Пасля катастрофы пад Іркуцкам прыпынена выкарыстанне беларускіх Ан-12
Пасля катастрофы пад Іркуцкам прыпынена выкарыстанне беларускіх Ан-12. Пра гэта заявіў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Мінтранспарту Беларусі Арцём Сікорскі. «Прынята рашэнне да заканчэння расследавання прыпыніць камерцыйную экслуатацыю самалётаў Ан-12 беларускай авіяцыі», — паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на БЕЛТА.
![На месцы катастрофы пад Іркуцкам / irk.ru На месцы катастрофы пад Іркуцкам / irk.ru](/img/v1/images/8d057e97_8eb6_483a_a6ac_d3eb9c328933_jpg_730x1000_x_false_q85.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На месцы катастрофы пад Іркуцкам / irk.ru
Самалёт АН-12 авіякампаніі «Гродна» выконваў грузавы рэйс — ляцеў з Чукоткі. Пасля дазапраўкі ў Якуцку была запланавана пасадка ў Іркуцку. Аднак пры заходзе там на пасадку самалёт знік з радараў, ён пацярпеў катастрофу. 7 чалавек (трое беларусаў, двое украінцаў і двое расіян), якія знаходзіліся на борце, загінулі. У Мінтрансе Беларусі заявілі, што ў аэрапорце Іркуцка Ан-12 пайшоў на другі круг пры пасадцы ў складаных умовах надвор'я — ішоў ледзяны дождж.
«Кампанія "Гродна", беларуская, працавала на ўнутраных расійскіх рэйсах, удзельнічала ў транспарціроўцы грузаў», — цытуе словы губернатара Іркуцкай вобласці Ігара Кабзева irk.ru.
У 2018-м газета «Транспортный вестник» пісала пра авіякампанію «Гродна». У артыкуле згадваліся і АН-12. Паведамлялася, што калі раней карысталіся паслугамі запрошаных спецыялістаў па іх тэхнічным абслугоўванні, то пасля падрыхтавалі сваіх. «У мэтах эканоміі» авіякампанія вучылася аднаўляць і рамантаваць на сваёй вытворчай базе самалёты Ан-2.