Не спыняюцца ні перад чым. Як КДБ вярбуе беларусаў і ці магчыма гэтага пазбегнуць

Беларусы, якія маюць сувязі з дэмакратычнай супольнасцю і трапляюць у рукі чэкістаў, часта становяцца аб'ектамі вярбоўкі. Пад ціскам з боку сілавікоў яны вымушаныя згаджацца, але, можа быць, магчыма неяк гэтага пазбегнуць?

КДБ. Фота «НЧ»

КДБ. Фота «НЧ»

Беларусы ўсё часцей паведамляюць праваабаронцам пра спробы вярбоўкі з боку КДБ. І хоць, паводле закону, такое супрацоўніцтва магчыма толькі добраахвотна, аператыўнікі рэгулярна запалохваюць грамадзян і іх родных. Якія метады выкарыстоўваюць чэкісты і ці рэальна ім супрацьстаяць, у матэрыяле «Deutsche Welle».

Якія метады выкарыстоўвае КДБ для вярбоўкі?

Сябра праўлення арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Сяргей Усцінаў адзначае, што вярбоўка ў супрацоўнікаў КДБ заўсёды была важным напрамкам дзейнасці і паказчыкам паспяховай працы. «Для вярбоўкі як раней, так і цяпер ужываюць усе магчымыя метады: ад шантажу да банальных пагроз, — кажа ён. — У ход могуць ісці і "падставы" па крымінальных справах. Дастаткова згадаць выпадак Андрэя Зайцава, які здзейсніў суіцыд у сувязі з пагрозай завесці на яго крымінальную справу». 

Паводле слоў праваабаронцы, пры вярбоўцы чэкісты імкнуцца ўздзейнічаць на самыя ўразлівыя кропкі чалавека.

«Шантажуюць раскрыць таямніцу асабістага жыцця, якую чалавек баіцца апублічыць — напрыклад, прыналежнасць да ЛГБТК+ супольнасці або шлюбную здраду, прыём наркатычных прэпаратаў і гэтак далей, — тлумачыць Усцінаў. — Пагрозы могуць быць рознымі: выключэнне з навучальнай установы, звальненне з працы самога чалавека або яго сваякоў. Асабліва балюча, калі родныя перадпенсійнага ўзросту, бо страта працы ў такім узросце можа прывесці да немагчымасці працаўладкавацца ў далейшым».

Беларускі адвакат, да якога па каментар звярнулася DW, удакладняе, што аператыўнікі папярэдне вывучаюць псіхалагічны партрэт грамадзяніна — наколькі лёгка ён паддаецца маніпуляцыям, а таксама патэнцыйную карысць ад яго — ці валодае ён патрэбнай інфармацыяй і кантактамі.

Часта прапанова супрацоўніцтва суправаджаецца абяцаннем адпусціць затрыманага на волю, кажа суразмоўца. Так, пра спробу вярбоўкі расказвала валанцёрка праваабарончага цэнтра «Вясна» Яўгенія Бабаева. За дзень да вызвалення да яе прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў і прапанавалі быць аператыўным супрацоўнікам пад псеўданімам, даносіць інфармацыю. Потым далі падпісаць дакумент. Як толькі валанцёрка апынулася ў бяспецы, яна паведаміла пра спробу вярбоўкі, бо першапачаткова не збіралася супрацоўнічаць са спецслужбамі.


Глядзіце таксама

Супрацоўнікі КДБ спрабавалі завербаваць кіраўніка «Студэнцкай рады» Алеся Крота. Аператыўнікі прыходзілі да яго з ператрусам дадому па справе аб «экстрэмізме», выклікалі на допыты, падчас аднаго з іх паставілі ўльтыматум: ці ён супрацоўнічае з камітэтам, ці яго пасадзяць. Актывіст выбраў супрацоўніцтва, некаторы час сустракаўся і перапісваўся з куратарам, якога цікавіла, хто ўдзельнічае ў мерапрыемствах Ціханоўскай і Латушкі, адкуль яны атрымліваюць фінансаванне. Праз месяц Крот змог выехаць з краіны і адразу ж расказаў пра вярбоўку, каб засцерагчы сябе і перапыніць сувязь са спецслужбамі.

Ці магчыма супрацьстаяць вярбоўцы КДБ?

«У законе аб аператыўнай дзейнасці выразна прапісана, што грамадзяне ў сувязі з ажыццяўленнем аператыўна-вышуковай дзейнасці маюць права як пагадзіцца на супрацоўніцтва з органамі, так і адмовіцца, — тлумачыць у каментары DW беларускі адвакат. — На практыцы ў чалавека часта няма выбару: на яго альбо вывальваюць кампрамат, альбо запалохваюць вялікім тэрмінам зняволення. І не кожны гатовы супраціўляцца такому ціску».

Апытаныя DW эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што на сёння, калі краіна знаходзіцца ў сітуацыі прававога бязмежжа і татальных рэпрэсій, супрацьстаяць спецслужбам вельмі складана.

«Катаванні па палітычных матывах сталі нормай і заахвочваюцца вышэйшымі службовымі асобамі рэжыму, — удакладняе праваабаронца Усцінаў. — І калі ў перыяд да 2020 года лічылася, што супрацоўнікі КДБ не катуюць людзей, сёння пра гарантыі свабоды ад катаванняў гаварыць не даводзіцца. У такой сітуацыі парада можа быць толькі адна: трапляючы ў рукі сілавікоў, чалавеку ў першую чаргу трэба захаваць здароўе і жыццё».


Глядзіце таксама

Калі пасля вярбоўкі грамадзянін апынуўся ў бяспецы, напрыклад, выехаў за мяжу, адзінае правільнае рашэнне, якое заўсёды прыводзіла да разрыву адносінаў з камітэтчыкамі, — апублічыць факт вярбоўкі, падкрэслівае прадстаўнік «Прававой ініцыятывы».

«Калі інфармацыя пра вярбоўку апублічаная, сакрэтны супрацоўнік перастае быць такім і губляецца сэнс вярбоўкі, — кажа суразмоўца. — Раю падрабязна расказаць незалежным СМІ ўвесь працэс вярбоўкі. Пачынаючы з таго, на чым падлавілі чэкісты — тым самым забіраючы ў іх апошні козыр для помсты, і заканчваючы вымушана перададзенай інфармацыяй, каб засцерагчы іншых актывістаў».

Чым даўжэй чалавек, які ўжо знаходзіцца ў бяспецы, маўчыць пра факт вярбоўкі, тым больш магчымасцей у аператыўнікаў працягваць на яго ціск, удакладняе Сяргей Усцінаў. А ў будучыні — і больш пытанняў да завербаванага з боку яго паплечнікаў.