мной па-беларуску, а з мясцовымі, нібыта для хутчэйшага паразумення, па-руску. У апошні дзень маё чаканне было ўзнагароджана, калі яна спытала прадавачку, як прайсці, а тая адказала, што не ведае. Аб’ект, як хутка высветлілася, знаходзіўся на рагу…
Выснова простая: ты з’яўляешся тварам сваёй краіны, і трэба адказна ставіцца да гэтага, як да працы. Карыстанне нацыянальнай мовай — знак павагі да Радзімы, а часам і да прымаючай краіны. Быць грамадзянінам — гэта не толькі права, але яшчэ і абавязкі. Напрыклад, добра ведаць дзве дзяржаўныя мовы, а не адну, адказваючы на зварот на другой: «Не понимаю по-белорусски!». Не будзьце манкуртамі, грамадзяне!