«Не усматривается невладение Николаем Папекой русским языком»
У Ленінскім раённым судзе Брэста працягваецца разгляд крымінальнай справы трэцяй групы «карагоднікаў». Адзін з падсудных, паэт-пчаляр Мікола Папека, сёння хадайнічаў аб вядзенні пасяджэння адносна яго па-беларуску. Але суд змусіў яго да рускай мовы. «Не усматривается невладение Николаем Папекой русским языком», — заявіла старшыня Ліноўскага сельвыканкама Мордань.
Агулам суд адвёў пяць з шасці хадайніцтваў і тры пярэчанні гэтага фігуранта сумнавядомай «карагоднай справы». З імі амаль выключна салідарызаваліся абвінавачаныя, і гэтаксама салідарна іх адпрэчвалі абодва дзяржаўныя абвінаваўцы.
Што хацеў ад суда Папека
Акрамя недапушчэння беларускай мовы пасяджэння, Міколу Папеку адмовілі ў перакладчыку на беларускую мову. На што ён (нагадаю, Папека абараняе сябе сам) сказаў, што ні Таццяна Мордань, чамусьці ўпаўнаважаная судом апытваць яго блізкіх і суседзяў, хто як гаворыць у побыце, не можа быць экспертам у тым, хто наколькі валодае або не валодае мовай або языком; ні пракуроры і суддзя не маюць кампетэнцыі гэтага вызначаць, і параіў дзяржаўным абвінаваўцам і суддзі Сяргею Маручаку неадкладна спыніць суд і накіравацца на вывучэнне беларускай мовы.
Апроч вядзення па-беларуску і калі не, то прадастаўлення перакладчыка, Мікола Папека хадайнічаў аб самаадводзе суддзі і адводзе дзяржаўным абвінаваўцам з-за іх некампетэнтных дзеянняў у моўным аспекце (бяруць на сябе функцыі экспертаў і / або перакладчыкаў). І тут таксама атрымаў адлуп. Хоць маладзейшы абвінаваўца з адной зоркай на пагоне і перайшоў быў разова на беларускую мову.
Папекам было заяўленае і хадайніцтва аб папраўцы памылкі суда, калі абвінавачанне ўсім дванаццаці падсудным было зачытана не паасобку, як гэтага, паводле слоў хадайніка, патрабуе закон, а агулам. На гэта «двухзорны» дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што «калі беспарадкі мелі масавы характар, то і абвінавачанне мае быць масавым». Суддзя пагадзіўся з гэтым.
Міколу Папеку было адмоўлена ў прадастаўленні копій заяў асоб і / або арганізацый, якія пацярпелі ў выніку яго дзеянняў.
Шостае хадайніцтва тычылася прызначэння сацыяльна-псіхалагічнай экспертызы дзеянняў пратэстоўцаў. Нагадаем, каля ста фігурантаў «карагоднай справы» караюць за ўдзел у шматтысячнай маніфестацыі 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы супраць фальсіфікацыі выбараў у адказ на блакіроўку плошчы Леніна, дзе яны мітынгавалі са жніўня, перакрылі рух на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў і перад помнікам Клімуку вадзілі карагоды і спявалі песні. Мікола Папека даводзіць, што людзі знаходзіліся ў стане афекту, дзейнічалі неадэкватна, гэта значыць не білі шыбы, не кулялі сметніцы і аўтамабілі, не нападалі на праваахоўнікаў, як водзіцца ў такіх выпадках зазвычай у іншых краінах, а танчылі, спявалі і нават прыбіралі за сабой смецце. І тым самым прыцягнулі ўвагу і павагу людзей ва ўсім свеце. Ён таксама акрэсліў магчымых экспертаў — профільную кафедру мясцовага ўніверсітэта. Суддзя Маручак зацікавіўся і заўважыў, што ў такім выпадку трэба, каб у хадайніцтве былі прапісаныя пытанні да экспертаў. У выніку было вырашана гэтае хадайніцтва адкласці дзеля дапрацоўкі.
Што яшчэ цікавага было на судзе
Гэта была ці не адзіная праява прымання з боку суддзі да актыўнасці фігуранта-літаратара. Сяргей Маручак нават звярнуўся да суда з інфармацыяй, што цяпер плюс дваццаць адзін, а хутка настане цеплыня, і «когда будет 25º, в зале будет тяжело находиться. За эти полтора часа мы двух человек опросили бы».
Пры ўсёй дваістасці, а можа і траістасці ўражання ад такой заявы, аддамо суддзі належнае ў тым, што ён стараўся трымаць пасяджэнне ў руках. Бывала, адводзіў пытанні абвінаваўцаў з тлумачэннем, што яны не датычаць справы.
Пярэчанне Міколы Папекі супраць неадпраўкі яго справы ў Следчы камітэт на дапрацоўку было завернута гэтаксама як і тры пярэчанні па меры стрымання да фігурантаў, якія сядзелі ў клетцы, — іх вазілі з ІЧУ. Довады аб адсутнасці з іх боку небяспекі для грамадства і аб хваробе (эпілепсіі) аднаго з іх, Рамана Яхіна, не былі прынятыя судом пад увагу.
Частку сваіх адказаў на судовае апытанне агучыла па-беларуску Паліна Ляшко. Яе судзяць разам з мужам Андрэем, дальнабойшчыкам. Дзяржаўны абвінаваўца знайшоў у яе паказаннях, запісаных пасля затрымання ў верасні, і адказах на судзе супярэчнасці. Адказ быў, што следчыя аказвалі псіхалагічны ўціск.
«Які?» — працягваў свідраваць пракурор. «У ізалятар пагражалі адправіць, пры тым што ў нас двое маленькіх дзяцей. І кайданкі надзець», — адказала Паліна Ляшко. «А чаму не звярнуліся са скаргай на іх дзеянні апасля?» — працягваў ціснуць на вінаватасць «зорны» чалавек. Неяк наіўна гэта гучыць, пагадзіцеся, у святле таго, што нават за фізічны гвалт, варты гестапаўцаў, за забойствы не прыцягнулі да адказнасці анікога з так званых «сілавікоў».
На пытанне Міколы Папекі да дзяржаўных абвінаваўцаў, ці змянілі б яны паказанні, калі б ім агучылі такія пагрозы, адрэагаваў суддзя Маручак: «Здымаецца. Не належыць да справы».
Наапашкі драбок кафкіянства
Суддзя не дазволіў фатаграфаваць і весці відэаздымку. Агледзеў залу. Яна была поўная, але нікога падобнага да алкаголікаў або наркаманаў не заўважыў.
Затое калі толькі выйшаў з Дома правасуддзя, каля самых яго дзвярэй… ляжаў адзін такі. Побач стаяў бязрадны міліцыянт-ахоўнік. «Хуткая? Так, выклікалі».
Але Папека падышоў хутчэй. То найперш яго зняў. Пасярод гэтага кафкіянства. Над намі труба ЦЭЦ, яна сама па сумяшчальніцтве дзяржаўны сцяг, на месцы дахрысціянскага кургана ў гонар багіні памірання і ўваскрасення Марэны (Мажаны). Мы ў судзе, дзе за мірны пратэст судзяць людзей, якіх прылюдна абзывалі алкаголікамі/наркаманамі, перад намі — сапраўдны ні то алкаголік, ні то наркаман, якога зараз рупліва падбяруць і клапатліва завязуць ды адкачаюць два дужыя медбраты.