Замежнікі ў беларускіх турмах: шок і галадоўкі
Кепскае абыходжанне са зняволенымі і непрапарцыйныя злачынствам турэмныя тэрміны — гэта звыклая беларуская рэальнасць.
28 чэрвеня брытанскі грамадзянін Алан Пол Сміт, які адбывае пакаранне ў беларускай калоніі за садзейнічанне нелегальнай міграцыі, спыніў галадоўку пасля візіту супрацоўніка брытанскай амбасады. Па словах жонкі Алана Сміта, ён распачаў галадоўку, каб прыцягнуць увагу да парушэнняў правоў зняволеных у Беларусі.
Медыйная ўвага да Сміта і іншых асуджаных замежнікаў толькі падкрэсліла даўно вядомыя праблемы беларускай юстыцыі: драконаўскія пакаранні за дробныя злачынствы і працэсуальныя парушэнні. З-за непразрыстай працы супрацоўнікаў міліцыі, следчых камітэтаў і пракурораў беларускія суды працягваюць выносіць празмерна жорсткія прысуды. Зыходзячы з беларускай судовай практыкі, педафілы ўяўляюць сабой меншую небяспеку для грамадства, чым падлеткі з некалькімі грамамі марыхуаны.
Сем гадоў турмы за сувенірны патрон?
Справы двух замежных грамадзян — японскага мастака Даічы Ёшыды і французскага прадаўца Жалана Віо — у чарговы раз ставяць пад сумнеў беларускую карную практыку. Калі б не падтрымка дыпламатаў, журналістаў і адвакатаў па правах чалавека, гэтыя два добранамераныя замежнікі маглі б правесці да сямі гадоў у зняволенні.
23 мая Ёшыда быў вызвалены з калоніі, дзе правёў амаль два гады за незаконную транспарціроўку агнястрэльнай зброі праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь. Ёшыда ляцеў з Кіева ў Токіа перасадачным рэйсам праз Мінск і Абу-Дабі. У багажы Ёшыда знаходзіліся часткі антыкварнай агнястрэльнай зброі, якую турыст легальна набыў у Кіеве. Служба бяспекі кіеўскага аэрапорта сфатаграфавала зброю і дазволіла Ёшыду ўзляцець, аднак беларуская мытня затрымала транзітнага пасажыра.
У красавіку 2017 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прыгаварыў Ёшыду да чатырох гадоў і шасці месяцаў зняволення. У турме фізічны і псіхалагічны стан японскага мастака значна пагоршыўся. Пасля двух апеляцыйных зваротаў бацькоў японца да прэзідэнта Беларусі і медыйнай кампаніі ў яго падтрымку Аляксандр Лукашэнка загадаў скараціць тэрмін зняволення Ёшыды. Праз некалькі дзён судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда змяніла прысуд, матывуючы сваё рашэнне «празмернай цяжкасцю пакарання».
У 2017 годзе падобны выпадак здарыўся з французскім турыстам Віо, які перасякаў беларуска-украінскую мяжу. Свой сувенірны патрон, атрыманы ад польскага сябра, Віо прэзентаваў на “чырвоным калідоры” беларускай мытні, аднак не знайшоў паразумення са службовымі асобамі праз моўны бар’ер. У выніку Віо правёў два месяцы ў гомельскай турме, чакаючы судовага паседжання. На пачатку турысту пагражала ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі за кантрабанду агнястрэльнай зброі праз беларускую дзяржаўную мяжу, аднак дапамога французскіх дыпламатаў значна паскорыла яго вызваленне.
Згубілі перакладчыка?
Беларускія суды не раз падвяргаліся крытыцы з боку праваабарончых арганізацый за шматлікія працэсуальныя парушэнні падчас разгляду спраў апазіцыйных лідэраў. Тым не менш, выпадкі з брытанскім бізнэсмэнам Аланам Полам Смітам і калумбійскім ювелірам Гедэлане Гіральда Кальдэронам паказалі, што непразрыстая праца беларускіх следчых камітэтаў і судоў таксама тычыцца простых людзей, у тым ліку замежных грамадзян.
Справа Сміта прыцягнула значную медыйную ўвагу ў Беларусі. 11 ліпеня 2017 года раённы суд Глыбокага прыгаварыў Сміта да двух гадоў калоніі за садзейнічанне нелегальнай міграцыі шасці грамадзян Ірака. Па словах Майкла Полака, брытанскага адваката Сміта: «Мала таго, што правы Алана сур’ёзна парушаліся падчас следства і суда, цяпер ён сутыкаецца з жудаснымі ўмовамі ў турме, і стан яго здароўя можа пагоршыцца».
Па словах жонкі Сміта, падчас арышту беларускія ўлады неправільна аформілі ордэр, адмовілі ў перакладчыку, а таксама не апавясцілі амбасаду Вялікабрытаніі ў належны тэрмін. Акрамя таго, беларускія ўлады трымалі Сміта дзесяць месяцаў пад вартай да пачатку судовага разбору.
Суд Глыбокага адмовіўся выклікаць сведкаў у падтрымку Сміта і прызначыў некампетэнтных перакладчыкаў для курдскіх сведак. Сміт не прызнаў сваю віну і падаў апеляцыю ў вышэйстаячыя суды. За два гады знаходжання ў калоніі здароўе брытанца пагоршылася праз абмежаваны доступ да медыцынскай дапамогі.
Справа грамадзяніна Калумбіі Кальдэрона таксама ішла са шматлікімі працэсуальнымі парушэннямі. Па словах блогера Аляксандра Лапшына, Кальдэрон атрымаў шэсць гадоў зняволення за бойку з нанясеннем цялесных пашкоджанняў у начным клубе. Беларускія ўлады адмовілі калумбійцу ў перакладчыку падчас следства і суда. Калумбійскія дыпламаты ні разу не наведалі Кальдэрона, а ягоная справа стала вядомай толькі дзякуючы намаганням незалежных блогераў. Перспектывы Кальдэрона на ўмоўна-датэрміновае вызваленне выглядаюць слабымі праз адсутнасць дыпламатычнай падтрымкі з боку яго краіны.
Што наконт простых беларусаў?
У адрозненне ад замежных грамадзян, асабліва з заходніх краін, якія могуць разлічваць на моцную дыпламатычную падтрымку, беларусы маюць менш магчымасцей абараніць сябе ад несправядлівасцяў нацыянальнай судовай сістэмы. Некаторыя з іх таксама праводзяць галадоўкі, як палітвязні альбо маці падлеткаў, асуджаных за захоўванне лёгкіх наркотыкаў у дробных памерах. Іншыя звяртаюцца ў вышэйстаячыя суды і цярпліва чакаюць перагляду судовых рашэнняў.
Такім чынам, беларускае заканадаўства мусіць прайсці доўгі шлях да ўдасканалення. Замест суровых пакаранняў за захоўванне лёгкіх наркотыкаў у дробных памерах альбо іншыя негвалтоўныя злачынствы, заканадаўцы павінны засяродзіцца на прэвентыўных мерах. Больш за тое, беларуская грамадскасць мае ўзмацніць кантроль за працай судоў і следчых камітэтаў дзеля таго, каб спыніць закаренелыя традыцыі непразрыстасці і парушэнняў правоў чалавека.
Умовы ўтрымання зняволеных у беларускіх турмах, адныя з горшых у Еўропе, таксама мусяць палепшыцца. Толькі гуманнасць у спалучэнні з вяршэнствам права зможа загаіць гістарычныя раны Беларусі і знішчыць рэшткі гулагаўскай спадчыны.
Паводле ostro.by