Ноў-хаў перапісу-2019 у Беларусі
Падзея маштабная, і хоць яна пройдзе толькі ў кастрычніку 2019-га, падрыхтоўка ідзе поўным ходам: створаны спецыяльныя камісіі, апрацаваны пытанні, якія будуць у перапісных лістах.
— Усяго будзе 49 пытанняў, акрамя традыцыйных будуць і новыя. Напрыклад, дададуцца міграцыйныя пытанні, у насельніцтва будуць пытацца, ці хочуць яны з’ехаць з Беларусі. Калі чалавек працуе не ў тым месцы, дзе пражывае, будуць удакладняць прычыну. З улікам сітуацыі ў дэмаграфіі будуць пытацца ў жанчын аб жаданні завесці дзяцей. У мужчын такую інфармацыю ўдакладняць не будуць, — заявіла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева. — Дадасца апытальнік па сельскай гаспадарцы, — піша «Камсамольская праўда».
Яшчэ адна навінка: перапісныя лісты будуць запаўняцца на планшэтах і ў інтэрнэце. Каб паглядзець, як гэта будзе ў выніку працаваць, спецыялісты Белстата ў мінулым годзе правялі пробны перапіс у Маладзечанскім раёне.
— Вынікі нас задаволілі, — кажа Іна Мядзведзева. — Пробны перапіс паказаў, што з выкарыстаннем планшэтаў скароціцца час запаўнення перапіснога ліста ў тры разы: раней на гэта трэба было 15-20 хвілін, з планшэтам — 5 хвілін. Але гэта калі не ўлічваць пытанні па сельскай гаспадарцы. Час запаўнення скароціцца яшчэ і дзякуючы таму, што да асноўнага перапісу будзе падгружацца рэгістр насельніцтва (база персанальных дадзеных кожнага чалавека — Рэд.). І частка пытанняў будзе запоўненая аўтаматычна. Таксама ў шматкватэрных дамах на пытанні аб хатняй гаспадарцы, добраўпарадкаванні будзе адказваць толькі першы апытаны ў доме. Для астатніх перапісныя лісты па гэтым блоку таксама запоўняцца аўтаматычна.
Таксама на пробным перапісе траціна насельніцтва заявіла пра гатоўнасць адказваць на пытанні праз інтэрнэт. Грошы на падрыхтоўку інтэрнэт-перапісу вылучыць Сусветны банк.
— Дакумент аб выдзяленні гранта будзе падпісаны ў гэтым годзе. На праграмны прадукт і частку планшэтаў Сусветны банк выдзеліць 1,9 млн. долараў, — паведаміла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта. — Таксама працягваецца праца з арганізацыямі, якія абяцалі дапамагчы з закупкай планшэтаў. Хутчэй за ўсё, тэхніка будзе закупляцца на сродкі міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя. Нам планшэты будуць перадавацца ў бязвыплатнае карыстанне толькі на момант правядзення перапісу. Усяго будзе выкарыстоўвацца 12 тысяч планшэтаў.
Па словах спецыялістаў, цалкам апрацаваць дадзеныя перапісу насельніцтва яны змогуць прыкладна за паўтара года пасля яго правядзення.