Студэнтку, якую затрымалі за БЧБ-налепку на ноўтбуку, аштрафавалі на 2900 рублёў

Затрыманне 19-гадовай Віялеты Людчык адбылося 15 траўня на фестывалі «BSU FEST». На ўваходзе пры аглядзе рэчаў яе спынілі, бо на яе ноўтбуку заўважылі БЧБ-налепку.

Віялета Людчык

Віялета Людчык

За гэта на Віялету выклікалі супрацоўнікаў АМАПа, а пасля гэтага адвезлі ў Цэнтральнае РУУС, дзе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.
17 траўня справу студэнткі разглядзеў суддзя Петраш. Віну студэнтка не прызнала. У пратаколе пра налепку нічога не было, бо абвінавацілі яе ў выкрыкванні лозунгу «Жыве Беларусь». У пратаколе Віялета пазначыла ўсе свае заўвагі, аднак у тым пратаколе, які быў у матэрыялах справы, іх ужо не было.
Дыялог з суддзёй:
– У сувязі з чым у студэнткі трэцяга курса такая налепка?– На маім ноўтбуку даволі шмат налепак з жывёламі, зорачкамі, і вось гэтая дзесьці была, я ўжо пра яе і забылася.– Ну вы ж яе размяшчалі калісьці.– Так.– І ўсё ж такі ў сувязі з чым? Вы так і не адказалі. Вы ў прынцыпе можаце не адказваць.– Прыгожыя колеры.– Ваш адказ зафіксаваны.
Сведка-міліцыянт пры дачы паказанняў заявіў, што лозунг дзяўчына крыкнула проста падчас агляду.
У выніку старшыню Студэнцкай Рады па якасці адукацыі БДУ суддзя Петраш аштрафаваў за БЧБ-налепку на 2900 рублёў (100 базавых).
«"Вясна" назірае»