Памёр рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук

На 62-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы памёр заснавальнік і галоўны рэдактар недзяржаўнай «Газеты Слонімскай», адзін з лідараў рэгіянальнага грамадска-палітычнага друку Беларусі Віктар Валадашчук, паведамляе baj.by.

dd86eec6_daf3_4b11_9923_9bff81853446_w650_r1_s.jpg

Віктар Валадашчук многія гады кіраваў недзяржаўным выданнем, быў паплечнікам усіх незалежных журналістаў у Беларусі.
Пра месца і час пахавання будзе паведамлена пазней.
«Газета Слонімская» — найстарэйшае незалежнае перыядычнае выданне ў Слоніме (Гродзенская вобласць). Першапачаткова «ГС» выйшла 25 снежня 1938 года. Яе выдаўцамі былі беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн і ягоная жонка Людміла. На пачатку 1939 года «ГС» спыніла існаванне з прычыны забароны яе ўладамі і арышту выдаўца Сяргея Новіка-Пеюна.
«Газета Слонімская» была адноўлена ў 1997 годзе як грамадска-палітычнае незалежнае выданне. Віктар Валадашчук быў яе заснавальнікам і галоўным рэдактарам да апошняга часу.
Рэдакцыя «Новага Часу» смуткуе ў сувязі са смерцю калегі і выказвае шчырыя спачуванні блізкім Віктара Валадашчука.