«Пакуль не будзе стратэгіі супрацоўніцтва з Еўропай, традыцыя арыентавацца на Расію будзе захоўвацца»
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў разважае пра тое, чаму беларусы працягваюць добра ставіцца да Расіі, нават нягледзячы на развязаную ёю вайну ва Украіне. На яго думку, тут шмат інерцыі, боязі, а таксама — адсутнасці стратэгіі супрацоўніцтва з Еўропай і еўрапейскага досведу.
— Нядаўна Рыгор Астапеня прэзентаваў вынікі 12-й хвалі апытанняў ад беларускай ініцыятывы «Chatham House». Асноўныя вынікі гэтай прэзентацыі даўно разышліся па медыя, але я б хацеў завастрыць увагу на некаторых момантах, якія пачынаюць гуляць новымі фарбамі, калі параўнаць іх з данымі іншых даследаванняў, — піша Коршунаў. — Тэма, якая набывае такую глыбіню, — гэта геапалітычны выбар беларусаў.
У сувязі з гэтым у якасці дадатку да апошняга даследавання «Chatham House» я хацеў бы прыцягнуць вынікі іх папярэдняй хвалі, тэрміны правядзення якой часткова перасякаюцца з апошнім апытаннем (11-ая хваля: 4-21 жніўня, 12-ая хваля: 15-31 жніўня).
У выніках першага жнівеньскага даследавання ёсць цэлы блок, прысвечаны розным знешнепалітычным пытанням. З яго мы даведваемся, што, хоць ваенная падтрымка Расіі і патроху «плавіцца», стаўленне да самой Расійскай Федэрацыі як да краіны як быццам бы застаецца на нейкім «плато»: за саюз з РФ як было ў сакавіку 37%, так і застаецца; як бачыўся гэты саюз толькі гандлёвым (30-34%) або эканамічным (33-34%) аб'яднаннем вясной, такім застаецца і цяпер; як ставіліся станоўча да ўсходняга суседа 71%, так і ставяцца.
Чаму так адбываецца?
Чаму месяцы вайны супраць Украіны не мяняюць адносіны да Расіі? Зразумела, што Лукашэнка сярод іншага здаў расійцам інфармацыйны суверэнітэт, але ці ўсё тлумачыцца працай «іх» прапаганды?
І вось тут глядзім на даследаванне «Беларускае ўспрыманне Усходу і Захаду». Некалькі прынцыповых тэзісаў адтуль:
— у большай часткі беларусаў сваякі пражываюць у Расіі (сярод усіх, у каго ёсць сваякі па-за Беларуссю, доля рэспандэнтаў са сваякамі ў РФ (69%) большая за сумарную долю трох краін, якія ідуць за ёй: Украіна, ЗША і Польшча — 29%, 20%, 18%);
— часцей за ўсё беларусы самі таксама наведваюць Расію (але тут яе дамінаванне ўжо не трохразовае, а двухразовае: доля тых, хто наведаў РФ, толькі крыху большая за сумарную долю тых, хто наведаў Украіну і Польшчу (46% супраць сумы 26% і 15%; па колькасці выездаў за мяжу дзяцей Расія таксама выйграе двухразова, а ў дачыненні да выездаў сваякоў двухразовая перавага знікае);
— пры ўсім пры гэтым, калі задаць беларусам пытанне пра тую краіну, дзе яны хацелі б жыць і працаваць, то Расія саступае краінам Захаду — 33% супраць 38%. Акрамя лічбаў тут цікавая і матывацыя: Захад ашчадна звязваюць з больш высокім узроўнем жыцця і жаданнем адчуваць сябе свабоднымі, Расію — з агульнымі менталітэтам (хто б яшчэ ведаў, што гэта такое) і мовай, а таксама ірацыянальнай прыхільнасцю.
З нашага пункту гледжання, гэтыя моманты паказальна характарызуюць тых, хто паміж Усходам і Захадам выбіраюць Расію.
На самай справе для іх гэта выбар без выбару. Пагружаная ў звычку свядомасць проста не здольная ўбачыць іншых варыянтаў, акрамя прышлага з мінулага і да болю «звыклага»: там жа сваякі жывуць, мы да іх у госці ездзім.
Яшчэ і дзяржмедыя адпаведную карціну свету малююць, дзе РФ — супердзяржава з самымі перадавымі, лепшымі ў свеце навукай і адукацыяй, космасам і іншымі тэхналогіямі, з самай лепшай сельскай гаспадаркай і нават з зайздросным узроўнем свабоды слова. Я цяпер без іроніі кажу, нават пра свабоду слова не жартую.
Даследаванні ў частцы аўдыторыі дзяржаўных СМІ выяўляюць менавіта такую іерархію па ўказаных галінах «народнай гаспадаркі». Толькі што па ўзроўні развіцця сельскай гаспадаркі Расія не першая, яе Беларусь (са сваімі «абасранымі каровамі») апярэджвае.
Інерцыя мыслення падмацоўваецца прапагандай, але зрушваецца, калі ў чалавека пашыраецца свой гарызонт вопыту. Добра, калі праз альтэрнатыўныя медыя (у прэзентацыі гэта наглядна паказана), але яшчэ лепш, калі праз свой уласны паўсядзённы вопыт — у адпачынку, на закупах, у камандзіроўцы і гэтак далей.
Дарэчы, адсюль зразумела, чаму ідэі «візавых банаў» з'яўляюцца стратэгічна пройгрышнымі для ўсіх.
Яшчэ адзін варыянт — праз зносіны са сваякамі, якія не па сваёй волі пакінулі Беларусь і зараз вымушана асвойваюць сумежныя краіны. Я не ўпэўнены ў тым, што абсалютна ва ўсіх выпадках словы дачкі-сына-брата-свата могуць перабіць тыя патокі, што льюцца з тэлевізара. Але і такую бытавую контрпрапаганду нельга скідаць з рахункаў.
Тым больш, што стаўленне беларусаў да Захаду нельга назваць варожым. Больш чым у паловы апытаных дамінуе станоўчае стаўленне да заходняга ладу жыцця, негатыўнае — толькі ў 23%; тыя ж 23% лічаць, што заходняя культура негатыўна ўплывае на беларускае грамадства, не згодныя з імі 56%.
Калі глядзець па ступені і характары ўплыву Захаду і Усходу на беларускае грамадства, то адназначнай перавагі няма ні ў аднога з бакоў. І розніца іх уплыву рэдка перавышае планку ў 10%, што ва ўмовах «прастрэльвання» беларускай інфармацыйнай прасторы расійскай прапагандай уяўляецца дзіўным.
Да чаго ўсё гэта: станоўчае стаўленне да Расіі, якое захоўваецца сярод часткі беларусаў, можна і трэба праблематызаваць, абмяркоўваць і рацыяналізаваць. Гэта з аднаго боку, з другога — распрацоўваць варыянты супрацоўніцтва з краінамі Захаду і фармуляваць фарматы інтэграцыі з Еўропай.
Пакуль не будзе хаця б у мінімальнай ступені яснай стратэгіі супрацоўніцтва з Еўропай, пры іншых роўных зразумелая традыцыя арыентавацца на Расію будзе захоўваць вагу.