Пайшоў з жыцця стваральнік сядзібы-музея Літоўка. Не выключана самагубства

Як стала вядома «Нашай Ніве», трагедыя здарылася 1 студзеня ў яго навагрудскай кватэры. Новы год Сяргей Коваль, вядомы пад мянушкай «Француз», святкаваў адзін.

Сяргей Коваль. Фота: Кацярына Гардзеева, TUT.BY

Сяргей Коваль. Фота: Кацярына Гардзеева, TUT.BY

Аператыўная група міліцыі выехала на месца здарэння пад вечар., паведамляе выданне.
Што менавіта адбылося ў дзень Новага года, пакажа следства і экспертыза. Але ў сацсетках з'явілася інфармацыя пра самагубства бізнесоўца.
Прадпрымальнік Сяргей Коваль ператварыў Літоўку пад Навагрудкам у фантасмагарычнае месца. Там былі расстаўленыя вычварныя скульптуры, а інтэр'еры будынку былі нібы перанесеныя з фільма містычных жахаў. Мінулай восенню Коваль абвясціў пра закрыццё сядзібы. Прычыны такога кроку былі да канца не ясныя.
«Я атрымліваю шматлікія скаргі ад людзей, — тлумачыў ён «Нашай Ніве». — Людзі розныя — меркаванні розныя. Я іх не асуджаю. Гэта іх погляд. Але і змагацца няма сіл. Мяне абвінавачвалі ў сатанізме, у дрэнным уплыве на моладзь, і на тое, што на возеры з-за гасцей сядзібы пастаянныя п'янкі. Калі ўжо ваяваць, то за. Я супраць не ваюю. Цяпер на вароты павесіў замок. Не ведаю, што буду рабіць далей».
Незадоўга да таго, як гэта стала вядома, быў арыштаваны Дзмітрый Бондар, сябар Коваля — эксцэнтрычны самаабвешчаны святар, які абвясціў сябе «біскупам свету». Ягоная «рэзідэнцыя» месцілася ў Літоўцы.