Руся: «Звычайнаму чалавеку пофігу на беларускую мову»

Нават калі вы ніколі яе не бачылі, вы пэўна ведаеце яе голас. Ужо больш за год голасам Русі гучаць абвесткі на беларускіх вакзалах.

rusia.jpg

Раней рок-бунтарка з каронай князёўны, а цяпер прынцэса з архаічнай беларускай казкі — фронтвумэн этнаэлектроннага праекту Šuma расказала пра сваё стаўленне да беларускай мовы, Еўрабачання, патрыярхальных традыцыяў, сучаснага шоўбізу і Міхалка. А таксама распавяла пра падрыхтоўку канцэрту, які пройдзе неўзабаве ў ангары «Хуліган», што на галоўнай хіпстэр-вуліцы Менску.

 

«Не ведаю, ці ёсьць сэнс падкрэсьліваць беларускасць праз вопратку»


— Руся, вы вельмі стылёвы чалавек. Можа, падзеліцеся сакрэтам?


— Насамрэч, стыль — гэта маё слабое месца. І я не магу неяк яго акрэсліць. І ўвогуле лічу сябе чалавекам з даволі кволым густам у адзенні і ў разуменні стылю. Класна, што людзі не заўважаюць гэтага. Часам я раюся зь сяброўкамі — што да чаго пасуе, што цяпер у трэндзе.


— На вас вельмі арыгінальныя завушніцы-калье... Гэта сяброўкі параілі?


— Усялякія прыгожыя рэчы самі знаходзяць мяне. Напрыклад, на мне пярсцёнак, які фактурай нагадвае кару дрэва, — гэта падарунак жанчыны са Швейцарыі, у якой мы спыняемся, калі там гастралюем. Паліто, якое на мне, — падарунак ад беларускай дызайнэркі Наташы Цуран. Яна ж рыхтуе строі для прэзэнтацыі нашага альбому «СОНЦА». Арыгінальныя завушніцы — праца рук майстра аксэсуараў Наталлі Паўлоўскай. Як бачыце, прыгожыя рэчы прыцягваюцца адна да адной.


— У вас жа ёсьць татуіроўкі з беларускім арнаментам...


— Так. Зрабіць іх было маім свядомым рашэннем. Калі я іх рабіла, то пераследвала дзве мэты. Па-першае, як чалавек, які займаецца архаічным пластом культуры, я з разуменнем стаўлюся да тэмы энэргетычнага ўзаемадзеяння чалавека і космасу. Таму мае татуіроўкі — гэта абярэг. Па-другое, гэта напамін. У маіх тату адлюстравана тое, што мяне хвалюе больш за ўсё ў жыцці, — сувязь з продкамі, веснавое абуджэнне зямлі і энергія сонца, павага да мужа і моцная сям’я. Гэтыя тату — мая ахова. Робячы іх, я яшчэ вельмі хацела запусьціць трэнд на татуіроўкі з беларускім арнаментам. Цяпер я бачу, што гэта ўдалося. Гэтыя тату мне зрабіў Алесь Таболіч, пасля было шмат інтэрвію на гэтую тэму, прайшло літаральна паўгода — і людзі актыўна сталі пераймаць такі від татуіровак.

 

rusia2.jpg

«Беларускі свабодныя і разняволеныя, мне гэта падабаецца»

 

— Дарэчы, пра павагу да мужа. У межах архаічнай культуры, якую вы папулярызуеце, роля жанчына другасная, залежная ад мужчыны. Што рабіць сучасным беларускам? Ці могуць яны быць, напрыклад, фэміністкамі?


— Вядома, могуць. Але паглядзіце, што цяпер робіцца з інстытутам сям’і, са шлюбам. Цяпер усё вельмі размыта. Людзі жывуць у палігамных саюзах, у свабодных шлюбах, хутка змяняюць партнёраў, спрабуюць некалькі шлюбных стасункаў запар. Традыцыйная культура добрая тым, што ў той сістэме было вельмі лёгка распланаваць сваё жыццё. А цяпер людзі абсалютна свабодныя ў сваім выбары — і гэта драма, бо выбар трэба рабіць штодзённа і несці за свой выбар адказнасць. Гэта цяжка, значна прасцей упісацца ў традыцыйную схему і па кроку ісці ад нараджэння да смерці. Што да сучаснай беларускі, то яна мне бачыцца вельмі свабоднай, яна вольная выбіраць: фрылансер ці офісны супрацоўнік, нараджаць дзяцей ці не нараджаць, выходзіць замуж ці заставацца сінглам. Мне гэтая свабода сярод беларускіх жанчын вельмі падабаецца.

 

«Мода на арнаменты хаатычная, але гэта не страшна»


— Ну добра, вернемся да арнаментаў. Стварыўшы старонку з бясплатнымі эскізамі нацыянальных сымбаляў, вы моцна спрычыніліся да старту вышыванка-буму. Арнаменты ўзялі на ўзбраенне шэраг ініцыятыў, якія займаюцца выпускам адзежы і сувеніраў. Арнаменты з'явіліся ў эфіры тэлебачання Мінсктрансу. Увогуле ці задаволеныя вы, як гэта пайшло ў людзі?


— Сайт мы рабілі з беларускамоўнымі праграмістамі, з супрацоўнікамі Веткаўскага музею, з прафесійнымі даследнікамі-кансультантамі. І сапраўды, мэтай было запусьціць бум на сімвалы. Наша традыцыйная культура пакрысе знікае. І вельмі шкада, таму што гэта культура неверагоднай, неймавернай глыбіні. Удзельнікам Šuma хочацца захаваць тое, што паспеем і здолеем, таму мы прыдумалі сайт і зрабілі яго. Мы так і прагназавалі, што калі дамо бясплатны доступ да эскізаў сімвалаў, то іх атрымаецца зрабіць больш-менш папулярнай тэмай. Так і сталася. Але ёсць іншы аспект — любы бум заўсёды напачатку хаатычны. Цяпер сымбалі на завушніцах, на магнітах, на кубках, на майках — паўсюль. І гэта крута! Любы чалавек, які займаецца культуралогіяй, разумее, што калі цяпер гэта хаатычна, то з часам нешта выкрышталізуецца. Цяпер людзі крыху неахайна ставяцца да сімвалаў. Але гэта абавязковы перыяд.

rusia3.jpg

— Ці абвінавачваюць вас у спрашчэнні значэнняў сімвалаў?

— Так. Але мусім пагадзіцца, што цяпер нікому не цікава чытаць энцыклапедычныя выкладкі пра той ці іншы сымбаль. У той жа час у чалавека ёсьць жаданне маркіраваць сябе як носбіта беларускасці. Якраз спрашчэнне і бясплатны доступ сталі прычынай таго, што людзі захацелі даведацца пра традыцыйную культуру Беларусі больш. Так, нас напачатку абвінавачвалі навукоўцы, яны выступалі ў СМІ і нават пісалі прыватныя лісты з прэтэнзіямі. Нас нават, як кажуць, «выклікалі на дыван». Але прайшоў час, і шмат хто з навукоўцаў пагадзіўся з нашай стратэгіяй. Час паказвае, што мы мелі рацыю. Праз дасяжнасць сімвалаў шмат хто зацікавіўся тэмай традыцыйнай беларускай культуры.

 

«Магу за 10 гадзін навучыць чалавека карыстацца голасам»


— Апроч кар’еры спявачкі, вы маеце і іншую сфэру дзейнасьці, якая, зрэшты, таксама моцна звязаная з вакалам. Руся, што такое дызайнер голасу?


— Дызайнер голасу — гэта спецыяліст, які займаецца развіццём моўнага апарату. Калі чалавек хоча займець стройнае цела, ён ідзе да фітнэс-трэнера. А ёсьць трэнер, які займаецца фітнесам не ўсяго цела, а толькі моўнага апарата. Я такі трэнер. Я магу любому чалавеку паказаць, як працуе голас яго, як псіхіка адбіваецца на якасці гуку, як можна кіраваць голасам, якія чалавек мае вакальныя магчымасці. Калі мой вучань засвойвае інструментар, ён можа абіраць для сябе любы вакальны імідж і фармаваць любы вобраз у залежнасці ад сітуацыі. Гэта вельмі цікавая прафесія. І тут няма нічога агульнага з папулярнымі цяпер курсамі акторскага ці аратарскага майстэрства. Мая праца з голасам — гэта не пра логіку выступу ці моцную аргумэнтацыю, а пра магчымасьці голасу і кантролю. Апошнія 6 гадоў я распрацоўваю ўласную мэтодыку, якая дазваляе за 10 гадзін заняткаў выцягнуць з голасу ўвесь яго патэнцыял і паказаць чалавеку, як голасам можна кіраваць. Таму, калі ёсць мэта класна гучаць — гэта, па сутнасьці, справа дзесяці заняткаў.


— Хто кліенты?


— Бізнесоўцы, палітыкі, жанчыны, якія хочуць валодаць прыгожым мяккім голасам. А таксама людзі, якіх цікавіць самаразвіццё і ўдасканальванне.


— Вы — голас беларускіх вакзалаў. «Паважаныя пасажыры... » і іншыя абвесткі агучаныя вамі. Ці пазнаюць вас па голасе?


— Бывае такое. А аднойчы на вакзале ў Горадні мне трэба было тэрмінова купіць квіток, але заставалася вельмі мала часу да адпраўлення цягніка. Фактычна было ўжо немагчыма гэта зрабіць. Тады я падышла да касы і сказала гэтым фірмовым голасам, што я агучваю аб’явы на вакзале. І мне прадалі квіток. Увогуле, я ж агучваю ня толькі вакзалы, але і займаюся дубляжом фільмаў на беларускую мову, запісваю рэкламу. Я вельмі шчаслівая, што ўся мая дзейнасць будуецца ў галіне вакалу і музыкі.

 

«Ніхто з беларусаў не зрабіў рыўка ў кар’еры пасьля ўдзелу ў Еўрабачанні»


— Кажучы пра музыку. Руся, чаму вы не ўдзельнічаеце ў адборы на Еўрабачанне?


— Таму што там мафія, якая не пускае незалежных артыстаў. Калі шчыра, нас, праект Šuma, мала цікавіць Еўрабачанне. Я не ведаю, каб нехта з беларускіх артыстаў пасля ўдзелу ў Еўрабачанні пачаў крута развівацца ў шоўбізе. Увогуле не люблю тэму Еўрабачання, нават не ведаю, што там адбываецца і хто будзе сёлета Беларусь прадстаўляць.

rusia4.jpg

— Зразумела з Еўрабачаннем. А ці выступілі б на Дні гораду, «Славянскім базары»?


— Мы часам выступаем на Днях гораду, з задавальненнем робім канцэрты для людзей у парках. Запрашаюць гарадзкія ўлады, просяць паспяваць народныя спевы. Атрымліваюцца вельмі прыгожыя канцэрты.


— Наколькі музычная сфэра палітызаваная ў Беларусі? Чаму музыкі, якія граюць на «Басовішчы», ня маюць магчымасці трапіць на «Славянскі базар»?


— «Басовішча» і «Славянскі базар» — гэта розныя фарматы. На адным — рокавыя музыкі, на другім — эстрадная поп-музыка. Не бачу сэнсу параўноўваць гэтыя фэстывалі. Калі казаць пра палітызаванасць сцэны, то ўсё залежыць ад фармату і ад канкрэтнага выпадку. Напрыклад, вельмі лёгка зрабіць канцэрт у Батанічным садзе, калі вы, вядома, не панк-рок гурт, чыя аўдыторыя разнясе ўсё вакол ушчэнт. Сёння дробныя, малапрыбытковыя пляцоўкі даступныя для ўсіх артыстаў. Калі пачынаецца гаворка пра вялікія канцэрты, тэлебачанне — карацей, усё тое, што можа манетызаваць дзейнасць артыста, — тады пачынаюцца праблемы.


— Чаму не могуць праводзіць канцэрты нават у дробных клубах Зміцер Вайцюшкевіч, «Дзецюкі»?


— На жаль, у нашай краіне любыя канатацыі з беларусізаванасцю ўспрымаюцца ўладамі як «апазыцыйнасць, БНФ, змагары». Ёсьць такі стэрэатып: што звязана з беларускай мовай, тое апазіцыйнае. Калі казаць пра «Дзецюкоў», то яны адкрыта палітызаваныя. А Вайцюшкевіч — не, наадварот вельмі мяккі. Але праз тое, што ён спявае па-беларуску і ў медыях прэзэнтуе сябе па-беларуску, разважае ў інтэрвію пра палітычны лёс краіны і іншае — у Змітра склаўся адпаведны імідж. Ёсць жа песні па-беларуску і на «Славянскім базары», але ніхто не забараняе гэтых артыстаў. Чаму? Таму што для іх праспяваць беларускую песню — гэта праца. А Вайцюшкевіч, «Дзецюкі» — свядома абралі беларускамоўны шлях, жывуць беларушчынай не толькі на сцэне, для іх гэта жыццё, і гэты факт насцярожвае чыноўнікаў. Таму яны дзейнічаюць асцярожна і перастрахоўваюцца «ад граху далей». Вось не дазволілі правесьці канцэрт памяці Ганны Вольскай. Прыкра.

 

«Я была максімалісткай у пытанні мовы, але цяпер такога няма»


— Як можна ахарактарызаваць ваш шлях — творчы і жыццёвы? На сцэне вы спяваеце па-беларуску, але вось нядаўна было інтэрвію на тэлеканале СТВ, дзе вы гаварылі з журналісткай па-расейску, хоць, напэўна, маглі б і па-беларуску.


— У гэтым пляне я білінгва. У сям’і гавару па-беларуску. У жыцці ўсё залежыць ад сытуацыі. Часам прыходзіш на тэлебачанне і кажаш, што хацеў бы па-беларуску адказваць. Але вядоўца просіць пагадзіцца з тым, што аўдыторыя на 90% складаецца з расейскамоўных, і, значыць, калі ёсць жаданьне дасягнуць максымуму ад інтэрвію, лепей выкарыстоўваць расейскую мову. Я ня бачу ў гэтым праблемы, для мяне гэтае пытанне не стаіць так востра, як тое было ў часы гурту Indiga, калі мы былі тыповымі змагарамі, у тым ліку і за беларускую мову. Цяпер такога няма, я стаўлюся да моўнага пытаньня больш спакойна. Я разумею культуралагічныя і лінгвістычныя працэсы ў нашай краіне. Я разумею, што калі трэба выйсці да шырокай аўдыторыі, трэба карыстацца дзвюма мовамі. Я ўпэўненая: калі ня ціснуць навязліва і палка тэму беларускай мовы, то можна хутчэй атрымаць прыязнае стаўленне расейскамоўнай аўдыторыі да беларускай мовы. Шкада, але цяпер беларуская мова страціла сваю камунікатыўную функцыю — вельмі мала людзей карыстаюцца ёй. І хто гэта робіць? Інтэлігенцыя, тыя, хто паходзіць з сем’яў пісменнікаў. Звычайнаму чалавеку пофігу на гэтую мову. Мы ў такім становішчы, што людзі ня ведаюць, як зарабіць грошай і пракарміць сям’ю, а ўсе культуралагічныя працэсы актуальныя толькі тады, калі чалавек сыты. 

rusia5.jpg

«Міхалок усё робіць правільна, але другога Лявона Вольскага ў нас не будзе»


— Вы кажаце, што беларуская мова часта асацыюецца з апазыцыйнасцю. Возьмем Сяргея Міхалка і Brutto. У іх ёсць расейскамоўныя песьні, якія ўжо сталі новымі гімнамі супрацьстаяння, а канцэртная дзейнасць забароненая ў Беларусі. У чым тут сэнс?


— Яны забароненыя ў Беларусі не таму, што яны спяваюць па-беларуску, а таму, што медыйная стратэгія лідэра гурту — палітычна-агрэсіўная. Справа не ў тэкстах песень, а ў тым, якія інтэрвію дае Міхалок. І я разумею, што ён робіць гэта асэнсавана. Гэта вельмі класная медыйная стратэгія. Мне падабаецца і яе вынік, і тое, як прадаецца гурт.


— Што ўвогуле адбываецца ў беларускай музыцы? Ці стане Brutto новым N.R.M.?


— Пазіцыя флагмана, якім раней быў Лявон Вольскі, размываецца, знікае. Мы цяпер маем вельмі шырокі спэктар музычнай інфармацыі, таму вельмі цяжка сканцэнтравацца на кімсці адным. Я думаю, што адзінага музычнага лідэра больш у Беларусі не будзе.

 

«Новы альбом Šuma — клубны і павінен спадабацца дыджэям»


— Цяпер актыўна рыхтуецца шырокая прэзэнтацыя вашага новага альбома. У інтэрнэце ўжо з'явілася поўная вэрсія кампазіцыі «Лосю». Чым новы альбом будзе адрознівацца ад папярэдняга —«Жніва»?


— Наша фішка — і гэта тое, што аб’ядноўвае два альбомы Šuma, — у тым, каб спяваць народныя спевы, але не дзікімі палявымі галасамі. Справа ў тым, што шараговага слухача трэба вельмі доўга рыхтаваць да таго, каб ён спакойна ўспрыняў тое, як гучыць традыцыйная песня. Гэтая старажытная культура псіхічна такая моцная, што часам можа ўздзейнічаць на асобу вельмі нечакана — нехта пачынае плакаць, некага трасе, нехта смяецца ці адчувае нешта падобнае да змененага стану. Я хачу сказаць, што такія глыбінныя рэчы моцна чапляюць чалавека ў псіхічным пляне. Дык вось каб пазбегнуць гэтага, мы прыбралі архаічную манеру спеваў і замянілі яе на мяккае выкананне, звыклае для сучаснага слухача. Такім чынам, чалавек, спяваючы з намі, сам таго не ўсведамляючы, становіцца носбітам беларускай архаічнай песні: слухаеш Šuma, падпяваеш гурту дома, пакрысе вучыш тэкст і мэлодыю, а потым выключаеш гук, спяваеш сам — і раптам ты ўжо ведаеш традыцыйны спеў. Класна ж!


Гэтага мы і хацелі дасягнуць. У чым жа розніца паміж альбомамі? У першым — складаныя кампазіцыі і некранутыя мелодыі спеваў. Ён складаны для ўспрымання і зроблены для меламанаў. Другі альбом— танцавальны, клубны, зроблены прасцейшым па форме, і ўвесь альбом вытрыманы ў адным тэмпе. Яго будзе лёгка граць дыджэям — такі быў наш разлік.


— 27 траўня ў ангары «Хуліган» адбудзецца канцэрт-прэзэнтацыя новай праграмы «Сонца». Чаго вы чакаеце?


— Гэта будзе вялікі, якасны канцэрт. У нашай Šuma-камандзе ўсе вельмі аўдыёзалежныя людзі. І таму асноўнае, пра што мы дбаем, — гэта якасць гуку. Каб чалавек, які любіць кайфануць ад басоў ці паслухаць празрыстыя вярхі, — прыйшоў і атрымаў тое, што яму трэба. Так выходзіць, што сабекошт канцэрту настолькі вялікі, што я проста не ўяўляю, колькі нам сабраць людзей, каб мы хаця б выйшлі ў нуль. Але насамрэч каманда не думае пра грошы, мы проста хочам зрабіць вельмі класны канцэрт — са святлом, з візуалам, з цікавымі фішкамі, з супэркласным гукам. Вядома, што ўсё, што якасна, вельмі дорага каштуе. А краіна цяпер ў эканамічнай с...

 

«У беларусаў застаецца ідэйны складнік, таму яны моцна нам дапамагаюць»


— Дык а дзе вы знаходзіце фінансаванне на ўсю гэтую звыш’якасьць?


— Знаходзім дзякуючы моцнаму ідэйнаму складніку, які яшчэ пакуль ёсьць у Беларусі, але якога ўжо няма ў капіталістычных краінах. Тут вельмі шмат людзей, якіх цікавяць ня грошы, а ідэі, сацыяльныя мэты. Гэта такі пост-смак Савецкага Саюзу. Такія ідэйныя людзі вельмі моцна падтрымліваюць Šuma. Калі б вы ведалі, які штат людзей працуе на ўсё гэта, вы б здзівіліся. Гэта зусім не тры чалавекі, якіх вы бачыце на сцэне, а, можа, трыста тры. Пасля канцэрту мы звычайна распавядаем сваёй аўдыторыі праз сацсеткі пра ўсіх людзей, якія працавалі над тым, каб канцэрт адбыўся, і іх колькаьць уражвае. Šuma — гэта не звычайны музычны гурт, гэта сацыяльна-культурная з'ява, яна аб’ядноўвае прагрэсіўных людзей, якія праз сучасныя мастацкія сродкі так ці інакш захоўваюць і разьвіваюць традыцыйную культуру Беларусі, працягваючы яе жыццё ў сучасным свеце.


Калі б не было такой падтрымкі, мы б не здолелі ні альбомы запісваць, ні канцэрты рабіць. Ну і вядома, што кожнаму з гэтай вялізнай каманды трэба падарыць па аднаму-два квіткі за дапамогу — і глядзіш, ужо і прадаваць няма чаго. Так што будзе не канцэрт, а вялікі тусіч аднадумцаў. То далучайцеся!


Паводле Радыё Свабода