Даюць суткі. Прайшлі першыя суды над затрыманымі раварыстамі на Цнянскім вадасховішчы
Сёння на судзе стала вядома, што ўсіх затрыманых абвінавачваюць «ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве шляхам выкрыквання лозунгу "Жыве Беларусь"». На ўсіх раварыстаў склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП, паведамляюць праваабаронцы.
Каля 17:50 16 траўня на Цнянскім вадасховішчы ў Мінску затрымалі групу раварыстаў. Паводле інфармацыі відавочцаў, затрымалі больш за 10 чалавек. Вядома, што людзей на чатырох мікрааўтобусах павезлі ў Савецкае РУУС «для высвятлення».
Вядома, што затрыманыя — удзельнікі «MINSK FIXED GEAR». Учора ў гэтым месцы павінен быў адбыцца «Toure de Tsna». Вядома, што адзін чалавек быў затрыманы за майку «АнтиЛукашенко».
Сёння на судзе стала вядома, што ўсіх затрыманых абвінавачваюць «ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве шляхам выкрыквання лозунгу "Жыве Беларусь"». На ўсіх раварыстаў склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП.
Суддзя Савецкага суда Сяргей Шаціла 17 траўня разгледзеў справы 20-гадовага Бахціяра Муратава і 18-гадовага Рамана Лапіча.
Сваю віну хлопцы не прызналі. Паводле слоў Лапіча, спачатку да іх прыехаў адзін бус і затрымалі хлопца ў майцы. Тады астатнія ўдзельнікі спыталі ў супрацоўнікаў АМАПа, ці могуць яны тут застацца. Супрацоўнікі дазволілі, а самі з'ехалі. Праз 20 хвілін яны вярнуліся, агледзелі сумкі і запісалі даныя раварыстаў. Але потым прыехалі яшчэ бусы — і ўсіх раварыстаў затрымалі. Бахціяр таксама пацвердзіў, што ніякай сімволікі не было, а лозунгаў яны не выкрыквалі.
У выніку суддзя Шаціла арыштаваў Бахціяра Муратава на 11 сутак, а Рамана Лапіча — на 12 сутак. Ровары хлопцаў таксама арыштаваныя.
Чакаюцца суды над астатнімі раварыстамі.