Незалежнасці — 27 год
25 жніўня 1991-га вынікі змагання многіх пакаленняў беларусаў за
незалежнасць, урэшце, былі замацаваныя юрыдычна — Вярхоўны Савет надаў
Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону.
Сама Дэкларацыя была прынятая амаль за год да гэтага — 27 ліпеня 1990.
Сесія ВС была скліканая па патрабаванню дэпутатаў Апазіцыі БНФ і іншых дэпутатаў дэмакратычных поглядаў праз некалькі дзён пасля няўдалага путчу ГКЧП. Павестка дня складалася з двух пунктаў — «Аб бягучым моманце» і «Аб саюзным дагаворы», аднак Апазіцыя БНФ унесла пакет прапаноў: гэта і абвяшчэнне незалежнасці і пытанне аб адказнасці кіраўніцтва ВС за бяздзеянне ў дні путчу, і забарона КПБ-КПСС.
Перад пачаткам сесіі група дэпутатаў БНФ праз прамы тэлеэфір звярнулася да мінчан з заклікам прыходзіць на плошчу перад Домам ураду, і яны адгукнуліся.
Пасяджэнне праходзіла пад бел-чырвона-белым сцягам, які ўнеслі ў залу сябры БНФ на чале з Зянонам Пазняком.
Сесія цягнулася два дні. З 24 па 25 жніўня. Пераломным момантам, як піша Сяргей Навумчык, стала тое, што фактычнага кіраўніка рэспублікі, першага сакратара ЦК КПБ Сяргея Малафеева БНФаўцы папросту сагналі з трыбуны, не даўшы выступіць:
Дземянцей папрасіў абвясціць перапынак, у перапынку раіўся з членамі Прэзыдыюму: «Што рабіць?», і, калі праца сэсіі аднавілася, заявіў пра адстаўку. Людзі на плошчы сустрэлі гэта магутнымі воклічамі, якія, здавалася, даходзілі ў Авальную залю.
Камуністы былі псыхалягічна надломленыя і пачалі здаваць свае «бастыёны» адзін за другім."
У выніку былі прынятыя законы "Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР", "Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі" і пастанова «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР». Старшыня ВС Мікалай Дземянцей падаў у адстаўку, дзейнасць КПБ-КПСС была прыпыненая.
Галоўнае — Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР быў нададзены статус Канстытуцыйнага закону Беларусь юрыдычна зрабілася незалежнай дзяржавай, якую адна за другой пачалі прызнаваць іншыя краіны свету.
Такім чынам, можна сказаць, што сёння ў Беларусі есць цэлых тры дні незалежнасці: 25 Сакавіка (Дзень Волі - аб’яўленьне незалежнасьці БНР), 27 ліпеня 1990 года — дзень аб’яўленьня Дэклярацыі аб незалежнасьці БССР. І як вынік - наданне Дэкларацыі статусу закона 25 жніўня 1991 года.